Вось зорка супроць месяца адна, другая
Бліснула, вось іх тысяча, мільён міргае.
Кастор з Палюксам, два браты перш заяснелі —
Славяне іх празвалі Леле і Палеле,
А ў нас сяляне іншае імя ім далі:
Каронай і Літвой назваць іх пажадалі
Далей Вагі нябеснае дзве шалі ззяюць;
На той вазе сам Бог (старыя гэтак баюць)
Зямлю адважваў, а за ёй і ўсе планеты
Тады, калі ствараў і будаваў сусветы.
Пасля павесіў з золата вагу на небе,
Каб людзі пераняць змаглі яе ў патрэбе.
На поўначы іскрыцца зорным кругам Сіта
Цераз яго (як кажуць) Бог прасеяў жьгга,
Калі яго пасыпаў праайцу Адаму,
Прагнанаму з гароду райскага за браму.
А там Давідаў воз[44] скіроўвае свой дышаль
У бок палярнай зоркі, што яснее вышай.
Старыя літвіны пра той рыдван гадаюць,
Нібы няправільна яго так называюць,
Бо не Давідаў гэта воз, а воз злых духаў.
На ім Люцыпар, калі Бога не паслухаў,
Дык млечным шляхам рваўся ўжо ў нябёс парогі,
Ды Міхаіл спыніў яго і збіў з дарогі,
І воз той паміж зор зламаны кавыляе —
Міхал-Архангел напраўляць не дазваляе.
І ведама таксама між старых літвінаў
(А звесткі тыя нейкі рабін ім пакінуў),
Што той даўжэзны Цмок між знакаў Задыяку,
Пакручаста віецца паміж зорак маку,
Які для астраномаў Вужам выдаецца,
Не вуж, а рыба. Што Левіятан завецца.
Жыла яна ў марах, але пасля патопу
Затхнулася на сушы ад вод недахопу.
Дык дзеля памяткі, ўсяму на дзіва свету,
Развесілі анёлы ў небе тушу гэту.
Так і ў касцёле Мірскім ксёндз каля арганаў
Павесіў косці выкапнёвых веліканаў[45].
Гісторыі такія, што з апавядання
Ці з кніжак знаў, расказваў Войскі ў час змяркання,
Хоць вечарам слабы зрок быў ужо ў старога,
Што ў акулярах на’т не бачыў ён нічога,
Ды знаў на памяць зор найменні, іх напрамкі
І ў небе пальцам крэсліў іх шляхі і рамкі.
Ледзь слухалі яго і не звярталі ўвагі
Ані на Сіта, ні на Цмока, ні на Вагу,
Бо сёння сцягвае і думкі ўсіх, і вочы
Госць новы, выплыўшы нядаўна з цемры ночы:
Камета, што ляцела праз нябёс абшары[46]
На поўнач з захаду, накшталт чырвонай хмары.
Крывавым вокам на той воз яна глядзела,
Як быццам падмяніць Люцыпара хацела:
Касу адкінула і, неба болей трэці
Абльггаўшы, цягнула зоркі, нібы ў сеці,
Кудысьці у бясконцыя нябёс прасторы,
Ў напрамак, дзе палярныя мігаюць зоры.
Са страхам павяртаў народ на неба вочы
І паглядаў на тыя цуды кожнай ночы,
Варожачы нядобрае з прыкмет шматлікіх
I чуючы прадвесце зла ў птушыных крыках,
Бо птушкі часта хмарай пустыры ўкрывалі,
Вастрылі дзюбы, быццам трупаў шмат чакалі.
Заўважана, што і сабакі землю рылі
I, быццам чуючы бяду, працягла вылі
На голад ці вайну. На могілках ля бору
Раз леснікі заўважьыі жанчыну мору,
Што йшла, вышэйшая за лес, паходкай жвавай
І хусткаю размахвала вакол крывавай.
Цівун казаў пра гэта, стоячы пры плоце,
Прынёсшы справаздачы пану аб рабоце.
Шаптаў аб тым і пісар нешта аканому.
Ды Падкаморы, што сядзеў на прызбе дому,
Спыніў размовы, захацеў сам мовіць штосьці,
Бо табакеркі бляск заўважылі ўсе госці
(Яна ўся з золата, з брыльянтамі аправа,
Ўнутры яе партрэт манарха Станіслава),
Дык пазваніў па ёй, нюхнуў і мовіў: «Пане
Тадэвуш, ваша гэтае апавяданне
Пра зоркі, толькі рэха чутага у школе,
А прасцякі пра цуды ведаюць шмат болей.
І я вучыўся астраноміі ці мала
У Вільні, дзе Пузыніна ахвяравала
Даход з сяла свайго у дзвесце душ халопаў
На закуп розных шкел і тэлескопаў.
Ксёндз Пачабут быў астраномам там год колькі[47]
І рэктарам у акадэміі, ды толькі
З той кафедрай чамусьці хутка разлучыўся
І зноў у келлі манастырскай зачыніўся,
Дзе і памёр. Знаёмы мне і пан Снядэцкі,
Разумны вельмі чалавек быў, хоць і свецкі.
Дык вось жа астраномы гэтак на камету
Глядзяць, як нашыя мяшчане на карэту;
Вядома ім, што скіравалася ў сталіцу
Ці выязджае з горада дзесь за граніцу,
А хто ў ёй ехаў і пра што там размаўлялі,
Ці пасланца з вайной, ці з мірам пасылалі,
Таго не знаюць. У мае, я помню часы,
Калі Бранецкі ехаў у карэце ў Яссы,
То ўслед цягнуўся за ганебнай той карэтай
Таргавічанаў хвост, як тут вось за каметай.
Народ, хоць не мяшаўся ў панскія нарады,\
Згадаў адразу, што той хвост быў знакам здрады.
Чуваць, мятлы імя ён гэтай даў камеце
І кажа, што мільён яна загорне ў смецце».
вернуться
45
Быў звычай вывешваць у касцёлах знойдзеныя выкапнёвыя косці, якія народ прымае за косці волатаў.
вернуться
47
Ксёндз Пачабут, экс-езуіт, слаўны астраном, выдаў працу пра задыяк у Дэндэрах і сваімі назіраннямі дапамог Лаланду вылічыць арбіту месяца. Гл. Біяграфія, напісаная Янам Снядэцкім.