«Маёра слова! Мне не быць расіянінам,
Калі я лгу! Няхай я буду сукінсынам,
Калі я лгу! Спытай, пацвердзяць афіцэры
Усе, як ёсць, калі не хочаш даць мне веры,
Што ў арміі другой, у корпусе дзевятым
Дывіз’і першай, у палку пяцідзесятым
Егерскім, Плута лічаць першым мазурыстам.
Хадзі, паненка! Што ты гэтак наравіста!
Бо я па-афіцэрску пакараю злюку…»
Тут скокнуў і, схапіўшы Талімэны рукі,
Шырокім пацалункам у плячо ёй пляснуў.
І тут яму Тадэвуш ёмка ў шчоку ляснуў.
Цалунак з аплявухай так адначасова
Азваліся ў пакоі, як за словам слова.
Маёр стаў слупам, пабялеў і на знявагу
Ускрыкнуў: «Бунт! Бунтар!» — і, выхапіўшы шпагу,
Хацеў прабіць, ды ксёндз к Тадэвушу падскочыў,
Даў пісталет. «Смалі! — ускрыкнуў,— проста ў вочы!»
Схапіў, прыцеліўся Тадэвуш, пальнуў скора,
Ды толькі асмаліў і аглушыў маёра.
З гітарай скокнуў Рыкаў. «Бунт! — крычыць, — як можна!»
Бяжыць к Тадэвушу; тут Войскі бестрывожна
Махнуў рукой наводля, нож аж толькі свіснуў
Паміж галоў і перш ударыў, чым узбліснуў,
Трапляе ў дно гітары, б’е яго на чвэрці.
Схінуўся трохі Рыкаў і ўцёк так ад смерці.
Тады трывожна крыкнуў: «Егры! бунт! Ей Богу!»
I, шпагу вырваўшы, прасоўваўся к парогу.
А тут з другога боку, як паўстала спрэчка,
Праз вокны шляхта рвецца, камандзір — Рузэчка
Вось Плут у сенях, Рыкаў з ім, крычаць трывогу,
І тры салдаты ім спяшаюцца ў падмогу.
Уміг праз дзверы ўлазяць тры штыкі, мушкеты,
А ззаду чорныя прыгнутыя кашкеты.
Мацей, падняўшы Розгу, стаў за вушакамі,
Сачыў цішком, як быццам кот за пацукамі,
Аж рубануў; усе мо збіў бы тры галовы,
Але стары не згледзеў, ці ўжо быў нярвовы,
Бо перш, чым шыі выткнулі, цяў па кашкетах,
Збіў іх, а Розга зазваніла па мушкетах —
Дык егры адступаюць, Мацек вон іх гоніць
На двор.
А там ужо бушуе ўсё, гамоніць.
Прыхільнікі Суддзі, не трацячы нагоды,
Бягуць Дабрынскіх ратаваць, знімаць калоды.
На гэта егры дай хапаць свае мушкеты,
Сяржант Падгайскага парнуў у часе гэтым,
Двух іншых раніў ля Хрысціцеля калоды,
Пасля даў стрэл. Хрысціцель блізкі быў свабоды,
Ужо меў рукі вольныя, дык без размовы
Падняў высока ўгору свой кулак пудовы
І гэтак стукнуў у хрыбет расіяніна,
Што ўплюшчыў твар яго ў жалеза карабіна,
Дык порах, кроўю змочаны, не запаліўся,
А сам сяржант ля ног Хрысціцеля зваліўся.
Хрысціцель гнецца, карабін бярэ за дула
І круціць, аж паветра загуло, раўнула.
Млынкуе, валіць двух салдат, ды гэтых мала —
За імі ўраз трапляе ў галаву капрала.
Друтія адступаюць ад яго са страхам.
Вось так жывым Крапіцель прыкрываўся дахам.
Развязаны ўжо рукі, збіты ўсім калоды,
І шляхта на ксяндзоўскія бяжыць падводы,
З іх дастае рапіры, шаблі, стрэльбы, косы,
А Конаўка знайшоў два штурмакі. Калёсы
Умяшчалі і шмат куль. Узрадваўся ваяка,
Бярэ штурмак сабе, другі дзяржыць для Сака.
А еграў прыбывае, збіліся, таўкуцца,
І шляхце ўжо няма як шабляй размахнуцца.
Страляць не могуць егры, б’юцца гурмай зблізку:
Па сталі звоніць сталь, мігцяць іскрыста ўзбліскі,
Б’е шаблю штык, каса сячэ эфес, скуголіць,
Кулак таўчэ кулак, плячо плячо няволіць.
Дык Рыкаў кінуўся ў напрамку, дзе стадола
Сышлася з плотам; кліча еграў, каб наўкола
Спынялі бой такі дурны і бесталковы,
Дзе ўсе без выстрала паскладваюць галовы.
Злы быў, што сам страляць не можа, бо ў таўчэчы
Свайму, замест чужога, ўсадзіш кулю ў плечы,
Дык: «Стройся! Гэй ка мне!» — выкрыкваў Рыкаў,
Але яго каманда нікне сярод крыкаў.
Мацей, да рукапашнай бітвы ўжо не здольны,
Памалу адступаў і шлях праторваў вольны
Направа і налева: то канцом Рузэчкі
Сцірае штык з ствала, як быццам кнот са свечкі
То зноў наводля замахнецца, рэжа, коле.
Так Мацек асцярожна адступаў у поле.
Але з найбольшым цісне на яго напорам
Гефрэйтар пажылы з інструктарскім задорам,
Мастак баёў штыковых. Ён, сабраўшы сілы,
Схапіў аберуч карабін, ідзе пахілы,
Адной рукой затвор, другою ствол сціскае,
Падскаквае і круціцца; то штык спускае,
То сам прысядзе, то зноў выцягнецца дужа
І штык папхне наперад, як джыгала вужа,
То ўзад рване і на калене апірае,
I так штораз мацней на Мацька насядае.