Тым часам шляхты штораз болей прыбывала
Дабрынскія амаль усе, чужых не мала
З суседства ўзброеных і без ніякай зброі,
У брычках, каламашках, конна, пехатою;
Вазы стаўляюць, коней да бярозак вяжуць,
І ўсім цікава, што нарады тут пакажуць.
Святліца поўная, і сені — да паловы,
А многія праз вокны ўціснулі галовы.
Кніга сёмая. Нарада
Змест: Выратавальныя парады Бартака, празванага Прусаком. Салдацкае слова Мацька Хрысціцеля. Палітычнае слова пана Бухмана. Янкель заклікае да згоды, якую рассякае Сцізорык. Прамова Гервазага, у якой выяўляецца сеімавае красамоўства. Пратэст старога Мацея. Раптоўнае з’яўленне падмацавання абрывае нараду. Гайда на Сапліцу!
Спярша стаў Бартак Прус выкладваць справу.
За тое, што ў Крулевец ён хадзіў для сплаву,
Яго празвалі Прусаком аднасяльчане
У жарт, бо прусаў не любіў з пераканання,
Хоць часта ўспамінаў. Быў веку пажылога,
Нямала вандраваў па свеце, бачыў многа,
Палітыкай цікавіўся, чытаў газеты
І растлумачыць шмат што мог на зборы гэтым.
Дык вось ён так канчаў:
«Наш дарагі Мацею,
Мой браце, а для ўсіх, шаноўны дабрадзею,
Тут не малая дапамога. У французе
Я ўпэўнены, як быццам у казырным тузе:
Народ ваенны, а ад часаў Тадавуша
Касцюшкі (кожны з тым цяпер змірыцца змушан)
Няма ваякі большага за Банапарта.
Я помню, як французы перайшлі праз Варту.
Я за граніцай быў тады, у годзе панскім,
У тысяча васьмісот шостым, і пад Гданскам
Вёў гандаль. Сваякоў жа маю я ў Пазнанскім,
Дык ездзіў іх наведаць у той час з Юзэфам
Грабоўскім, што сягоння рэгіменту шэфам,
А ў той час жыў у вёсцы блізка Аб’язера,
І мы на дробнага там палявалі звера.
Бьшо спакойна ў Велькапольшчы ў гэтым часе,
Ды ўміг аб страшнай бітве вестка разышлася;
Да нас прыймчаўся мігам пасланец Тадвэна,
Грабоўскі ліст счытаў і крыкнуў: „Ена! Ена!
Прусакі збітыя дазвання — перамога!“
Я на калені ўпаў з падзякаю да Бога.
У горад зараз жа мы коней павярнулі,
Як быццам так сабе, нібы навіны і не чулі,
Аж бачьш, што ўжо ўсе ландраты і гофраты
Ды камісары — зброд нямецкі франтаваты
Нам кланяецца нізка, ажно глянуць гадка,
І ўецца, як прусак, апараны вараткам.
Мы рукі паціраем, просім з прыніжэннем
Сказаць, што новага чутно, як справы ў Ене?
Іх страх узяў, што мы аб перамозе новай
Пачулі, дык крычаць: „А хары гот! О-о вэй!“
Насы павесіўшы, ідуць дамоў, а там на ногі
Стаўляюць спешна ўсіх. ўраз усе дарогі
Кішаць народам. Немцы ўюцца, як мурашкі,
Паўзуць, вязуць вазы, нагружаныя цяжка,
А ля вазоў ідуць мужчыны і жанчыны
І валакуць куфэркі, чайнікі, пярыны,
Бягуць, як могуць. Мы збіраем зараз раду:
Па конях! Перабіць нямчыскам райтараду!
Давай ландратам і гофратам гладзіць скабы,
А гэрам афіцэрам абрываць гарцабы.
I генерал Дамброўскі ўраз быў ля Пазнані
З загадам кесара: ўзнімацца на паўстанне!
За тыдзень наш народ так высцебаў прусакаў,
Што й на лякарства не знайшоў бы небаракаў!
А каб і нам сягоння справу так паставіць
І маскалям у нас такую ж лазню справіць?
Што думаеш, Мацей? Калі ўжо з Банапартам
Масква ў нязгодзе, то не скончыцца тут жартам:
Герой у свеце першы, войска многа мае,
Скажы нам, Каралёк, тут мысль твая якая?»