Выбрать главу
Пан Рэент галаву павесіў невясёла, Асэсар сумным вокам кідаў навакола, А потым пачалі тэорыі разводзіць, Што ў гэткай справе гончым ход свабодны шкодзіць, Што заяц раптам скочыў і не быў цкаваны І што, каб хіба быў сабака падкаваны, Тады дагнаў бы мо па гэткай камяніцы. Разумна ўмелі на дэталях запыніцца. Каб слухачы хацелі, многа б скарысталі, Але не слухалі. Адны пасвістваць сталі, Пасмейвацца другія, іншыя ў той хвілі, Мядзведзя ўспомніўшы, аб ім загаварылі.
А Войскі толькі раз за зайцам вокам кінуў I, ўбачыўшы, што той між дрэў у лесе згінуў, Вось так свой сказ канчаў: «Дык жа на чым мы сталі? Ага! на тым, што слова мне абодва далі Страляцца праз мядзведзя скуру. Шляхта гнеўна Крычыць: „Дык гэта ж дула ў дула! Смерць! Напэўна!“ Я ў смех, бо чуў ад Мара, мудраца старога, Што скурай звера можна змерыць вельмі многа. Вядома вам, панове, што Дыдо-царыца, Прыбыўшы ў Лівію, рашьша там спыніцца І гэтакі зямлі палетак старгавала, Які б накрыць адной валовай скуры стала[36]. На тым кавалку поля вырасла Карфага! Вось гэта абмяркоўваў я ўначы з увагай.
Ледзь стала днець, Давэйка едзе ў тарадэйцы На зборны пляц, насустрач коннаму Дамэйцы. Глядзяць, ажно праз рэчку мост ляжыць касматы З мядзведжай скуры, зрэзанай на паскі-латы. Паставіў я Давэйку на хвасце мядзведзя, Дамэйцы ж месца выпала за рэчкай недзе. „Цяпер страляйцеся, — кажу, — хоць і да смерці, Але без згоды з месц вас не пушчу, паверце“. Яны — у злосць, а шляхта поўзае ад смеху. Тут я з ксяндзом давай адводзіць іх ад грэху Евангеллем, законам. Просім грамадою. І так прыйшлося ім адмовіцца ад бою.
Выпадак гэты да іх дружбы прычыніўся. З Дамэйкавай сястрой Давэйка ажаніўся, Тады Дамэйка шваграву сястру засватаў. Маёмасць роўна падзялілі, як брат з братам, А месца, што праславілася справай гэткай, Карчму паставіўшы, зваць пачалі Мядзведкай».

Кніга пятая. Звада

Змест: Паляўнічыя планы Талімэны. Гароднічка рыхтуецца ў вялікі свет і выслухоўвае навукі апякункі. Стральцы вяртаюцца. Вялікае здзіўленне Тадэвуша. Паўторнае спатканне ў Святыні дум і згода, наладжаная дзякуючы мурашак… За сталом пачынаецца гутарка пра паляванне. Перапыненая аповесць Войскага пра Рэйтана і князя Дынасаў. Спробы перамоў паміж бакамі, таксама перапыненыя. Постаць з ключом. Звада. Граф з Гервазым праводзяць ваенную нараду.
Вяртаецца пан Войскі з перамогай з бору, А Талімэна дома, вочы ўзняўшы ўгору, Распачынае ўловы. Праўда, нерухома Сядзіць, на грудзі склаўшы рукі, ды без стомы У думках гоніць двух звяроў і разважае, Як іх злавіць абодвух. Думкай абкружае Тадэвуша і Графа. Граф, хоць і прыгожы, І з роду знатнага, кахае ўжо, быць можа, Ды гэткага пачуцці могуць адмяніцца, Прытым, хто знае, ці захоча ажаніцца З жанчынаю старэйшай! І не так багатай! А свет што скажа? Сваякі? Лепш іх не кратай!
І з думкамі такімі Талімэна ўстала, На пальчыкі ўзнялася, быццам падрастала Адкрыла трохі грудзі, выгнулася бокам І доўга на сябе глядзела пільным вокам: Што скажа ёй люстэрка, ведаць захацела, Пасля ўздыхнула, вочы апусціла, села.
Граф — пан! А панскі густ, звычайна, не трывалы, Ды Граф бландзін! Бландзін бывае рэдка сталым. Ну а Тадэвуш? Прасцячок! Хлапчына мілы! Амаль дзіця! Але з усёй кахае сілы! Адно глядзець, дык першай не парве завязкі, Ды ўжо для Талімэны мае абавязкі. Мужчына малады, хоць трохі ў думках зменны, Бывае цвёрды ў пачуцці, бо ён сумленны. І доўга сэрца хлопца носіць успаміны Пра шчасця час і ўдзячнасць за яго хвіліны. І хлопец радасна прымае асалоду, Нібы вясёлую сяброўскую прыгоду. І толькі п’яніца, віном спаліўшы кішкі, Гідліва потым пазірае на кілішкі. Пра гэта Талімэна вельмі добра знала, Бо розум мела ды і вопыту не мала. Аднак, што скажуць людзі? Можна б перабрацца Ў другое месца і ад злых вачэй схавацца, Або зусім у іншы край перасяліцца. Найлепш для гэтага падходзіла б сталіца —
вернуться

36

Каралева Дыдона загадала парэзаць на палоскі валовую скуру і гэткім чынам ахапіла вялікую плошчу, на якой пабудавала места Карфаген. Войскі вычытаў апісанне гэтага здарэння не ў «Энеідзе», а, пэўне, у каментарыях схаластаў. Некаторыя месцы ў чацвёртай песні належаць пяру Стафана Вітвіцкага.