А сон шляхоцкі быу цяжэйшы, чым сон мухаў
Не бзыкае ніхто, ляжаць зусім без духу,
Хоць сіла дужых рук іх брала, несла
I, як салому, адкідала ўбок і трэсла.
Ды Конаўка адзін, якому і ў павеце
Раўні не знойдзеш пры гарэлцы на банкеце —
Ён выпіць мог за раз не менш як дзве барылкі
І не ківацца, і гуторыць без памылкі,
Той, хоць і доўга піў, хоць і заснуў глыбока,
Ды знак жыцця даваў, адкрыў нямнога вока
І бачыць: што за мара? Два страшныя твары
Схіляюцца, на кожным з іх вусоў па пары,
Сапуць над ім і к вуснам бліжацца вусамі,
Рукамі ўзмахваюць, ківаюць карпусамі.
Спалохаўся, хацеў перахрысціцца скрыта,
Ды правая рука ля боку, як прыбіта.
Парушыў левай, ды дарма. Што гэта, духі
Так спавілі яго, як бабкі— павітухі?
Спалохаўся йшчэ больш, дык вока прымыкае,
Ляжыць, не дыхае — душа з яго ўцякае.
Крапіцель здумаў бараніцца, ды па часе!
Быў скручаны, ажно вяроўка упілася,
Але крутнуўся, прыпадняўся да паловы
I ўпаў на сонных, пакаціўся праз галовы.
Як рыба кідаўся па беразе пясчаным
І роў, нібы мядзведзь той ад смяротнай раны.
«Тут здрада!» — роў, і ўслед за ім тым самым складам
Узнялі крык другія: «Здрада! Гвалт! Тут здрада!»
А крык той далятае з рэхам да той залі,
Дзе Граф, яго жакеі і Гервазы спалі.
Гервазы ўміг прачнуўся, але дарма рвецца:
Так скручаны з мячом, што нават не кранецца.
Людзей чужых заўважыў ля акна ў прасветах
У вопратках зялёных, чорных спрэс кашкетах,
Узброеных. Адзін са стужкаю з павагай
Каманду падаваў. Паказваючы шпагай,
Шаптаў: «Вяжы, вяжы!» Жакеі на падлозе
Ляжаць у путах, Граф сядзіць у беднай позе
Без пут, але й без зброі. Са штыкамі грозна
Стаяць над ім удвух. Пазнаў іх, ды запозна!
Ах, маскалі!
Знаў Ключнік гэткія трывогі,
Не раз яму ў жыцці вязалі рукі, ногі,
Ды вызваляўся — рваў і путы і вяроўкі,
Бо дужы быў, сакрэты знаў і меў снароўкі.
Задумаў моўчкі ратавацца: жмурыць вочы,
Выцягваецца ўздоўж, нібыта ў сне і ўночы,
Падцягвае жывот і грудзі, жмецца дужа
І раптам корчыцца і дзьмецца накшталт вужа,
Што хвост і галаву зацягвае ў пярсцёнкі:
Так стаў Гервазы тоўсты, як спярша быў тонкі.
Вяроўкі падаліся, скрыпнуўшы аб косці,
Але не лопнулі. Ад сораму і злосці
Крутнуў Гервазы моўчкі твар крывы ад гневу
I абыякавы ляжаў, падобны дрэву.
Вось бубны вухнулі, уперад зрэдку, потым
Штораз гусцей грымелі клічам ці зваротам.
Пад той сігнал загад салдаты атрымалі
Жакеяў з Графам зачыніць пад варту ў залі,
А шляхту ў двор гнаць, дзе была другая рота.
Дарма злуе Крапіцель, рвецца з тых цянётаў.
А на двары ўжо мітусіліся, гудзелі
Падгайскія, Грачэхі, Бірбашы, Бяргелі —
Сябры і сваякі Суддзі, што наляцелі
Са зброяй у руках, пачуўшы аб нападзе,
Тым больш, што век былі з Дабрынскімі у звадзе.
Хто змог прывесці з вёсак батальён салдатаў?
І хто так хутка засцянкоўцаў тых раскратаў?
Асэсар? Янкель, можа? Розна гаварылі,
Аднак не ведае ніхто да гэтай хвілі.
І сонца ўжо ўстае крывава з шэрых ценяў
І берагам тупым, пазбаўленым праменняў,
З хмурын сівых, парваных, збітых бесталкова
Высоўваецца, быццам з горана падкова.
Ўздымаўся вецер, гнаў натоўпы хмар з усходу
Яны па-над зямлёй плылі, як крыгі лёду,
І кожная з тых хмар дождж дробны рассявае,
А вецер следам сушыць, росы абівае.
За ветрам тым пахмурак зноў ляціць вільготны
Так дзень уперамежку быў халодны, слотны.
Маёр тым часам загадаў цягнуць бярвенні,
Якія сохлі кучаю на прыгуменні,
У кожным з іх сякерай дзіры прасякаюць
І ў тых калодах ногі шляхты замыкаюць.
Абодва бервяны ў канцах цвікамі збіты,
Змыкаюцца пашчэнкамі сабак сярдзітых.
Вяроўкамі ж мацней салдаты вяжуць рукі
У шляхты на плячах, а дзеля большай мукі
Маёр загад даў зняць з галоў канфедэраткі,
З плячэй плашчы, на’т кунтушы і тарататкі.
І так вось забіякі, стаўшы ўміг рабамі,
Трасліся і званілі з холаду зубамі,
Бо сыпаў дождж, мачыў зямлю, рабіў балота.
Дарма злуе Крапіцель, рвецца з тых цянётаў.