Карчма раздзелена накшталт габрэйскай школы
Адна палова — збор каморачак парожніх
Для паняў і паноў і іншых падарожных,
Другую скрозь займае зала. Ў гэтай зале
Уздоўж ля сцен сталы шматногія стаялі,
Пры іх, ніжэйшыя, — радамі табурэты,
Як дзеці ля бацькоў.
Вось тутака ў дзень гэты
Сядзела шмат сялян, сялянак, шляхты дробнай
Усе падрад, а аканом сядзеў асобна.
Пасля імшы ў капліцы, бо была нядзеля,
Зайшлі да Янкеля глынуць хмяльнога зелля.
Ля кожнага шумела ўжо з сівухай чарка,
А навакола з бутлем бегала шынкарка.
Сам Янкель-арандар у доўгім аж па пяты
Халаце, што быў спераду на гафткі ўзяты,
Адной рукой пагладжваў бараду сівую,
А за шаўковы пояс залажыў другую.
Паглядваючы вокал, аддаваў загады,
Вітаў гасцей, мірыў, калі ўзнікалі звады,
Спьшяўся часам слова мовіць аднаму-другому,
Сачыў за ўсімі, але не служыў нікому.
Стары габрэй быў навакол здаўна ў пашане
За чэснасць, бо хоць жыў даўно тут, ні сяляне,
Ні шляхта на яго не мелі крыўд ніколі,
Бо і за што? Напіткаў добрых меў даволі,
Цану загадваў правільна, без ашуканства,
Падвыпіць дазваляў, хоць і не зносіў п’янства.
Ахвотнік быў да гульняў: у яго вяселлі
І хрэсьбіны спраўлялі. Кожнае нядзелі
К сабе ў карчму з суседняга сяла ён клікаў
З дудою і басэтляй ведамых музыкаў.
І сам знаў музыку, граў з талентам, бывала,
На слаўным іхнім інструменце, на цымбалах.
З двара ў двор ходзячы, здзіўляў мастацкім граннем
І песняў чыстым і прыгожым выкананнем.
Хоць і габрэй, валодаў добра польскай мовай,
Любіў парадаваць народнай песняй новай,
Прывозіў з занямонскай кожнае выправы
Прыпеўкі з Галіча[29], мазуркі з-пад Варшавы.
І чутка ёсць, ці цалкам пэўная, не знаю,
Што першы ён прывёз да нас з чужога краю
І першы распаўсюдзіў у ва ўсім павеце
Праслаўленую сёння песню ў цэлым свеце,
Якую першы раз дзесь на зямлі Аўзонаў
Зайгралі гучна трубы польскіх легіёнаў.
Музычны талент у Літве здаўна ў пашане,
Прыносіць славу ён, багацце і каханне.
Дык Янкель жыў заможна, але ў веку сталым
Павесіў на сцяне шматструнныя цымбалы,
Асеў з сям’ёю у карчме, заняўся шынкам,
Апроч таго быў у мястэчку падрабінкам.
Усюды і заўжды ён госцем быў жаданым:
Парадзіць мог у вьшадку якім складаным
І на віцінным гандлі збожжам добра знаўся[30],
І славай добрага паляка карыстаўся.
Старыя спрэчкі паміж карчмамі ўладзіў.
Абедзве арандуючы, трымаў ва ўладзе
Задзір і змусіў з воляю сваёй лічыцца
Усіх староннікаў Гарэшкі і Сапліцы.
Дык шанаваў старога карчмара і грозны
Гарэшкаўскі ключар і неспакойны Возны.
Пры ім спынялі, за даўнейшыя абразы,
Гервазы грозную руку, язык Пратазы.
Гервазага няма, падаўся на аблаву,
Бо ведаў, што на небяспечную забаву
Паехаў Граф, дык каб не стрэўся з небяспекай,
Рашыў яму служыць і радай, і апекай.
На пастаянньш месцы Ключніка ў святліцы,
На покуці сягоння бернардын садзіцца[31] —
На гэта месца Янкель Робака падводзіць,
Відаць, яго шануе, бо, як можа, годзіць:
Як толькі заўважаў яго пустую чарку,
Адразу да манаха падклікаў шынкарку,
А тая падлівала ліпавага мёду.
Чуваць, калісьці мелі не адну нагоду
Сустрэцца дзесьці за кардонам. Ксёндз заходзіў
Не раз і ўночы у карчму і час праводзіў
На тайных гутарках. Сёй-той плёў пад сакрэтам
Пра кантрабанду, ды паклёп, відаць, быў гэта.
