Выбрать главу
«I гэты лотра, — ўскрыкнуў Ключнік, — тут пануе І вось паноў даўнейшых грабіць і руйнуе! Ці ж так Гарэшкаў памяць і імя ўжо згіне? А дзе ж удзячнасць? Мо няма яе ў Дабрыне! Браты! Вы ж з царскай сілай думалі змагацца, А тут Сапліцы раптам пачалі баяцца! Страх вам турмы? Браты! Ды я ж стаю пры праве! Я вас не клічу на разбой! У гэтай справе Ужо выйграў Граф, дэкрэтаў мае ён нямала, Адно іх выканаць! Заўсёды так бывала — Дэкрэты трыбуналаў шляхта спаганяла, А перш за ўсіх Дабрынскія, дык вось і стала Расці ў вас слава. Бо, Дабрынскія, вы ж самі Ў наездзе Мыскім ваявалі з маскалямі. Прывёў іх генерал расейскі Вайніловіч І лотра, друг яго, Воўк з вёскі Лугамовіч, Вы ж помніце, як Воўка мы ў палон узялі І як на бэльцы ў пуні вешаць ужо сталі За тое, што сялян душыў, Маскве прадаўся. Жывым тады праз літасць мужыкоў застаўся (З маім Сцізорыкам аднак не размінецца). Наездаў гэтулькі ўжо мне не давядзецца Адбыць, з якіх выходзілі мы са здабычай І славай, як шляхоцкі патрабуе звычай! Ды што пра тое ўспамінаць! Пан Граф дэкрэты Ўсё вырабляе, судзіцца за замак гэты, А з вас ніхто не спачувае адзіноце Яго і, з ласкі ворага, яго згрызоце. Няма ў яго сяброў, апроч мяне, нікога І вернага майго Сцізорыка старога!»
«Ну і Крапіла, — тут Хрысціцель адазваўся, — Дзе ты, там я — плясь, плясь! Адзін ты не застаўся, Што два, то два. Дальбог, ты маеш меч, Гервазы, А я Крапіла. Будзем чысціць ад заразы Вакол: шах-шах, плясь-плясь! Яны няхай гамоняць».
«Браты ж мо Бартка, — ўткнуўся Брытва, — не прагоняць; Што вы намыліце, то Брытва зголіць чыста». «Я з вамі,— Конаўка прамовіў урачыста. — Калі яны ніяк не выберуць маршалка, Нашто мне галасы ці галкі? Во дзе галка (Тут выняў з кішані са звонам куляў жменю). Вось галкі! Ўсе аддам Сапліцаў пакаленню!» «I мы, — Скалуба крыкнуў,— пойдзем разам з вамі!» «I мы ўсе! — шляхта крыкнула. — мы з братамі! Рубайла хай жыве! Гайда граміць Сапліцу!»
І ўсіх пераканаў Гервазы ў мове гладкі, Бо кожны меў з Суддзём якіясь непаладкі, Як часта у суседстве: то за шкоду ў полі, То за парубку, то за межы, а найболей Іх зайздрасць, што Суддзя багаты, падбівала. Так пачуццё нянавісці ўсіх аб’яднала. Вакол Гервазага падняўся гоман бурны, Ўзняліся шаблі, палкі…
Мацек моўчкі хмурны Падняўся з лавы і, зрабіўшы два-тры крокі К сярэдзіне святліцы, рукі ўзяў у бокі. Тут, глянуўшы вакол з дакорам і сурова, Паволі вымаўляць пачаў за словам слова, З прыпынкамі, з прыціскам: «Дурні вы, дурніцы! Дык дурні ж вы! Мука камусьці, вам — кастрыца! Пакуль вялася аб радзіме тут нарада І аб агульных справах, дык вам, дурні,— звада, Што нельга ні падумаць, ні дагаварыцца. Замест парадку, ладу, дурні, вы — сварыцца!.. А хай за дробязь помсты здарыцца нагода Вам, дурні, дык адразу лад у вас і згода! Вон з хаты! Бо я, Мацек, вас… да міліёнаў І тысяч тысячаў фур, бочак і фургонаў Чарцей!!!..»
Заціхлі ўсе, як ляснутыя громам. Ды раптам гоман, крык падняўся дзесь за домам: «Ура! пан Граф!» Ён ўз’язджаў на двор Мацееў Узброены і збройных дзесяць з ім жакеяў. Пад Графам добры конь, і выгляд Графа панскі: На ім плашч колеру гарэха, італьянскі, Шырокі, без рукаў, як быццам пакрывала, Што цераз плечы стройна долу ападала. Пяро на капялюшыку тырчэла ззаду. Крутнуўся Граф і шпагай прывітаў нараду.
«Ура! пан Граф! — ускрыкнулі,— з ім жыць, змагацца!» Тут з хаты сталі ўсе праз вокны прыглядацца І ўслед за Ключнікам на выхад прабірацца. Гервазы выйшаў, сход за ім услед таўпіўся. А Мацек, выгнаўшы апошніх, зашчапіўся I, глянуўшы ў акно, сказаў: «Дурніцы!»