Выбрать главу
І тут Суддзя ўсіх змераў вокам па парадку, Бо хоць заўсёды гаварыў разумна, гладка, Ды ведаў, што у моладзі цярпення мала, Дык мо знудзілася ўжо, слухаць перастала, Але ўсе слухалі, маўчалі ўсе глыбока. Тады ён Падкаморага спытаўся вокам, А той маўчаў і не спяшаўся з пахвалою, І толькі патакаў паважна галавою. Такі дазвол працягваць прачытаўшы з твару, Суддзя падліў віна гасцю, сваю ўзяў чару І так прадоўжыў: «Ветлівасць — рэч немалая, Яно бо чалавеку зважыць дазваляе Другіх людзей узрост, заслугі, род, асвету І ўласную сваю цану пазнаць праз гэта. Свайго цяжару мы датуль пазнаць не зможам, Пакуль каго супроць на шалі не паложым. Але з увагай асаблівай і няспыннай Пра ветлівасць к жанчынам моладзь дбаць павінна, Тым больш, калі дом знатны і фартуны дбаласць Ўпрыгожвае краса прыродная і ўдаласць. Адтуль шлях да афектаў, а далей, не скрыю, — Саюз дамоў. Так колісь думалі старыя. Дык вось…» Тут пан Суддзя насунуў грозна бровы І кінуў на Тадэвуша пагляд суровы, Відаць, што падыходзіў к вывадам прамовы.
Ды ў табакерку залатую Падкаморы Пастукаў і сказаў: «Даўней было шмат горай! Цяпер ці мода ўсіх вядзе другой дарогай, Ці моладзь лепшая, — менш прыкладу благога. Вось я успомніў зараз з гэтае нагоды Эпоху панавання ў нас французскай моды, Калі панічыкаў разбэшчаная зграя Ўварвалася з чужыны к нам, накшталт нагаяў, І ганіць пачала законы, веру ў Бога І вопратку — усё да самага малога. Аж жаль было глядзець на гэтых неданоскаў, Што гаварылі ў нос, а то й зусім бязносых. Ад іх пайшлі ў народ брашуры і газеты З законам новай веры, права, туалетаў. І мелі ж моц яны ў людзей праз тую моду, Бо калі Бог ссылае кару для народу, То ўперад розум адымае грамадзянам. Дык вось, адпору не было хлюстам паганым I, як чумы, народ збаяўся баламутаў, Бо ўжо ўнутры сябе адчуў расткі атруты. На моднікаў крычалі, а праз час каторы Мянялі мову, веру, звычаі, уборы. Быў гэта карнавальны маскарад, сваволле, Пасля чаго настаў вялікі пост — няволя.
У час майго маленства, у павет Ашмянскі У дом маіх бацькоў прыбыў аднойчы панскі Сынок, сусед Падчашыч, на французскай брычцы. Ён першы ў нас стаў жыць па чужаземнай звычцы. Народ хадзіў за ім, як за якім рарогам[7], Зайздросцілі ўсе тым, перад чыім парогам Спынялася яго двухкольная дрындулька, Якую называлі ў той час карыюлькай. Заместа лёкаяў — сабачак ззаду пара, На козлах — немец, як драўляная пачвара: Панчохі на худых нагах, як тычкі ў хмелі, А клямары камашаў серабром блішчэлі. Каса ад парыка ў гарбайталі з прарэхай… Старыя з той павозкі пырскалі ад смеху, Сяляне аж хрысціліся: маўляў, па свеце Венецкі чорт у швабскай гойсае карэце. Падчашыча апісваць — цяжкае заданне, Даволі, што нам здаўся чортам, малпай, зданню Парык, якім ён выхваляўся ўсюды многа, Мы прыраўноўвалі да каўтуна рудога. Калі хто і лічыў, што польскае убранне Шмат прыгажэйшае за моды малпаванне, Маўчаў тады, бо моладзь подняла б трывогу, Што ён адстаў, з прагрэсам не ступае ў ногу. Вось гэтак модзе той пракладвалі дарогу!
вернуться

7

Рарог — птушка з сям’і ястрабаў. Вядома, што дробныя птушкі, асабліва ластаўкі, ганяюцца за ястрабамі гуртам. Адгэтуль прымаўка: лятаць, як за рарогам.