Ксёндз Робак гаварыў, а шляхта прыўставала,
З увагай слухала яго і акружала,
І сунула насы к манаскай табакерцы
Ды нюхала чаргой і чхала ўжо ад сэрца.
«Reverendissime, — сказаў ксяндзу Скалуба, —
Вось гэта дык табака! Дастае да чуба!
З тых дзён, як нос нашу (тут доўгі нос пагладзіў),
Такой не нюхаў я (і чхаць ізноў заладзіў),
Мо бернардынская і, пэўне, з Коўна родам,
Бо горад той табакай славіцца і мёдам.
Я быў там год ужо…» Ксёндз мовіў: «На здароўе
Усім вам, паважаныя мае панове!
Што ж тычыцца табакі, дык змыліўся груба
Наш вельмі паважаны дабрадзей Скалуба.
Яна аж з Яснае гары, яе паўліны
У Чанстахове труць з табачнае расліны,
У месцы цудамі праслаўленай іконы
Прачыстай, каралевы польскае кароны;
Народ яе ў нас і літоўскай называе.
Яна Карону і цяпер абараняе,
Літву ж дык вельмі схізма ўжо апанавала!»
«Аж з Чанстаховы? — мовіў Вільбік, — год не мала
Таму я ў споведзі там быў. Даходзяць весці,
Што быццам бы француз, гасцюючы ў тым месце,
Касцёл задумаў разваліць і скарб заграбіць,
Ды лжэ „Кур ’ер Літоўскі“, як заўсёды, мабыць?»
«Няпраўда, — мовіў Робак, — пан наш найяснейшы
Напаляон — католік сёння найшчырэйшы,
Яго ж памазаў папа; паміж імі згода,
Дык лечаць норавы французскага народа,
Што трохі папсаваўся. Праўда, з Чанстаховы
Аддалі многа серабра на скарб вайсковы
Для бацькаўшчыны Польшчы. Гэтак, з волі Божай,
Заўжды яго алтар радзіме дапаможа.
У Княжастве Варшаўскім вось, з народу волі,
Сто тысяч войска ёсць, а хутка будзе болей,
А хто аплаціць войска? Можа, вы, літвіны?
Вы ж плаціце Маскве са шкодай для краіны».
«Чорт даў бы, — крыкнуў Вільбік, — гвалтам забіраюць!»
«Ой, дабрадзею, — селянін азваўся з краю
З паклонамі ксяндзу і, пачасаўшы ў чубе, —
Яно, сказаць, і шляхту ўсю вядуць к загубе,
А з нас дзяруць, як лыка». «Хам! — тут голас зычны
Падаў Скалуба, — што табе? Ты ўжо прывычны,
Што як вугра цябе дзяруць, а гербаваным,
Вяльможным, у свабодах залатых хаваным,
Як нам? Даўней, браты, хто у шляхоцкім родзе…
(„А як жа, — крыкнулі ўсе, — роўны ваяводзе!“)
А сёння нам правоў шляхоцкіх адмаўляюць:
Вось дакажы паперай, хто ты, — заяўляюць!»
«Вашэці меней крыўдна, — тут сказаў Юрага, —
Вашэці род мужыцкі, прадзед твой стаў шлягай,
Але вось я! З князёў! Мяне маскаль пытае,
Калі я вольным стаў? Бог толькі гэта знае!
Няхай ён пойдзе ў лес, спытаецца ў дубіны
Правоў расці над іншыя ўсе дзеравіны».
«Гэй, князь! — азваўся Жагель, — бай каму другому,
Тут знойдзеш мітры ледзь не ў кожным дому».
«У гербе крыж, — сказаў Падгайскі,— значыць, скрьгга
Алюзія, што род ідзе ад неафіта».
«Фальш! — крыкнуў Бірбаш, — я з графоў татарскіх, знаю,
А крыж у гербе „Карабель“ таксама маю».
«Парай, — Міцкевіч крыкнуў,— гэта герб князёўскі,
Пра гэта многа піша ведамы Стрыйкоўскі!»
вернуться
30
Віціны — гэта вялікія судны на Нёмане, якімі ліцвіны карыстаюцца для гандлю з прусамі, сплаўляючы збожжа і атрымоўваючы ўзамен каланіяльныя тавары.
вернуться
31
Пачэснае месца, дзе даўней стаўлялі хатніх багоў, дзе дагэтуль рускія вешаюць абразы. На покуці літоўскі селянін садзіць госця, якога хоча ўшанаваць.