А Возны быў ужо ад дома Графа блізка.
I, быццам знюхаўшы здалёку сала, ліска
Бяжыць к яму ды безупынна ўсё гадае,
Ці ежа не атручана, ўсё разглядае,
Спыняецца, а то на задніх сядзе лапах
І веерам-хвастом ганяе пах па храпах, —
Так Возны ўбок звярнуў з дарогі, полем крочыць,
Махае палкай, пільна за сялібай сочыць
I, быццам быдла ўбачыўшы, што ўлезла ў шкоду,
Праз луг ідзе, але крадзецца ў бок гароду.
І раптам, нібы гонячы драча балотам,
Пабег сагнёны і ў каноплях знік за плотам.
У гэтай цёмналістай і густой расліне
Ля дому ёсць прытулак птушцы і звярыне,
І людзям. Часта заяц, спуджаны ў капусце,
Шукае сховішча ў каноплях, а не ў кусце,
Бо ў гэтых гушчарах няма для харта ходу,
Ганчак жа там яго не зветрыць ад смуроду.
Дваровы там ад бізуноў ці аплявухаў
Хаваўся і сядзеў, пакуль пан гневам бухаў.
Нярэдка ўцёкшым ад ракрутчыны сялянам
Здаралася хавацца ў лесе канапляным.
Таму ў час бітвы ці наездаў, дратаванняў
Бакі абодва не шкадуюць намаганняў,
Каб толькі затрымаць каноплі за сабою,
Бо тым яны карысныя ў хвіліну бою,
Што з хмелевым далей злучаюцца спляценнем,
Спрыяючы атакам ды і адступленням.
Пратазы, хоць быў смелы, не пазбыўся страху,
Бо ўспомніў зараз ад расліны гэтай паху
3 даўнейшых часаў некаторыя выпадкі,
Як доказ, што шлях службы Вознага не гладкі:
Прыпомніў Тэльшы і шляхцюгу Дзіндалета,
Які, упёршы ў грудзі дула пісталета,
Пад стол загнаў адчытваць іск сабачым брэхам,
Ды памаглі каноплі — скончылася смехам.
Другі раз Валадковіч, злоснік небывалы[40],
Што разганяў нарады, ганьбіў трыбуналы,
Прыняўшы раз ад Вознага з суда паперы,
Парваў іх і паставіў гайдукоў на дзверы,
А сам крычаў, падняўшы меч над галавою:
«Зжары свае пісулькі, не дык вось раскрою!»
Стаў есці, аж на лобе ўсталі поту кроплі,
Ды бухнуў праз акно і шуснуў у каноплі.
І не ўжываў ніхто ні шаблі, ні нагаяў
На Возных, толькі мо хто дзе аблаяў,
Не знаў Пратазы перамены абычаяў.
Даўно ўжо вельмі з іскамі ён не насіўся,
Хоць быў ахвотнік прыслужыцца і прасіўся,
Але Суддзя з увагі на старыя годы
Яму ўсё адмаўляў і скарыстаў з нагоды
Сягоння.
Возны пільна вушы растаўляе —
Навокал ціха, дык рукамі расхінае
Канопляў лес густы, высокі і пахучы
І сунецца, як той плывун, нырнуўшы з кручы.
Узняў галаву — наўкола ціш. К сцяне крадзецца —
Наўкола ціш. Праз вокны глянуць давядзецца —
Нікога. Узышоў на ганак, цісне клямку
Са страхам — пуста, быццам дзе ў заклятым замку.
Іск дастае, чытае ўголас аб’яўленне.
Тут стук калёс пачуў і ў сэрцы мітусенне.
Ўцякаць хацеў, ды штосьці дзверы засланіла —
Ксёндз Робак! Вельмі іх сустрэча задзівіла.
А Граф кудысьці вырушыў з дварнёю,
Бо на’т пакінуў дзверы насцеж за сабою.
Відаць, што зброю браў. Ляжалі на падлозе
Двухстволкі, стрэльбы, шрубштакі, пры дапамозе
Якіх наладжвалі, відаць, старую зброю.
Валяўся порах і клакі сярод пакоя.
Ці Граф на паляванне вельмі так спяшаўся?
Пашто ж яму запас халоднай зброі здаўся?
Вось шабля без галоўкі, зломаная шпага —
А зброя падбіралася, відаць, з увагай
3 таго, чым шмат гадоў ніхто не карыстаўся.
Ксёндз Робак доўга думаў, пільна прыглядаўся,
Нарэшце ў фаліварак распьггаць падаўся,
Шукаючы людзей, што ведалі ці чулі,
Дзе Граф. І вось спаткаў нарэшце дзве бабулі,
Якія расказалі, што з сваёй дружынай
Узброены пан Граф падаўся ў бок Дабрына.
Здаўна ў Літве Дабрынскі славіцца засценак
Адвагай шляхціцаў, прыгожасцю паненак.
Даўней багаты, людны, бо калі Ян Трэці
Праз віці вёў мабілізацыю ў павеце[41],
То прыбыло тады з Дабрына к ваяводзе
Шэсцьсот узброеных мужоў. Сягоння ў родзе
Іх менш, усе збяднелі. Некалі, бывала,
Дабрынскіх шмат на лёгкім хлебе працавала
У войску ці ў паноў вялікіх у палацах,
А зараз мусяць самі аб сабе старацца
І працаваць, як простыя сяляне з вёскі.
Сярмяг не носяць, а капоты у палоскі,
А святам кунтушы. У бедньгх на’т шляхцянак
Адзежа розніцца ад вопраткі сялянак:
Яны ўсе ў крамных ходзяць блузах і спаднічках,
Кароў пасуць не ў лапцях, але ў чаравічках
І збожжа жнуць, а на’т прадуць у рукавічках.
вернуться
41
Калі кароль збіраўся правесці ўсеагульную мабілізацыю, загадваў утыкаць у кожнай парафіі высокую жэрдку з прывязанай на канцы мятлой, т. зв. віццю. І гэта называлася: раздаць віці. Кожны дарослы мужчына рыцарскага саслоўя быў абавязаны пад пагрозай пазбаўлення шляхоцтва неадкладна з’явіцца пад ваяводскую харугву.