Выбрать главу
Суддзя перажагнаўся: «У Айца і Сына! Пан Граф! Вы ж нападаеце бандыцкім чынам! Як гэта мірыцца, Граф, з вашым выхаваннем, Паходжаннем, значэннем і самапазнаннем? Не дамся ў крыўду!» Слугі беглі ўжо Суддзёвы Хто з кіем, хто са стрэльбай, біцца ўсе гатовы. А Войскі, стоячы паводдаль трохі збоку, Меў нож у рукаве, а пана Графа ў воку.
Хацелі біцца, ды Суддзя тут перашкодзіў: Дарма змагацца — новы вораг надыходзіў. У вольхах бліснула, і стрэл раздаўся. Потым Загрукаў мост ад конскіх ног за паваротам. «Граміць Сапліцу!» — сотня галасоў раўнула. «Гервазы там!» — у галаве Суддзі мільгнула. «Нічога, — Граф сказаў,— нас будзе зараз болей, Здавайцеся, Суддзя, лепш зразу мне ў няволю!» Надбег Асэсар з крыкам: «Арышт за знявагу! У імя імператара, аддай, Граф, шпагу, А не — ваенную паклічу дапамогу! Я арыштую вас! Бо хто зайшоў дарогу Ці ўночы нападае, вінен, згодна ўказу Ад…» Граф ударыў плазам цераз твар, і зразу Асэсар моўчкі бухнуўся ў траву з ног збіты. Ўсе думалі, што ранен быў ці мо забіты. «Відаць, — сказаў Суддзя, — забойства пачалося!» Завойкалі кругом, а больш за іншых Зося: Яна дала, Суддзю абняўшы, крыкам волю, Нібы яе жыды іголкамі паролі. Тым часам Талімэна ўбегла паміж коней І к Графу заламаныя ўзняла далоні. «На гонар твой! — ускрыкнула ад слёз жалосна, З распушчанай касою, выгнутая млосна, — На ўсё святое, што ў душы і сэрцы носяць! Ці ж нам адмовіце, пан Граф? Вас дамы просяць.
Бязлітасны, перш нас забі рукою ўласнай!» І тут, самлеўшы, ўпала. Скочыў Граф к няшчаснай, Задзіўлены, збянтэжаны такою сцэнай. «Ах, панна Зося, — мовіў,— пані Талімэна! Крывёй бяззбройных я не спляміў рук ніколі. Сапліцы, слухайце! Вы ўсе ў мяне ў няволі. Вось так зрабіў я і ў Італіі далёкай, Між гор Сіцыліі ля скал Бірбанта-рокка: Заняўшы лагер банды, збройных мы пабілі, Бяззбройных жа ў палон адразу захапілі. Яны трыумф мой упрыгожылі прыкметна, Пасля павесілі мы іх ля спускаў з Этны».
Шчасліва здарылася для сям’і Сапліцаў, Што Граф на лепшых конях змог паклапаціцца, Каб першаму прыбыць, бо рэшта шляхты ў пыле Цягнулася за ім не бліжай як за мілю. Атрад жакеяў, што скакаў за ім па-парна, Адзінкай быў у значнай меры рэгулярнай, А шляхта рухалася так, як хто захоча, Была яна натоўпам вешаць, біць ахвочым. Граф часу меў даволі, каб абдумаць справы І бой правесці так, каб быў ён бескрывавы, — Загадвае у доме зачыніць Сапліцаў, І ля дзвярэй з жакеяў варце размясціцца.
Аж «Гэй, граміць Сапліцаў!» — рвецца шляхта бурна, Двор вокал акружае і займае штурмам, Бо правадыр забраны, войска паўцякала, Ды шляхта ўсё йшчэ ў злосці ворага шукала. Не ўпушчаныя ў двор, бягуць на фаліварак, У кухню. Толькі ўскочылі, а тут пах скварак, Агонь прытушаны і стравы водар свежы Ды від сабак, што дагрызалі рэшткі ежы, Мяняе думкі ўсіх, бярэ за сэрцы дзесьці, Гнеў студзіць і распальвае патрэбу есці. Нарадай стомленыя, доўгаю яздою, «Гэй, есці!» — згоднай закрычалі грамадою. А там зноў «піць» пачуўся вокліч, і нарэшце Крычаць два хоры: тыя — «піць!» а тыя — «есці!» І голас рэхам рвецца, а куды даходзіць, Аскому ў вуснах, голад нестрыманы родзіць. На даны з кухні знак, забыта ўміг змаганне, І армія ідзе на фуражыраванне.
У дзверы да Суддзі Гервазы рваўся ўпарты, Ды мусіў адступіць, стрыманы графскай вартай. А як адпомсціць зброяй стала немагчыма, Успомніў пра нашэсця мэты і прычыны. Як чалавек практычны, даў сабе заданне Легальна і фармальна ўвесці ва ўладанне Сягоння Графа. Вознага вакол шукае, Ўканцы з дзіры якойсь яго вывалакае, Схапіўшы за каўнер, і цягне ўміг на людзі. Там, вастрыё Сцізорыка упёршы ў грудзі, Гаворыць: «Граф вас просіць, паважаны пане, Зрабіць аб’яву — хай усім вядомым стане, Што Графу пераходзіць замак, двор Сапліцы І ўся зямля яго па ўсе яе граніцы, Як ёсць, cum gais,boris et graniciebus К metonibus, skultetis et omnibus rebus Et guibusdam aliis. Так брашы, як знаеш, Не прапускай нічога!» «Пан жа розум маеш, Пан Ключнік, — смела адазваўся ўжо Пратазы, — Гатоў я выканаць усе бакоў наказы, Аднак жа праўнай моцы мець не могуць акты, Уночы вымушаны гвалтам — вось вам факты». «Што тут за гвалт? — прамовіў Ключнік. — Далікатна Я вас прашу, калі ж вам цёмна і няздатна, Дык я Сцізорыкам так красану вашэці, Што свет, нібы ў сямі касцёлах, вам засвеціць!»