«Дальбог, не цвёрдае, — сказаў ён, — сэрца маю,
Табой жа, Талімэна, я не пагарджаю,
Але ты ўзваж сама: за намі сочаць зорка,
Ці можна так адкрыта? Вынікне гаворка,
Ды і грахом з’яўляецца такая ўцеха».
«Грахом! — сказала Талімэна з горкім смехам, —
Нявінненькі! Ягнятка! Я хоць і жанчына,
Зусім аб тым не дбаю. Гэта не прычына!
Няхай сабе і ўсё адкрыюць, хай зняславяць!
А ты ж мужчына! Вам яшчэ ў заслугу ставяць,
Калі вы маеце каханак дзесяць зразу».
Тут стала плакаць: «Кінуць здумаў? Так адразу?»
«Падумай, што сказаў бы свет аб чалавеку, —
Сказаў Тадэвуш, — пгго ў такім, як я вось, веку
Здаровы дома жыў, каханы і вясёлы,
Калі жанатыя кідаюць сем’і, сёлы
І прабіраюцца у войска праз граніцу.
Каб нават я й хацеў, дык не магу спыніцца:
Мне бацька перад смерцю загадаў ваенным
Аддацца справам. Той загад яго бяззменны,
Дык заўтра еду, я прыняў ужо рашэнне,
Дальбог, няма што думаць аб яго адмене».
«Я не хачу быць перашкодай на дарозе
Тваёй да шчасця й славы, — мовіла ў знямозе. —
Ты стрэнешся з каханкай, можа, больш прыгожай,
Больш вартаю кахання, багацейшай, можа!
Ды толькі мне для ўцехі перад раставаннем
Скажы, што пачуццё тваё было каханнем,
Не жартам, ні распустай, што нявіннасць губіць.
Хачу пачуць яшчэ: мяне Тадэвуш любіць!
Хачу пачуць „люблю“ яшчэ хоць раз адзіны
І ў сэрцы захаваць шчаслівыя гадзіны.
Лягчэй прабачыць будзе, хоць цябе і страчу,
Ўсё ж будзе мне ўспамін…» ўздрыгвала ад плачу.
Тадэвуш, бачачы, што плача і галосіць
Жанчына і адно такой драбніцы просіць,
Узрушыўся, праняў яго і жаль, і літасць.
І каб праверыў зараз дум і сэрца скрытасць,
Дык, можа, і не мог бы даць сабе адказу,
Кахаў яе ці не. Дык і прамовіў зразу:
«Дальбог жа, Талімэна, каб я мёртвым стаўся,
Калі не праўда, што ў цябе я закахаўся.
З табой прабавілі мы час такі кароткі,
Ды быў ён гэткі мілы, гэтакі салодкі!
І доўга-доўга. Покуль сэрцу біцца.
Я пра цябе, дальбог жа, не змагу забыцца».
Тут Талімэна скочыла яму на шыю:
«Я так і думала! Ты любіш, дык не скрыю,
Што без цябе я ўраз пакончыла б з сабою.
О, дарагі! Мы не расстанемся з табою!
Я сэрца аддала табе, аддам багацце,
Пайду з табой усюды, на’т у беднай хаце
З табой шчаслівай буду! ў пустыні дзікай
Мы створым рай любоўю нашаю вялікай!»
Тадэвуш вырваўся з яе абдымкаў сілай.
«Як што? куды? — спьггаў,— што ты нагаварыла?
Ты за салдатам думаеш услед цягацца?
Ці маеш розум?» «Дык жа мы маглі б пабрацца» —
Сказала Талімэна. «Не, ніколі! Што ты? —
Тадэвуш крыкнуў. — У мяне няма ахвоты
Жаніцца ні кахаць, бо справа ёсць другая!
Падумай толькі, супакойся, дарагая!
Табе я ўдзячны, але нельга мне жаніцца.
Кахаймася здалёк. Старайся з тым змірыцца,
Што я застацца не магу, што ехаць мушу.
Бывай здарова, Талімэна! Заўтра рушу».
Сказаў, насунуў капялюш, стараўся бокам
Прайсці, ды тут яна яго стрымала зрокам
І тварам, як мядузы галавой. Застацца
Павінен быў і да яе стаў прыглядацца.
Збялелая стаяла ўжо амаль без духу!
Аж вось руку наставіла ў раптоўным руху,
Два пальцы натапырыўшы яму у вочы:
«Я так і знала! — выкрыкнула з цемры ночы. —
Ты з сэрцам яшчаркі, а твой язык — джыгала!
Няхай я Рэенту і Графу „не“ сказала,
А ты зламаў мяне і кінуў сіратою,
Нічога! Ты ж мужчына і з душой пустою,
Дык так, як і ўсе іншыя, да здрадаў звычны,
Але не знала я, што лгун ты злоязычны!
Я пад дзвярыма дзядзькі чула ўсё дакладна.
Дык ты на гэта дзіцянё, на Зосю здрадна
Палюеш! Дык табе адной ахвяры мала!
Душа твая другой каля яе шукала!
Бяжы! Праклён мой пойдзе за табою ўсюды,
Ці заставайся, я твае адкрыю бруды!
Тваім махлярствам больш не будзе ўжо спажывы!
Прэч! Грэбую табой! Ты подлы і ілжывы!»
Ад гэтакай абразы, што век не забыцца,
Якой ніводзін не пачуў яшчэ Сапліца,
Тадэвуш пабялеў, як паступіць, не знае,
Ды ў злосці, тупнуўшы нагой, гукнуў: «Дурная!»
Пайшоў, ды слова «подлы» рэха паўтарыла
У сэрцы. Ўздрыгануўся — так было няміла.
Адчуў, што крыўду учыніў ён Талімэне,
Дакорамі ў душы азвалася сумленне,
Але й яна яму цяпер здалася горам!
Пра Зосю, ах! было падумаць нават сорам,
Бо Зося гэткай мілаю была, прыгожай
І хутка жонкаю яго магла б быць, можа,
Каб не ўплятаў яго злы дух у грэх за грэхам,
З маны ў ману, пакуль не кінуў вось са смехам.
Аблаян, зненавіджаны, за дзён тых пару
Жыццё ўсё змарнаваў. Адчуў і грэх, і кару.
У бурах дум, як быццам якар супачынку,
Узбліснуў раптам успамін аб паядынку:
«Забіць трэ’ лотру Графа! — ўецца думка злая. —
Загінуць або помсціць!» А за што — не знае.
І гэты гнеў так, як заняўся, ў момант вока
І выветраў. Зноў жаль працяў душу глыбока.
Стаў думаць: «Дык калі праўдзіва спасцярога,
Што Граф і Зося падружылі ўжо нямнога,
Тады што? Граф мо ў Зосю закаханы дужа,
Яна мо любіць, выбярэ яго за мужа!
— Якое ж права маю я між іх мяшацца,
Зламаць іх шчасце, не дазволіць ім пабрацца?»