Выбрать главу
Тут спрэчкі пачаліся, доказы, праверкі. Ксёндз бернардын звярнуўся зноў да табакеркі, Прамоўцаў частаваў, і ў хаце заціхала, Бо шляхта з ветлівасці нюхала і чхала. Ксёндз з перапынку скарыстаў і мовіў далей: «Ад гэтае табакі многія ўжо чхалі! Паверце, гэта табакерка генерала Дамброўскага разы чатыры частавала!» «Дамброўскага?» — спыталі. «Я не памыліўся, Я быў пры ім, як ён пад Гданьскам біўся. Ён сеў пісаць і вось, каб сон яго не змарваў, Нюхнуў і, чхнуўшы, па плячы мяне ударыў: „Так, ксенжа Робак, — кажа, — ксенжа бернардыне, За год які мо ў вашай стрэнемся краіне. Скажы, няхай сустрэнуць там мяне з табакай, Да з Чанстахоўскай, я не нюхаю ўсялякай“». Прамова гэта узбудзіла хваляванне І радасць так, што ў зале зразу ўсе дазвання Замоўклі, потым той-другі прамовіў слова
І паўтараў: «Табака з Польшчы? Чанстахова? З Італіі? Дамброўскі?»… Потым раптам разам Як быццам словы з думкі аднае наказам Злучыліся ў адзін, хоць і не стройны голас: «Дамброўскага» ўсе заспявалі навакола. Хапіліся ў абдьшкі ў радасці бяскрайняй Мужьгк і граф, крыж з мітрай, карабель з параем. Забыліся пра ўсё і на’т пра бернардына, Крычалі весела: «Гарэлкі! Мёду! Вінаў!»
Ксёндз Робак тую песню слухаў, усміхаўся, Ды каб спыніць яе, за табакерку ўзяўся І гэтак чхнуў, што ўраз мелодыю ім зблытаў, I, пакуль ладзілі яе, працягваў спрытна: «Табаку хваліце, паны і дабрадзеі, Ды гляньце ў табакерку — што там за падзеі». Тут хусткай донца ад табакі выцер чыста І армію вакол паказваў, што ўрачыста, Як дробных мушак рой, стаяла. У гэту гушчу Умяшаўся коннік-камандзір, падобны хрушчу. Каня ўзнімаў, як быццам рваўся да нябёсаў, Рука на повадзе, другая каля носа. «Зірніце, — мовіў Робак, — на таго вунь мужа, Хто ён, згадайце!» Ўсім было цікава дужа. «Вялікі чалавек і цар, хоць без адзнакі, Але не рускі — ў іх не нюхаюць табакі». «Вялікі,— мовіў Цыдзік, — а чаму ў капоце? Вялікія, звычайна, ўсе у пазалоце, Бо ўзяць у маскалёў, ледзь генерал, маспане, То ўвесь у золаце, як рыба у шафране». «Я, — мовіў Рымша, — бачыць колісь меў нагоду Касцюшку, камандзіра нашага народа. Ён чын меў важны, а хадзіў вось у сукмане Ці ў той чамарцы». «Ды ў якой чамарцы, пане? — Пярэчыў Вільбік. — Гэту ж звалі тарататкай». «Дык тая ж фрэндзлі мела, а тут крой быў гладкі!» — Міцкевіч крыкнуў. І ўзняліся зараз свары За формы крою тарататкі і чамары.