Выбрать главу
Праз дом увесь прабег, шукаючы вачыма Пакой, дзе жыў перад дзесяткам год хлапчынам Убег, ды адступіўся — веры даць не хоча Сваім вачам: яго пакой — пакой жаночы! Цікава, чый? Здаўна быў дзядзька адзінокім, А цётка ў Пецярбургу дзесь жыла далёкім, І не жыла ж тут ахмістрыня! На раялі Паперы, ноты, кнігі абы як ляжалі. Усё раскідана нядбайна, але міла, Тут, пэўне, не старая ручка лад чыніла! Вось і сукенка белая з калочка знята, Чакае некага, на крэсла згіб напята, А з вокнаў шлюць прыемны водар па пакоі Вазонікі герані, астраў і леўкоі. Прыезджы ля акна спыніўся — што за дзіва? На месцы ўзмежка саду з крапівой куслівай Цяпер гародчык быў маленькі і стракаты, Травы ангельскай повен і пахучай мяты. Драўляны нізкі плоцік бег цераз палетак, Пакрыты стужкамі іскрыстых ясных кветак. Відаць, былі нядаўна градкі паліваны, Стаяў яшчэ кубелец тут з вадой драўляны; Але гароднічкі няма — кудысь прапала, Відаць, вось-вось пайшла: яшчэ не перастала Хістацца брамка, вунь і след віднее ножкі — Відаць, была без чаравічка і панчошкі. На белі дробнага пяску, сказаў бы снегу, — Выразны лёгкі след; пакінуты з разбегу, Ён тут ад нейкіх ножак дробненькіх застаўся Таго, хто бегучы, зямлі ледзь дакранаўся.
Спыніўся ля акна, задумаўся прыезджы І доўга удыхаў тых кветак водар свежы. Нагнуўся нізка над фіялкі кволым кустам, Па сцежках бег цікавым вокам, але пуста Было там. На слядах тады ізноў спыняўся I адгадаць, чые яны былі, стараўся. Падняў раптоўна вочы, бачыць — на паркане Стаіць дзяўчына ў белым ранішнім убранні, Якое стан яе ледзь да грудзей хавае, А шыю лебедзя і рукі адсланяе. Ліцвінка ходзіць гэтак толькі зрання ўдому І ў тым мужчыне не пакажацца чужому, Дык хоць адна была, а рукі скрыжавала, Каб тое засланіць, што сукня не хавала. А валасы, не ў буклях, але вузялкамі Пазвязваныя густа з белымі стручкамі, Галоўку дзіўна упрыгожвалі — на сонцы Свяцілі, як карона на святой іконцы. Аблічча не было відаць. А той хвіліне Яна глядзела ў поле. Убачыўшы ў даліне Кагось, са смехам жвава пляснула ў далоні, Зляцела з плоту белай птушкай і ў разгоне Шугнула цераз кветкі, плоцікі, дарожкі І ўздоўж прыстаўленай да падаконня дошкі, Пакуль ён схамянуўся, ціхай яснай зданню ў акно ўляцела, быццам месячнае ззянне; ўзяла сукенку, бегла да люстэрка смела, Ды госця ўбачыла. З рук сукня паляцела, Сама ж яна ад страху раптам пабялела. Твар хлопца загарэўся чырванню жывою, Як хмарка, калі раннем стрэнецца з зарою. Прыжмурыў вочы падарожны, засланіўся, Хацеў перапрашаць, тлумачыць, пакланіўся, Ступіў назад; дзяўчына ўскрыкнула нязвонка, Як быццам бы дзіця, жахнуўшыся спрасонку. Спалохаўся паніч, зірнуў: няма дзяўчыны. Збянтэжаны пайшоў і нейкія хвіліны Зусім не ведаў, ці яму цяпер смяяцца З таго спаткання, цешыцца ці мо стыдацца.
А ў гэты час фальварка ўвагі не мінула, Што брычка з новым госцем к ганку завярнула І ўжо, старым звычаем, коней распрагаюць, Даюць ім сена і аброку засыпаюць, Бо не хацеў Суддзя, паводле новай моды, Скіроўваць у карчму сваіх гасцей падводы. Хоць слугі не сустрэлі госця ў той жа хвілі, Не думай, што ў Суддзі ўсе абы-як служылі[3] — Яны загаду пана Войскага чакалі[4], Які за домам быў, дзе страву гатавалі. Намеснік ён гаспадара, ў адсутнасць пана Яму прымаць гасцей спрадвеку права дана. (Сваяк далёкі пана, верны сябра дома), Гасця заўважыў ён у той жа час, вядома, Але не мог яму ў кужэльным паказацца, Дык хуценька тайком пайшоў перапранацца У вопратку, нарыхтаваную ўжо зрання На час вячэры між чужых паноў і паняў.
Пазнаў здалёк пан Войскі, стаў, раскрыжаваўся І з крыкам і цалункамі з гасцём вітаўся. Гаворка пачалася хуткая — такая, Якая многіх год падзеі закранае І вяжа ў рад кароткіх зблытаньк пытанняў, Уздыхаў, выкрыкаў і новых прывітанняў. Калі ўжо Войскі ўволю распытаў, «навохаў», Пачаў навіны дому выяўляць патроху.
«Ну добра, мой Тадэвуш (гэтак называлі Гасця, яму імя касцюшкаўскае далі На памятку, што ў час ваенны нарадзіўся), Ну добра, мой Тадэвуш, што да нас з’явіўся, Калі гасцюе ў нас паненак так багата, Бо дзядзька ўжо збіраецца цябе засватаць. А выбраць ёсць з чаго: у нас тут з’езд, спатканне Запрошаных сюды на суд размежавання: Старая спрэчка з Графам вырашацца будзе, А заўтра, кажуць, і пан Граф сюды прыбудзе. Пан Падкаморы з жонкай, з дочкамі прыехаў[5]. Вось моладзь пастраляць у лес пайшла на ўцеху, А дамы і старыя ля жняцоў, няйначай, Пад лесам, мо чакаюць юнакоў з удачай. Калі ахвота, пройдземся, сустрэнем скора І дзядзьку, і шаноўных дам, і падкаморых».
вернуться

