Лясы! Апошні прыязджаў да вас на ловы
Кароль, што Вітаўтаў насіў каўпак сталёвы[25],
Кароль апошні з Ягелонаў ваяўнічы,
Манарх апошні, што быў добрым паляўнічым
Маёй радзімы дрэвы! Неба мо адкрые
Яшчэ мне к вам дарогу. О, сябры старыя,
Ці вас тады застану? Помню, як раслі вы,
А я вакол вас поўзаў у свой час шчаслівы.
Ці той Баўбліс расце, старэча дуплаваты[26],
Ў якога жарале, не меншым добрай хаты,
Дванаццаць чалавек за стол сядала ўкола?
Ці ёсць Міндоўгаў гай ля фарнага касцёла?[27]
А там на Украіне на ўзбярэжжы Росі
Ля дома Галавінскіх, ці яшчэ ўсё ўзносіць
Старая ліпа крону, пад якой, бывала,
Сто юнакоў і сто паненак танцавала?
Вы нашы помнікі! О як жа вас без меры
Зжыраюць царскіх слуг і гандляроў сякеры!
Не пакідаюць месца птушкам лёгкакрылым,
Ні песнярам, якім ваш цень таксама мілы.
Бо ліпа ж Чарналеская натхніла Яна
На столькі слаўных рыфмаў! Шмат падыктавана
І песняру-казаку дубам-многабаем[28].
А колькі ж вінен я лясам і нашым гаям!
Стралок слабы, я ад сяброўскіх жартаў злосных
Хаваўся ў вашым цені, векавыя сосны.
І колькі ж дум упаляваў, калі ў глухмені
Адзін на купіне сядзеў у задуменні.
Між пнямі мох сівы, бывала, серабрыцца,
Заліты сінявой растоптанай чарніцы,
А воддаль чырванеюць верасоў узгоркі,
Прыбраныя ў брусніц каралавыя зоркі.
Наўкола цемра, а ўгары на ўсім абшары —
Галіны, як зялёныя густыя хмары.
Віхор гуляў дзесь там над склепам нерухомым
З выццём і шумам, з лёскатам і громам:
Гул дзіўны, ап’яняючы! І мне здалося,
Што мора нада мной шумела шматгалоссем.
А нізам, як руіны гарадоў: пень дуба
Тырчыць з зямлі, як частка велічнага зруба,
На ім апёртыя, як сцен, калон руіны,
Гнілыя пні, калоды, з суччам верхавіны,
Абвітыя травой, імхом. У тыя гушчы
Заглянуць страшна — там жывуць магнаты пушчы:
Ваўкі, дзікі, мядзведзі. Ля ўваходу — косці
Неасцярожных, што зайшлі сюды у госці.
Шугнуць часамі з зелені лясной аблогі
Уверх, нібы фантаны два, аленя рогі,
Ці іншы звер мігне істужкай жаўтаватай
Між дрэў і гасне, як прамень між зелені кашлатай.
І зноў на нізе ціха. Дзяцел на яліне
Пастукае і далей адлятае, гіне,
Схаваўся, але дзюбай дзесьці ў дрэва тыча
I, як дзіця, знайсці сябе ў схаванцы кліча.
Арэх грызе вавёрка, скокнуўшы на хвою,
I, кутасок павесіўшы над галавою,
Нібы пяро над стройнай шапкай кірасіра,
Усё галоўкай круціць ды працуе шчыра.
А госця ўбачыўшы, лясная танцаўшчыца
Мігае з дрэў на дрэвы, быццам бліскавіца,
Пасля ў дупле якімсьці нечакана гіне,
Нібы дрыяда, грэчаскіх лясоў багіня.
Зноў цішыня.
Шасціць галінкай, пэўне, вецер.
Ды не. З-паміж разгорнутага вецця
Яснее тварам, прыгажэйшым чым рабіна,
Збіральніца лясное ягады, дзяўчына,
З кашолкі лыкавай частуе назбіранай
Брусніцай, быццам вусны у самой, румянай.
З ёй побач хлопец крочыць, гне ляшчыннік стромкі,
І ловіць дзеўчына арэхавыя гронкі.
Аж раптам брэх сабак чуваць і рога гранне,
Дык, адгадаўшы, што надходзіць паляванне,
Паміж гушчараў лісця, поўныя трывогі,
З вачэй знікаюць раптам, як лясныя Богі.
А ў Сапліцове ўзняўся рух ужо ад рання.
Але ні зычны голас труб, ні коней ржанне,
Ні брэх сабачы, ані зборы ўсе ў дарогу
Тадэвуша з пасцелі вьвдягнуць не могуць.
Ён спаў апрануты, нібы байбак, і ў дому
Шукаць яго на думку не ўзбрыло нікому,
Бо кожны быў заняты, меў сваё заданне.
І сонны сябра быў забыты ў гэта ранне.
Ён хроп, а сонца праз дзіру, што ў аканіцы
Кшталт сэрца мела, зазірнула ў глыб цямніцы,
І слупам вогненным твар хлопца асвяціўся.
Ён падрамаць яшчэ хацеў, дык пакруціўся,
Хаваючыся ў цень. Ды раптам стук раздаўся,
І сон прапаў. Вясёлым сёння прачынаўся
І чуўся рэзвым, лёгкім, быццам птушка ў полі,
Пасмёхваўся, шчаслівым чуўся, як ніколі.
Нагадваў дзень мінулы, што прайшоў так міла,
Уздыхаў і чырванеў, і сэрца моцна біла.
Зірнуў на свет, вось дзіва! ў косах залацістых
У сэрцы тым блішчала пара воч празрыстых,
Расчыненых шырока. Гэтак вось бывае,
Калі хто з яснасці дня ў цемру заглядае.
І ручку ўбачыў дробную, як веер збоку,
Настаўленую к сонцу для аховы зроку.
А пальцы дробныя, што зменшыць бляск хацелі
Наскрозь, ж бы рубінавыя, зіхацелі.
І вусны ўбачыў, што цікавасць расхінала,
I зубкі, што цвілі, як перлы між каралаў,
І тварык, хоць ад сонца даланёй прыкрьггы
Ружовай, свежых ружаў фарбай быў заліты.
вернуться
25
Жыгімонт Аўгуст быў уведзены на сталіцу Вялікага Княства Літоўскага старым звычаем — падперазаў меч і каранаваўся каўпаком. Вельмі любіў паляванне.
вернуться
26
У Росенскім павеце ў маёнтку Пашкевіча, земскага пісара, рос дуб, вядомы пад імем Баўбліса, які ў часы паганства ўшаноўваўся, як святыня. У жарале гэтага выгнілага волата Пашкевіч абсталяваў кабінет літоўскай старыны.
вернуться
27
Недалёка ад фарнага наваградскага касцёла раслі старыя ліпы якіх шмат высеклі каля 1812 г.