Выбрать главу
«Паны Дабрынскія, ну кіньце гэту змову. Суддзя ні брат мне і ні сват, ну я Сапліцаў Шаную; з імі можна жыць, ну і мірыцца. Шаную і Дабрынскіх Барткаў і Мацеяў, Ну як маіх суседзяў і як дабрадзеяў, Дык так кажу: яшчэ вам можна запыніцца, Не нападаць, бо вы ж там можаце пабіцца, Забіць. А спраўнік? а турма? а асасоры? А ў вёсках жа Сапліцы час ужо каторы Стаіць гурма салдатаў. Хай асэсар свісне, Дык батальён пяхоты мігам вас расцісне. А што тады? Француз нам зараз не падмога, Ну бо яму да нас далёкая дарога. Габрэй я, мала знаю, ну але ў Бяліцы Габрэйчыкаў я бачыў ажно з-пад граніцы. Чуваць, француз стаіць над рэчкай Ласасною, Вайна ж, калі і будзе, хіба аж вясною. Ну я скажу: чакайце! Двор Суддзі Сапліцы — Не будка крамніка, што можа ў воз змясціцца І з’ехаць. Двор стаяў, стаяць і далей будзе. Суддзя не арандатар, і ўсе знаюць людзі, Што не ўцячэ, яго вы знойдзеце й налета, Дьж кіньце лепш, і хай заціхне справа гэта, І аб гавораным тут раджу ўсім забыцца. I, калі ласка, ўсіх прашу паклапаціцца Зайсці ў карчму. Сынка мне Сора нарадзіла, Я ўсіх частую, будзе музыка на дзіва, — Заграем на басэтлі, скрыпках і на дудзе. І мёд стары, які пан Мацек любіць, будзе,
Ну і мазуркі; маю новыя мазуркі І файн спяваць свае я вывучыў бахуркі».
Прамова Янкеля, якога ўсе любілі, У сэрцы трапіла сабраным той жа хвілі, І шум вясёлы на двары на’т разгарнуўся. Ды тут Гервазы к Янкелю з мячом рвануўся, Той скокнуў з лавы. Ключнік крыкнуў: «Вон, жыдзішча! Не сунь у дзверы пальцаў! Тут табе не йгрышча! Пан Прусак! Калі пан Суддзёваю гандлюеш Віцінаў паркай, дык яго вось як малюеш! Ты помніш добра і павінен нам прызнацца, Што бацька твой сплаўляў Гарэшкавых аж дваццаць І што нажыўся ён з усімі сваякамі. Стуль нажываліся Дабрынскія вякамі. Старыя могуць голасам пацвердзіць згодным, Што Стольнік быў для шляхты проста бацькам родным. Хто камісарыў у яго маёнтках пінскіх? Дабрынскі! Пісарамі браў каго? Дабрынскіх! Буфета ў замку не даверыў ён нікому Апроч Дабрынскіх. Меў Дабрынскіх поўна ўдому! Ён падтрымоўваў вашы ў трыбуналах справы, У караля выпрошваў хлеб для вас ласкавы І копам вашай дзетвары даваў асвету Ва ўсіх піярскіх школах нашага павету. Дарослым памагаў у людзі, ў свет прабіцца. Пра гэткага суседа грэх, браты, забыцца! А сёння ваш сусед Сапліца робіць многа Для вашага дабра? Скажыце мне!»
«Нічога! — Падтакнуў Конаўка. — Я помню тую пору, Як ён быў гол, а зараз нос дзярэ ўжо ўгору І дзьмецца: пху, пху, пху! Паклікаў на вяселле, Паю, а ён не п’е. „Я не магу, — мне меле, — Так многа піць, як вы, без меры і граніцы“. Вось далікацік з марымонцкае мучыцы! Не піў, мы ў горла ліць, ён зазлаваўся дужа. Чакай, я з Конаўкі налью табе, мой дружа!»
«О ёсць, — сказаў Хрысціцель, — і ў мяне прычына Яго крапіць. Мой сын разумны быў хлапчына, А зараз, па віне Суддзі, мой небарака Так адурэў, што ўсе яго зваць сталі Сакам. Казаў яму: „Чаго ты прэшся ў Сапліцова? Калі заловяць, лазня будзе там гатова!“ А ён ізноў — да Зосі цераз луг, каноплі. Злавіў яго, давай драць вушы, сыпаць кроплі; Ён плача і крычыць: „Як, тата, ты б не біўся, Туды ісці я мушу“. Тут я разгубіўся: „Ды што з табой?“ „Я, — кажа, — ў Зосю улюбіўся!“ Ён хоча глянуць на яе! Вось небарака! Кажу Суддзі: „Аддай, пан, Зосю нам за Сака!“ Ён кажа: „Замалая, пачакай тры годы, І як сама захоча!“ Лотра! Жджэ нагоды Аддаць другому. Вось як скокну на вяселле Ды крапяну сваім Крапілам па пасцелі!..»