3

Расійскі ўрад ніколі ў заваёваных краінах не руйнуе адразу законаў і грамадскіх устаноў, але памалу падкопвае іх указамі. У Маларусі, напрыклад, утрымаўся аж да апошніх часаў Літоўскі Статут, адменены ўказамі. Літве пакінута ўся даўнейшая структура судоў грамадскіх і крымінальных. Па-даўнейшаму выбіраюцца суддзі земскія і гарадскія ў паветах, галоўныя ў губернях. Але дзеля таго, што апеляцыя ідзе ў Пецярбург у шматлікія інстанцыі розных ступеняў, дык пры мясцовых судах застаўся толькі цень даўнейшай традыцыйнай павагі.

вернуться

4

Войскі (Tribunus) быў некалі на службе апекуном жанок і дзяцей ў часе агульнай мабілізацыі. Ад даўніх часоў чын гэты, без абавязкаў, стаўся тытулярным. У Літве ёсць звычай, што паважаным асобам даецца праз ветлівасць нейкі стары тытул, які праз ужыванне становіцца правамоцным. Называюць, напрыклад, суседзі свайго сябра Абозным, Стольнікам ці Падчашым, перш толькі ў гутарцы і ў карэспандэнцыі, а пасля нават і ва ўрадавых актах. Рускі ўрад не прызнаваў гэтых тытулаў, стараўся іх асмяяць, уводзячы замест іх тытулаванне паводле рангаў сваёй іерархіі, да якой Ліцвіны дагэтуль маюць вялікую гідлівасць.

вернуться

5

Падкаморы, калісьці службовец выдатны і паважаны, Princeps Nobilitatis стаўся пры панаванні царызму толькі тытулярным. Часам яшчэ судзіў справы аб межах, але ўрэшце і гэту частку юрысдыкцыі страціў. Цяпер бывае замяшчае маршалка і прызначае каморнікаў або павятовых землямераў.