Выбрать главу
Дарма, што ў згодным шчырым льюцца сугалоссі Суддзёвы, Талімэны просьбы і плач Зосі, Каб аблягчыць хоць трохі шляхты стан гаротны. Што праўда, афіцэр Мікіта Рыкаў, ротны, Не кепскі чалавек, не адмаўляўся крута Ад просьб, ды мусіў слухаць сам маёра Плута.
Маёр жа быў паляк, і родам быў з Дзяровіч, І называўся некалі, чуваць, Плутовіч, Ды лотрам стаў, перахрысціўся. Так бывае З палякам, калі ён край родны забывае. І Плут з люлькаю стаяў, у бокі падпіраўся, Нос дзёр і на паклоны на’т не азіраўся, А ў знак нездавальнення, дрэннага настрою, Пусціў клуб дыму і пасунуўся ў пакоі.
Суддзя тым часам Рыкава усё лагодзіць, Асэсара для гутаркі набок адводзіць: Як справу скончыць без суда, вядуць нараду, І як пазбавіцца праследу з боку ўраду. Тады к маёру Плуту так азваўся Рыкаў:
«Вось пан Маёр сабе адно клапот наклікаў: Што з вязнямі рабіць? Судзіць? Няшчасця многа Для іх, а вам за гэта не дадуць нічога. Вы знаеце, Маёр? Лепш справу залагодзіць, А пан Суддзя за труд вас добра ўзнагародзіць. Мы скажам, што прыйшлі сюды дзеля візіты, Дык козы будуць цэлы, і воўк будзе сыгы. Ёсць прыказка: ўсё можна, толькі асцярожна, І прыказка яшчэ: дзяры з казны, дзе можна, І прыказка яшчэ: мір лепшы за нязгоду. Заблытай вузел, а канцы уторкні ў воду. Не будзе рапарта, ніхто і знаць не будзе. Бог рукі даў, каб браць, вось што гавораць людзі!»
Маёр на гэта аж запырскаўся ад злосці: «Ты, Рыкаў, ашалеў? Тут служба, а не госці! А служба, брат, не дружба, ты дурны, Мікіта! Бунтаўшчыкоў пускаць? Ты ашалеў нібыта! У гэткі час ваенны? Га, паны палякі, Я навучу вас бунту! Дамся вам я ў знакі, Паны Дабрынскія! Дык вось як вас прыпёрла! (I гледзечы ў акно, смяяўся ва ўсё горла.) А гэта той Дабрынскі! Вунь ён у сурдуце — Гэй, зняць яму сурдут! Аднойчы на радуце Пачаў ка мне чапіцца без ніякай меры. Я ў танец, ён крычыць: „Вон злодзея, за дзверы!“ Што ў той час за ваеннай абкраданне касы Вялося следства, ну і меў я амбарасы, Дык што яму за справа? Я пайшоў мазурку, А ён крычыць услед мне: „Злодзей!“ Вось шляхцюрку Я ўзяў і з тымі, што падтаквалі прыдурку. Казаў я: „Эй, Дабрынскі, помні, прыйдуць козы Да воза. Га, Дабрынскі, бачыш? — будуць лозы!“»
Пасля, схіліўшыся, шапнуў Суддзі на вуха: «Калі жадаеце, каб выйшлі ўсе насуха, Ад кожнай галавы — па тысячы ў гатоўцы, Па тысячы, не менш — апошняе вам слоўца».
Суддзя стаў таргавацца, ды Маёр не слухаў, Зноў бегаў па пакоі, дьмам густа дзьмухаў, Падобны да ракеты з гэтае прычыны. За ім хадзілі з плачам, просячы, жанчыны. «Маёр, — сказаў Судцзя, — ў суд пойдзеш з гэтай справай, Што выйграеш? Тут не было бітвы крывавай, А што прапалі гусі, куры, парасяты, Дык згодна Статута, мне вернуць тыя страты, І з Графам без суда мы зробім прымірэнне — Суседскае, не больш тут, непаразуменне».
«А з Жоўтай Кнігай[49] вы знаёмы, пан Сапліца?» — Спытаў Маёр. «З якою кнігай?» — «Ды з крыніцай Законаў лепшых за ўсе вашыя статуты, Бо ў ёй, што слова: кнут, пятля, Сібір ды путы — Правоў ваенных кніга, што запанавала Замест статутаў вашых, вашых трыбуналаў. За гэткую распусту, на аснове ўказу, Найменей у Сібір вы пойдзеце ўсе зразу».
«Пастой, — сказаў Суддзя, — у нас ёсць губернатар!» «Тут рады, — Плут сказаў,— не дасць і імператар, Бо ведама, што цар, падпісваючы ўказы, Ласкава кару павялічвае ў два разы. Дык апеліруй, пан Суддзя, але, быць можа, Ў патрэбе знойдзем і на вас кручок прыгожы. Вось Янкель ваш — шпіён, за ім улада сочыць, А ён у вас карчму дзяржыць, людзей марочыць. Магу ўсіх вас, як ёсць, арыштаваць адразу». «Мяне? — спытаў Суддзя. — А па якому ўказу?» І ўсё што раз жывейшую вялі гаворку У час, як новы госць з’явіўся ў панадворку.
Ўязджаў дзіўны натоўп. Сярэдзінай дарогі, Нібы ляўфар, баран таўсты чатырохрогі Бег й ўзмахваў галавой. Рагі два абадкамі Віліся ля вушэй. Абвешаны званкамі, Два іншыя рагі тырчэлі з ілба вонкі, Пры руху галавы давалі голас звонкі. Баран вёў коз, валоў, авечак, а за статкам Чатыры грузныя вазы ішлі парадкам. Усе згадалі, што над’ехаў ксёндз па зборы, Дык і Суддзя, пакінуўшы перагаворы, Пайшоў сустрэць гасця. Ён ехаў на падводзе Пярэдняй, твар схаваўшы у каптур, па модзе Манашай, ды яго пазналі. У спакоі, Мінуўшы вязняў, глянуў, знак зрабіў рукою. І хто другі фурман, пазнаць было не цяжка: Мацей, хоць на плячах мужыцкая сярмяжка. Убачыўшы яго, крычаць усе пачалі, А ён сказаў ім: «Дурні!» Знак даў, каб маўчалі. Прусак — на трэцім возе ў каптане пацёртым. А Зан з Міцкевічам сядзелі на чацвёртым.
вернуться

49

«Жоўтая кніга», за колер вокладак гэтак празваная, — кніга варварскіх ваенных рускіх законаў. Часта ў мірным часе ўрад аб’яўляе цэлыя правінцыі на ваенным становішчы і на аснове «Жоўтай кнігі» аддае ваеннаму камандзіру поўную ўладу над жыццём і маёмасцю грамадзян. Вядома, што ад 1821 года аж да рэвалюцыі ўся Літва падпарадкоўвалася «Жоўтай кнізе», экзекутарам якой быў вялікі князь-цэсарэвіч.