Выбрать главу
Стары Мацей пазнаў майстэрскія удары, Уздзеў сабе на нос ляўшою акуляры, А пры грудзях трымаў Рузэчкі рукаятку. Здае назад, глядзіць, ды не ўступае ў схватку, Сланяецца крыху, як быццам трохі п’яны. Гефрэйтар цісне больш — Мацей ледзь не спайманы. Дык каб лягчэй дагнаць, прабіць штыком старога, Узняўся ды адну руку падаў замнога. На карабін, папхнуўшы, гэтак наваліўся, Што ад вагі той зброі значна нахіліўся, А Мацек шаблі рукаятку ў тую ж пору На стык ствала з штыком падставіў, б’е угору І апускае Розгу на далонь салдата, А потым рассякае твар яго вусаты. Так паў фехтмайстар знатны з прымаскоўскіх даляў, Крыжоў трох кавалер і чатырох медаляў.
Тым часам ля калодаў шляхта рускіх біла І скрозь перамагала. Там граміў Крапіла, Здалёку бачны, Брытва з ім — у самай гушчы; Той рэжа напалам, а той галовы трушчыць. Так, як машына, што германцы збудавалі, А потым малатарняю яе назвалі, Якая адначасна сечку рэзаць можа — Сячкарняй быць і малаціць цапамі збожжа, Так Брыгвачка з Крапілам у варожым стане, Той знізу, той згары, рабілі замяшанне. Крапіцель раптам пакідае перамогу, Бяжыць направа, бо ў душы адчуў трывогу За Мацька. Там адпомсціць прапаршчык жадае За смерць гефрэйтара, шпантонам насядае. (Шпантон — сякеру з пікай рэдка хто ўжывае Цяпер, але яшчэ бытуе ён у флоце, А ў той час сустракаўся часта і ў пяхоце.) Дык прапаршчык-юнак вёў наступленне ўмела: Ледзь зброя ад удару ўтору падляцела, Ён адступаў, бо бачыў — Мацек не дагоніць, Што ён, не ранячы, адно сябе бароніць. Ужо бердыш узняты быў на ўдар вялікі, Ужо чапіў Мацея злёгку кончык пікі, Хрысціцель не паспее — стаў сярод дарогі, Крутнуў даўбню і кінуў ворагу пад ногі. Скрышыў нагу, дык прапаршчык шпантон з рук кінуў, Хістаецца. Тут шляхты гурт уміг нахлынуў, За шляхтай гурма маскалёў услед валіла, І тут нанова бой пачаўся ля Крапіла.
Хрысціцель, страціўшы сваю праз Мацька зброю, З уласнай ледзь не развітаўся галавою, Бо ззаду на яго напалі два салдаты, Рукамі чатырма за валасы заўзята, Упёршыся нагамі, цягнуць, быццам ліны, Прывязаныя к мачце нёманскай віціны. Дарма назад удары шле ён раз за разам, Хістацца стаў, аж бачыць: б’ецца вось Гервазы, Дык крыкнуў: «Божа мой! Сцізорык, на падмогу!»
Пачуўшы ў голасе Хрысціцеля трывогу, Гервазы апусціў Сцізорык свой узняты Ля галавы Хрысціцеля, на рукі тых салдатаў. Адскочылі, падаўшы разам страшны голас, Але адна рука, заблытаная ў волас, Крывёй сцякаючы, матлялася, вісела. Так орлік, кіпцюры ўсадзіўшы зайцу ў цела, Другою лапай на бягу ствол дрэва зловіць, А заяц, скокнуўшы, арла перапаловіць, І ў лесе застаецца частка з лапай правай, А звер ляціць у поле з леваю крывавай.
Крапіцель вольны, дык вачыма вокал водзіць, Шукае з крыкам зброю, але не знаходзіць, Тым часам кулаком таўчэ, ідучы ў кроку Гервазым, ля яго трымаючыся боку. Ды раптам бачыць сына Сака недалёка. Той праваю рукой дзяржыць штурмак, а левай Валочыць за сабой даўгое ў сажань дрэва З той крамянёвай, гузаватай булавою[50] (Хрысціцель толькі можа ўзняць такую зброю). Крапіцель, згледзеўшы здалёк сваё Крапіла, Падбег, схапіў, пацалаваў, настолькі міла Было яно яму; крутнуў — паветра ўзвыла.
Што потым вытвараў ён і ў якім памеры, Дарма пяяць, не будзе, знаю, музе веры, Так як не верылі і ў Вільні той жанчыне, Што, стоячы на Вострай Брамы лукавіне, Убачыла, як Дэеў, генерал пяхоты, Ішоў з палком казакаў, адчыняў вароты І як тут мешчанін, што зваўся Чарнабацкі, Збіў Дэева і знішчыў цэлы полк казацкі[51].
Даволі, што было так, як прадбачыў Рыкаў: Хістацца сталі егры, вось чутно ўжо з крыкаў. Аж дваццаць тры валяюцца на смерць забітых, Больш трыццаці ўжо мучацца ад ран адкрытых, Шмат іх пабегла ў сад, за рэчку, ў хмель ад здзекаў, І колькі ў дом убегла пад жанчын апеку.
вернуться

50

Літоўская булава робіцца гэткім чынам: наглядаюць малады дуб і насякаюць яго ад нізу да верху сякерай так, каб, разрэзаўшы кару і мяздру, злёгку параніць дрэва. У гэтыя насекі утыкаюць вострыя каменні, якія з часам урастаюць у дрэва і ўтвараюць цвёрдыя гузы. У старажытныя часы булавы з’яўляліся галоўнай зброяй літоўскай пяхоты; ужываюцца яшчэ часамі дагэтуль і завуцца «насекамі».

вернуться

51

Пасля паўстання Ясінскага, калі літоўскія войскі адступалі пад Варшаву, маскалі набліжаліся да пакінутай Вільні. Генерал Дэеў на чале штаба ўязджаў праз Вострую браму. Вуліцы былі пустыя, жыхары пазамыкаліся ў дамах. Адзін мешчанін, заўважыўшы гармату, пакінутую ў завулку і набітую карцеччу, накіраваў яе на браму і выстраліў. Гэты адзін стрэл выратаваў тады Вільню: генерал Дэеў з некалькімі афіцэрамі загінуў, а рэшта, баючыся засады, адступіла ад горада. Не ведаю дакладна прозвішча таго мешчаніна.