Выбрать главу
Ксёндз, упёршыся ў Суддзю вачыма, Аж рукі заламаў. Паціснуўшы плячыма, Сказаў: «Калі Напаляон нясе свабоду І свет дрыжыць, ты можаш думаць пра нязгоду? Такіх падзеяў незвычайных ход пазнаўшы, Няўжо чакаць спакойна будзеш рукі склаўшы, Калі ўжо дзейнічаць пара?» «Што на думцы маеш?» — Спытаў Суддзя. «Няўжо яшчэ не адчуваеш Душой сваёю дум маіх? Ах, браце мілы! Калі ў табе Сапліцаў кроў і досыць сілы, Глядзі: французы рушаць спераду ў змаганне, А што, каб ззаду нам узняць тады паўстанне? Як думаеш? „Пагоня“ хай заржэ, на Жмудзі Няхай „Мядзведзь“ раўне, і ўміг паўстануць людзі. Каб з тысячу спачатку ці хоць з палавіну Сабраць, а там паднялі б мы і ўсю краіну. І вось, каб мы, здабыўшы тутка перамогу, Сустрэць выбаўцаў нашых выйшлі на дарогу! Ідзём, а імператар, здзіўлены не мала, Пытае: „Хто там?“ Мы крычым: „Літва паўстала! Дазволь нам, кесар, з арміяй тваёй злучыцца!“ Спьггае ён: „Хто камандзір?“ „Суддзя Сапліца!“ Хто смеў бы папракнуць тады нас Таргавіцай? Браток, пакуль стаяць Панарам, Нёмну плысці, Датуль Сапліцаў імю з памяці не выйсці! Унукаў, праўнукаў Ягайлава сталіца Паказваць будзе пальцам: „Гляньце, вось Сапліца, 3 Сапліцаў тых, што першыя ўзнялі паўстанне“».
Суддзя на гэта: «Хто ды што казаць там стане,
Дык гэтым галава мая найменш занята. Нічым не вінаваты я ва ўчынках брата, Палітыкай таксама я не забаўляўся, А толькі абавязкі выканаць стараўся. Я — шляхціц і ахвотна сцёр бы пляму дому. Ахвотна паслужу я краю дарагому. Душу яму аддам. Не лепшы я з ваякаў, Ды й мой палаш таму-сяму пакінуў знакаў. Раз я на сейміку адным у бой паклікаў І ў паядынку зраніў двух братоў Бузвікаў, Што… ды не ў гэтым справа. Як тут разабрацца, Ці трэба неадкладна ў поле выбірацца? Стралкоў сабраць не цяжка. Пораху мы маем І некалькі гарматак у ксяндза хаваем, А ў Янкеля, я знаю, ёсць жалезкі к пікам, Што будуць годныя і якасцю і лікам. Жалезкі гэтыя прывезены з Крулеўца Тайком, а зараз мы да іх наробім дрэўкаў. І шабляў хопіць. Шляхту конна ўміг пасадзім, Я — на чале з пляменнікам, а там — паглядзім!»
«Вось кроў паляка! — ўскрыкнуў бернардын, — не скрыю, Я гэтага й чакаў! — і згроб Суддзю за шыю. — Ты сын Сапліцаў, ты прыслужышся радзіме І з братніх він цяжкіх сваё ачысціш імя. Ты быў мне мілы заўсягды, а з гэтай хвілі Ты мне, як брат, нас справы зараз параднілі. Мы падрыхтуемся, бо рушым не адразу, Я месца вызначу і час, чакай наказу. Я знаю, цар ганцоў паслаў да Банапарта — Прадоўжыць мір ён дабіваецца упарта, Але цяпер яго старанне мала варта. Француз Біньён з напалеонаўскае рады Гаворыць, што нічым закончацца нарады, Што быць вайне. А наш князь Юзаф тому рады, Мяне сюды ў Літву направіў ён з наказам Разведаць, ці не хочаце вы з Польшчай разам За кесарам ісці, як многія народы, І ў чым ваш доказ, што чакаеце свабоды. Тым часам, браце, з Графам трэба ўсё наладзіць. Хоць ён дзівак, фантаст, радзіме ён не здрадзіць, Ён добры патрыёт і справе дапаможа. Бо кожны з дзівакоў карысць прынесці можа, І нават могуць дурнаватыя змагацца, Калі захочам імі мы апякавацца. Граф — пан і ў шляхты навакольнай у пашане, Па прыкладу яго і ўвесь павет паўстане. Маёмасць знаючы яго, разважыць кожан: Калі паны ідуць, быць рызыкі не можа. Дык вось бягу к яму». «Хай так сябе не ўзносіць, — Сказаў Суддзя, — няхай прыедзе, перапросіць Мяне, бо я ж старэйшы ды і пост займаю! А справу хай зноў суд арбітраў разбірае…» Тут ксёндз дзвярыма стукнуў. «Ну дык едзьце з Богам», — Сказаў Суддзя.
Ксёндз сеў на воз адразу за парогам, Б’е пугай, лейцамі сваю варушыць пару. Загрукатала брычка, ўзняўшы пылу хмару, Аж ледзь руды каптур з той цемры гляне, Нібы арол, калі ў аблоках віцца стане.