«Гервазанька, — прамовіў Возны, — што злавацца?
Я возны, і не мне у справах разбірацца,
Бо возны толькі абавязак свой спраўляе,
Калі дыктованае свету аб’яўляе.
Пасол законаў я, паслоў жа не караюць.
Чаму ж мяне тады пад вартаю трымаюць?
Я мігам акт спішу — ліхтарык прынясіце.
А зараз аб’яўляю: больш не гаманіце!»
I, каб лепш чутным быць, падняўся на бярвенні,
Што сохлі кучай каля саду ў зацяненні.
Узлез і знік, як бы яго ўміг вецер здзьмухнуў,
Пачулі толькі ўсе, як у капусту бухнуў,
Праз момант у каноплях бліснуў шапкай белай,
Што, нібы голуб, хутка ў цемры праляцела.
Даў выстрал Конаўка па ёй, ды не пацэліў.
Вось тычкі трэснулі — Пратазы ўжо у хмелі.
«Я пратастую!» — крыкнуў. Не баяўся болей,
Бо далей меў ён рэчку, луг балотны, поле.
І за пратэстам тым, што прагучаў, нібыта
Апошні стрэл гарматны з крэпасці здабытай,
Спынілася ў Сапліцаве супраціўленне.
Рабунак у двары пачаўся на здзіўленне:
Крапіцель правяраў аборы засяленне, —
Вала і двух бычкоў між рог здзяліў Крапілам,
А Брытва горлы ім падрэзваў. Быццам шылам,
Калоў Шыдэлка кабаноў і парасятак,
Уторкваючы шпагу ім каля лапатак.
І птушкі ў небяспецы — вось гусей грамады,
Нашчадкі тых, што ратавалі Рым ад здрады,
Дарэмна гагаюць, іх крык людзей не ўзрушыць.
Ўварваўся Конаўка ў катух, адных з іх душыць,
Другіх за пояс затыкае, цягне, глушыць.
Надарма гускі б’юцца, шыі выгінаюць,
А гусакі шыпяць і ворага шчыпаюць,
Бяжыць ён цераз двор, акрыты светлым пухам,
Зусім як несены гусіных крылляў рухам,
Як быццам стаў дамавіком — крылатым духам.
Разня ж найбольшая, хоць і найменш там крыку,
Сярод курэй. Іх Сак сцягнуў ужо без ліку,
Пятлёй чапляючы ў падстрэшшы на драбіне.
Так род шурпатак і чубатак марна гіне,
Бо Сак іх душыць і складае труп на трупах
Курэй, што на пярловых выкармлены крупах.
О, Сак! Скуль злосці гэтулькі ў табе ўзялося?
Табе твайго учынку не даруе Зося!
Гервазы ўспамінаць пачаў старыя часы:
Ён, паясы звязаўшы, пограба запасы
Выцягвае наверх на радасць і на дзіва —
Сівухі бочкі, бочку дубняку і піва.
Адны з іх адчыняюць, а другія бокам,
Нібы мурашкі, коцяць з крыкамі, з падскокам
У замак. Там прадбачыцца начлег, вячэра
І штаба графскага галоўная кватэра.
Кладуць сто вогнішчаў. Вакол дыміць, сквярэцца,
Сталы пад мясам гнуцца і гарэлка льецца,
А шляхта есць і п’е, пяе, не заціхае.
Аднак паволі той-сёй дрэмле, пазяхае,
За вокам гасне вока, вось ківацца сталі
I, дзе пілі і елі, там паападалі —
Той з місай, а той з куфлем ля валовай чвэрці.
Так перамог і пераможцаў сон, брат смерці.
Кніга дзевятая. Бітва
Змест: Пра небяспекі, якія вынікаюць з бязладнага абозу. Неспадзяваная падмога. Сумнае становішча шляхты. Прыбыцце манаха прадвяшчае паратунак… Маер Плут празмерным заляцаннем наклікае на сябе буру. Выстрал з пісталета — сігнал да бою. Подзвігі Крапіцеля, учынкі і небяспека Мацька. Конаўка засадай ратуе Сапліцова. Коннае падмацаванне, атака на пяхоту. Подзвігі Тадэвуша. Паядынак камандзіраў перапынены здрадай. Войскі ўдалым манеўрам перацягвае шалю бою. Крывавыя подзвігі Гервазага. Падкаморы — велікадушны пераможца.
А так храплі і гэтакім сном цвёрдым спалі,
Што іх не будзяць ліхтары, ні бляскі сталі,
Ні людзі, што напалі на безабаронных,
Як быццам павукі-касцы на мух паўсонных
Няхай якая бзыкне, ў той жа міг кат строгі
Спаўе ёй крыллі павуціннем, звяжа ногі.