Дабрынскіх распазнаць было ў натоўпе проста,
Бо выдзяляліся і моваю, і ростам,
Вачыма чорнымі, арлінымі насамі
І чорнымі (кроў чыстых ляхаў) валасамі.
3 зямлі Дабрынскай некалі прывандравалі
I хоць чатырыста гадоў тут пражывалі,
Мазурскай засталіся верныя радзіме.
Калі хто з іх даваў свайму дзіцяці імя,
Дык браў апякуном кароннага святога:
Барталамея ці Мацея — не другога.
Дык сын Мацея быў заўсёды Баўтрамеем,
А Баўтрамея сын мог толькі быць Мацеем,
Жанчыны ў іх былі ўсе Кахны ці Марыны.
Каб разабрацца сярод гэткай блытаніны,
Прымалі розныя мянушкі ад заганы
Ці якасці, з якой быў хто найлепей знаны.
Мужчыны мелі часам прозвішчаў і многа
То ў знак пашаны, то ад нораву якога.
Інакш часамі звалі шляхціца ў Дабрыне,
А іншым імем у чужой ён зваўся гміне.
Дык за Дабрынскімі паны, а потым служкі
Браць сталі прозвішчы, па-нашаму — мянушкі[42]
І рэдкі ведае, хоць выдумка ўсё ў модзе,
Што нарадзілася яна ў Дабрынскіх родзе.
Ды там была патрэбнай, а па цэлым краі
Не йнакш, як перайманнем увайшла ў звычаі.
Дык Матыяш Дабрынскі, шанаваны дзеля
Старшынства ў родзе, зваўся Пеўнем на касцеле,
Але з Касцюшкаўскае эпапеі змрокам
Мянушку ён змяніў і звацца стаў абокам,
У Дабрыне ён зваўся Каральком — як бацька,
А Літвіны празвалі Над Мацькамі Мацькам.
Як над Дабрынскімі ён сам, яго сяліба
Над вёскай панавала, і чужынец хіба
Не знаў, хто жыў паміж касцёлам і карчмою,
Дзе кожны кут паглядваў страшнай беднатою.
Двор без варот, платы ў развале, і бярозкі
На градах, але дом быў, як сталіца вёскі,
Бо лепш і раскашней за іншых збудаваны —
Ён правым бокам, дзе святліца, быў цагаяны.
Паводдаль свіран, стайня, клуня і абора —
У гурце ўсё і ўсё прыгнутае ад гора
І надзвычайнай старасці. Вакол па даху,
Як быццам хто зялёную раскідаў бляху,
Свяціўся мох, і гойдаў травы ветру подых,
Нібы на лузе ці ў падвешаных гародах.
Там крапіва, а там чырвоныя кракосы,
Дзеванна жоўтая і шчыраў фарбных косы.
Тут розных птушак гнёзды — галубоў пад дахам
І ў вокнах ластавак, а з-пад дзвярэй са страхам
Трусы вылазяць, рыюць норы на палетку,
Дык двор нагадвае трусятнік або клетку.
А абаронны быў калісьці! Поўна знакаў,
Што многа помніць ён нападаў і атакаў.
За брамаю валялася паводдаль хаты,
Як галава дзіцячая, ядро гарматы
Ад шведскіх часаў; некалі крыло у браме
Абапіралі на яго, нібы на камень.
На панадворку ў палыне і розным зеллі
Магільныя старэнькія крыжы тырчэлі.
Іх больш дзесятка. Тут знайшлі сабе магілы
Забітыя раптоўна ўдарам страшнай сілы.
Каб хто прыгледзеўся бліжэй к будынкам,
Заўважыў бы ў бярвеннях, шчылінах, пад тынкам
Шрамы счарнелыя, а ў кожнай гэткай пляме
Засела куля, быццам чмель у цёмнай яме.
А ля ўваходу ў дом і клямкі ўсе, і гакі
Або абсечаны ці носяць шабляў знакі:
Тут, пэўне, правяралі гарт тых Зыгмунтовак,
Якімі можна нарубаць з цвікоў галовак
Ці крук рассекчы, не зрабіўшы ў шаблі шчэрбы.
Паверх дзвярэй віднеліся Дабрынскіх гербы,
Ды сыры іх з паліцай зараз абступілі,
І гнёзды ластавак вясёлых абляпілі.
У доме, стайні, клуні, нават і у садзе
Убачыш поўна зброі, нібы ў нейкім складзе.
Пад стрэхамі падвешаны чатыры каскі —
Прыгожасць марсавых галоў,— там абавязкі
Бацькоў спраўляюць галубы, Венеры птушкі
Над жолабам кальчуга, звязана за вушкі,
І панцыр лускаваты служыць за драбіну,
Ў якую жарабкам кідаюць канюшыну.
Кухарка некалькі рапір адгартавала,
Бо іх замест ражноў, бязбожная, ўжывала,
Трафеем з Вены — бунчуком змятае жорны.
Багіні Цэрэс даў дарогу Марс праворны,
А тая з Флёраю, Памонай і Вяртумнам
Апанавала дом, хлявы, свіронак, гумны.
Але сягоння расступаюцца багіні:
Вярнуўся Марс.
Чуць свет з’явіўшыся ў Дабрыне,
Якісьці пасланец па вёсцы скача конна
І будзіць, як на паншчыну. Перш шляхта сонна
Устае і пачынае ў вуліцах таўпіцца —
Гудзе карчма, і свеціцца ў ксяндза ў святліцы.
Старэйшыя ідуць пытаць, што гэта значыць,
Парадзіцца, а хлопцы ўжо на конях скачуць.
Жанчыны ў крык, трымаюць, тыя з рук іх рвуцца,
Бягуць кагосьці біць, вяртаюцца, злуюцца
Ды ўсё ж спыняюцца. А у ксяндза плябана
Нарада доўгая вялася ўсхвалявана,
Але, калі надзеі не было на згоду,
Рашылі запытаць Мацея, бацьку роду.