Выбрать главу
Адзін усё сваёй хваліўся Сангушкоўкай, Другі — балабаноўскаю Сагалясоўкай. Тут мовіў Падкаморы: «Пан Сувдзя, суседзе! Па праву ў пераможцы вамі ксёндз узведзен, Ды цяжка меркаваць, хто быў другім між вамі, Чыёй заслугі больш. Вы ж ведаеце самі, Што роўныя вы ўменнем, спрьггам і адвагай. Але, абмеркаваўшы справу ўсю з увагай, Сцвярджаю: Граф з Тадэвушам — два чалавекі, Што сёння найбліжэй былі ад небяспекі, Дык скура ім належыць. Але мне здаецца, Што ад яе Тадэвуш зараз адрачэцца, Як маладзейшы, а пан Граф трафей той прыме, Дык хай ён упрыгожыць дом яго і імя. І гэта памятка сягонняшняй аблавы, Як сімвал, хай вядзе вас, Граф, да новай славы». І з думкай, што уцешыў Графа, сеў у крэсла. Не ведаў, што прамова Графу боль прынесла, Бо той, на першае трафея ўспамінанне Падняў міжвольна зрок на лбы аленяў, ланяў, На рогі, што тырчэлі, быццам лес лаўровы, Хаваныя ў вянкі нашчадкам на галовы, На рад партрэтаў, што ўпрыгожвалі філяры, На герб Паўкозіц на скляпення ўсім абшары, І часы даўнія над ім загаварылі. Прачнуўся, ўспомніў, дзе гасціў у гэтай хвілі. Сваяк Гарэшкаў у свой дом гасцём прыняты, Сапліцаю балюе, з ворагам заўзятым! А рэўнасць горкая, якой не мог пазбыцца, Тым больш распальвала яго супроць Сапліцаў. Дык мовіў горка: «Дзе ў маім змясціцца доме Падарку вашаму багатаму такому! Пакінем лепш мядзведзя тут пакрасавацца,
Пакуль яго Суддзя мне не адцасць з палацам». Уцяміўшы, куды хінецца Графа мова, Пан Падкаморы табакеркай просіць слова. «Пахвалы варты вы, — прамовіў,— Граф, суседзе, Што ў думках справы маеце на’т пры абедзе, Не так, як большасць панічоў такого ўзросту, Што рахаваць не любіць. Я скажу па-просту, Што суд ураз закончыць згодай мы маглі бы, Бо справа тут датычыць дворнае сялібы. Я маю і праект, як можна замяніцца Зямлёй»… І стаў казаць, задумаўшы спыніцца Над тым, якія мае ён замены планы. Ужо ў паўмовы быў, ды рух неспадзяваны Падняўся пры канцы стала: адны штось заўважалі, Паказвалі другім. І ўсе звярнулі ў залі Галовы ў кут, як каласы, што іх кранула Уздыхам ветру і у іншы бок нагнула. З кута, дзе быў партрэт старога пана, Апошняга Гарэшкі, з форткі, што схавана Была дасціпна за масіўныя філяры, З’явілася пастаць, падобная да мары: Гервазы. Па абліччы, росце распазналі І па той куртцы, што Паўкозіцы ўкрывалі. Ступаў ён, быццам слуп, прамы, нямы, суровы, Не зняўшы шапкі, не шануючы прамовы. Трымаў ён ключ вялікі, як кінжал блішчасты, І стаў у шафе штось пакручваць, нечым шастаць. У двух кутах каля філяраў у той залі У шафах двух старых гадзіннікі стаялі, Два дзівакі, што з сонцам не былі ўжо ў згодзе: Паўдня паказвалі тады, як дзень сыходзіў. Гервазы папраўляць не думаў тых машынаў, Але і без дагляду ўсё ж іх не пакінуў І катаваў ключом штовечар вельмі дбала, А зараз вось пара накручвання настала. У час, як Падкаморы кіраваў увагу На важнасць справы, Ключнік пацягнў за вагу — Заскрыгатаў у шафе механізм іржавы. Спыніўся Падкаморы ад такое справы. «Браток, — сказаў,— спыніся з працай пільнай гэтай». І прадаўжаў далей. А той са злоснай мэтай Яшчэ мацней загрукатаў другою гірай. Тут гіль, што зверху быў, кіўнуўся над задзірай I, крыллямі б’ючы, куранты граць сабраўся. Ён спрытна змайстраваны, толькі сапсаваўся, Дык заікаўся і пішчаў штораз то горай. Тут госці ў смех, зноў мусіў змоўкнуць Падкаморы. «Гэй, Ключнік, — крыкнуў,— або лепш, пугач-начніца, Калі шануеш дзюбу, раджу прыпыніцца!» Гервазы, не ўстрашаны гразьбой такою, Апёрся на гадзіннік праваю рукою, А леваю узяўся ў бок і ў той паставе: «Падкамарэньку, — мовіў,— жартаваць вы ўправе, Хоць меншы верабей за пугача, ды дома Ён многа адважнейшы — гэта вам вядома. А Ключнік не пугач, вось хто ў чужую хату Ўлез ноччу, той пугач, і я яму дам плату». «Вон! Вон яго!» — ўзарваўся Падкаморы.
«Пане, Пан Граф, — азваўся Ключнік, — хай пан толькі гляне: Ужо і так ваш гонар пляміцца даволі, Што вы з Сапліцамі п’яце ў адным застоллі. І трэба ж, каб мяне, замковага служаку, Гарэшкаў ключніка лічылі за сабаку