Выбрать главу
Тады сказаў з паклонам Войскі: «Праўда гэта, Пан Падкаморы, мне напомніла камета, Што ў нас расказвалі і, на астатак, Што бачыў сам тады, як меў гадоў з дзесятак. Панцэрнага палка паручнік, пан Сапега Спыніўся, помню я, у нас дзеля начлега, Той самы, што пасля быў маршалам дзяржаўным, А потым канцлерам Літвы дагэтуль слаўным, Ён жыў сто дзесяць год; пад Вену ў часы Яна Хадзіў ён з войскам Ябланоўскага, гетмана. Вось ён расказваў нам, што перад тою справай, Якую Ян закончыў з гэтакаю славай, Калі сам нунцый выпраўляў яго ў дарогу, А пасланец аўстрыйскі цалаваў у ногу, Як стрэмя падаваў (пасол граф Вільчэк зваўся): „Што гэта робіцца?“ — кароль спытаўся. Глядзяць, аж над галовамі ляціць камета Тым шляхам, дзе ступала войска Магамета, З усходу ды на захад. І ксёндз Бартахоўскі У панегірыку на той трыумф кракоўскі, Пад назвай „Orientis Fulmen“, піша многа Аб той камеце. Ды чытаў я апроч тога Ў „Яніне“ — кніжцы, дзе разгледжана старанна Кампанія уся — паход пад Вену Яна. Там намалёваны і сцягі Магамета, I гэткая ж, як бачым мы цяпер, камета».
«Амінь, — сказаў Судцзя, — я варажбу вашэці Прымаю. Хай з зарой к нам з’явіцца Ян Трэці! На захадзе вялікі ёсць герой, быць можа, Ён за каметай прыйдзе к нам. Дай гэта, Божа!»
На гэта мовіў Войскі голасам спакойным: «Камета часам спрэчкі значыць, часам войны. Не добра, што стаіць яна над Сапліцовам, Бо, можа, нашым пагражае што галовам. Учора спрэчак, звад у нас бьгао даволі Спярша на паляванні, потым у застоллі. Пан Рэент паспрачаўся з Асасорам зрання, А вечарам ізноў паўстала замяшанне: Прыйшлося за мядзведзя скуру пасварыцца. Я ведаю, што змусіў бы іх памірыцца, Калі б не трэ’ было з расказам запыніцца. Хацеў я расказаць выпадак вам цікавы, Падобны да падзеі з нашае аблавы, Што здарыўся з людзьмі не так далёкіх часаў, Райтанам і нямецкім князем фон Дынасаў. Выпадак быў такі:
Пан генерал падольскіх Зямель, праездам да сваіх маёнткаў польскіх Ці, можа, едучы на сейм які ў Варшаву, Дарогай к шляхце заязджаў, то на забаву, То так — ддя папулярнасці. Прыбыў і к пану, Цяпер ужо святое памяці, Райтану, Які пазней паслом наваградскім з’яўляўся, Той, у якога я з маленства гадаваўся. З прычыны гасцявання князя генерала Райтан зазваў гасцей. Іх прыбыло нямала. Быў і тэатр (князь генерал любіў тэатры); Дык феерверк даў Кашыц, што жыве у Ятры, Танцораў Тызенгаўз прыслаў. Агінскі даў музыкаў, А Солтан дзятлаўскі капэлію паклікаў. Наладжаны былі шыкоўныя забавы Ў двары, а па лясах вялікія аблавы. Вядома кожнаму, не толькі самым блізкім, Што хоць яны з крыві Ягайлаў, Чартарьгскім З вякоў не вельмі да спадобы паляванне — Не тое, каб з ляноты, а ад выхавання I ад замежных густаў. Дык і генерала Больш кніга, чым сабакі і лясы, займала, Ды й каля дам не мала ён збіваў абцасаў.
У свіце князя быў нямецкі князь Дынасаў[48], Які нібыта ў афрыканскай пушчы дзікай Старога тыгра закалоў звычайнай пікай, Калі аднойчы быў між неграў пасяліўся. А потым тым выпадкам вельмі ўсім хваліўся. У нас хадзілі на дзікоў у тую пору, Рэйтан раз забіў агромную мацёру З вялікай небяспекай, падпусціўшы блізка. Усе дзівіліся, хвалілі, а нямчыска, Той князь Дынасаў, пахвалы зусім не слухаў, Пахаджваў толькі і пад нос сабе ўсё дзьмухаў, Што трапны стрэл даказвае мо смеласць вока, А зброя белая — і рук. стаў шырока Ізноў пра Лівію разводзіць небыліцы І ўсё тым самым тыграм без канца хваліцца. Пан Рэйтан дык аж трохі зазлаваўся, Па шаблі жыва стукнуўшы, так адазваўся: „Мой князь! Хто ўмее глянуць смела, б’ецца смела! Варт тыгра дзік, за зброю ж трэба брацца ўмела!“ І распачаўся дыялог між імі жвавы Ажно князь генерал тут умяшаўся ў справы, Французскай мовай іх змірыў. Сказаць даволі, Што згода іх была, як попел на вуголлі; Рэйтан прыняў да сэрца справу і пасля той згоды Навучку немцу даць чакаў адно нагоды. Назаўтра ледзь жыццём не аплаціў выпадку Таго, а як было, скажу ўсё па парадку».
вернуться

48

У сапраўднасці — князь De Nassau Siegen, слаўны ў тым часе ваяка і авантурыст. Ён быў рускім адміралам і пабіў туркаў на Лемане, потым самога ўшчэнт разбілі шведы. Жыў нейкі час у Польшчы, дзе атрымаў індыгенат. Паядынак князя De Nassau з тыграм грымеў тады ва ўсіх еўрапейскіх газетах.