Тым часам шляхта каля Графа мітусіцца,
І ўсе ў карчму ідуць. Гервазага наказу
Тры вяжуць паясы ад кунтушаў і зразу
На іх са склепа цягнуць бочкі для народу:
Гарэлкі бочку, бочку піва, бочку мёда.
Вымаюць шпунты, з шумам рвуцца тры крыніцы:
Адна гарыць агнём, другая серабрыцца,
Жаўцее трэцяя — вясёлкаю іграюць
І звонка ў розных сто начынняў ападаюць.
І шляхта з Графам п’е, балюе, весяліцца,
Ўзнімае тосты і крычыць: «Граміць Сапліцаў!»
А Янкель вышмыгнуў цішком. Таксама
Хацеў зрабіць і Прус, ён быў ужо за брамай,
Ды шляхта згледзела і — ў крык, што здрадзіў.
Міцкевіч аддзяліўся, не крычаў, не радзіў,
Але відаць па міне, што задумаў штосьці,
Дык з шаблямі — к яму! Ён ад усіх у злосці
Бароніцца, ўжо ранены, прыпёрты к плоту,
Ды за яго ўступіўся Зан і тры Чачоты.
Разнялі хутка ўсіх, ды ў часе той разрухі
Двух ранілі ў руку, адзін дастаў па вуху.
Сядаць на коней пачалі.
Граф і Гервазы
Наводзяць лад, узбройваюць, даюць наказы.
Нарэшце хваляй, што не ў сілах запыніцца,
Ўсе скачуць з крыкамі: «Гайда граміць Сапліцаў!»
Кніга восьмая. Наезд
Змест: Астраномія Войскага. Заўвагі Падкаморага пра каметы. Таямнічая сцэна ў пакоі Суддзі. Тадэвуш, жадаючы спрытна выблытацца, трапляе ў вялікія клопаты. Новая Дыдона. Наезд. Апошні пратэст Вознага. Граф заваёўвае Сапліцова. Штурм і разня. Віначэрп Гервазы. Баль пасля наезду.
Маўклівы, ціхі час бывае перад бурай,
Калі на небе хмара ўздыбіцца панура,
На месцы стане, змусіць ветры запыніцца
І свет пачне абводзіць вокам бліскавіцаў,
Каб вызначыць, куды прарвацца можна з громам, —
Зацішак гэткі быў над Сапліцоўскім домам.
Як быццам прадчуванняў жудасных цяжары
Самкнулі вусны ўсім, цягнулі ўсіх на мары.
Пасля вячэры сам Суддзя і госці са святліцаў
На двор выходзяць пагуляць, ахаладзіцца.
Расселіся па прызбах, высланых травою,
Але ўсе сумныя сягоння, без настрою
Глядзяць на неба, што як быццам прыбліжацца,
Цясніцца стала, да зямлі збліжацца
І разам з ёю пад заслонай змроку цёмнай,
Як закаханыя, ўжо шэпчуцца таёмна,
Свае пачуцці выражаючы ва ўздыхах,
У шэптах, шумах, словах здушаных і ціхіх,
Якія твораць вечара канцэрт вялікі.
Вось з-пад страхі пранесліся начніцы крыкі,
Шапнулі лёгкім крыллем кажаны ў палёце
На дом, дзе шыбы ззялі ў светлай пазалоце.
А бліжай сёстры кажаноў — цьмы ўюцца роем
Над белай вопраткай жанчын і з неспакоем
Аб Зосін тварык б’юцца, ёй больш дакучаюць,
Бо вочкі ясныя за свечкі дзве прымаюць.
А хмара машкары, склубіўшыся ў паветры,
Гармонікай пяе і круціцца на ветры.
І вуха Зосі ловіць з гукаў бльгганіны
Акорды мух і тон фальшывы камарыны.
У полі пачынаецца канцэрт вялікі
Вось строіць інструменты скончылі музыкі,
Азваўся тройчы драч у лузе, і тым часам
Яму уторьвць стаў брыдун з балота басам,
А бакасы, угору вырваўшыся, ўюцца
І бэкаюць, як быццам аб бубенец б’юцца.
Ў фінал мушыных шумаў, гоман птушак, здалі
Ставы два хорам здвоеным вось заспявалі,
Нібы каўказскія чароўныя азёры,
Што ўдзень маўчаць, а ўноч вядуць перагаворы.
Адзін стаў, што быў ясны, з берагам пясчаным,
Блакітнымі грудзьмі даў тон усхваляваны,
Другі, што з дном быў цёмным і абліччам мутным,
Яму адказваў крыкам жаласным, магутным.
У абодвух тых ставах спявалі жабы зважна,
То сола перарывіста, то ў хор працяжна.
Адзін фарціссіма пяе, другі сціхае,
Той быццам чымсь абураны, другі ўздыхае.
Так размаўлялі два ставы з сабой праз поле,
Як быццам арфы дзве чароўныя Эола.
А змрок гусцеў, і толькі недзе каля рэчкі
Ў лазе блішчэлі вочы воўчыя, як свечкі.
Далей на краявіду сцесненым палетку
Агні начлежнікаў там-сям блішчэлі зрэдку.
Вось месяц запаліў свой факел серабрысты
І асвяціў зямлю, і купал неба чысты.
Яны, адслоненыя з цемры ў палавіне,
Драмалі, быццам з жонкай муж; а той хвіліне
Шчасліва неба сіняе ў абдымкі брала
Зямлю, што грудзі ў блісках месяца купала.