Дык шляхта з перамогі ўся у захапленні —
Той цягне ўжо трафей, там бочку ўжо абселі —
Абставін бою, як відаць, не разумелі.
Адзін ксёндз Робак справу знаў (яму каноны
Не дазваляюць біцца), ды, жыццём наўчоны,
Ён радзіў, як лепш біць, і пляц абходзіў бою,
Каманду падаваў і вокам, і рукою
І зараз заклікаў, каб у адно злучацца,
На Рыкава ударыць, з рэштай расквітацца.
А Рыкаву праз пасланца паведамляе,
Што той жыццё, хто кіне зброю, захавае.
Калі ж прадоўжыць далей капітан змаганне,
То ўміг атрад акружаць, высекуць да-звання.
А Рыкаў не намерваўся прасіць пардону.
Сабраўшы ля сябе палову батальёна:
«За зброю!» — крыкнуў. Па загаду каітана
Ўміг зброя хруснула, даўно панабівана.
Ён крыкнуў: «Цэль!» Ствалы заззялі шнурам цэлым.
Скамандаваў: «Агонь чаргой!» — б’е стрэл за стрэлам.
Страляе той, той набівае, той наводзіць,
Свіст куль, затвораў трэск з канца ў канец праходзіць,
Шарэнга выгінаецца, як звер паўзучы,
Які махае спрытна сотняй ног бліскучых.
Хоць кожны з еграў быў ад спірту моцна п’яны,
Цаляць не мог ніхто, ды ўсё ж наносяць раны,
А той-сёй і заб’е. Праз момант двух Мацеяў
Падбілі, і адзін забіты з Баўтрамеяў.
А шляхта б’е ў адказ ім з некалькіх рушніцаў,
На шаблі з еграмі жадаючы счапіцца,
Старэйшыя спыняюць, кулі ж свішчуць густа,
Трапляюць, гоняць. На двары ўміг будзе пуста,
Па шыбах дому звоняць часта, б’юць па рамах.
Тадэвуш, што павінен быў сядзець пры дамах
З загаду дзядзькі, чуючы, што справы горай
Пайшлі, дык выбег, з ім пабег і Падкаморы,
Якому шаблю ўжо Тамаш прынёс нарэшце.
Спяшаецца, камандуе, як бой правесці.
Бяжыць, падняўшы шаблю, шляхта — побач, радам,
А егры сыпанулі ў іх куль цэлым градам.
Паў Вільбік, Ісаевіч, Брытва злёг ад раны.
Тады напад той бесталковы быў стрыманы
Мацеем з Робакам. Дык шляхта халадзее,
Здае назад. Такая маскалям падзея
Узнімае дух, і Рыкаў меціць адным махам
Ачысціць двор і апынуцца ўміг пад дахам.
«Фармуйся! — крыкнуў. — На штыкі! Наперад! Жвава!»
І ўміг уся шарэнга са штыкамі лавай
Хінецца, рушыцца і прыбаўляе кроку.
Дарма страляе шляхта спераду і збоку,
Палову ўжо двара прайшоў атрад з адвагай,
А капітан, на дзверы паказаўшы шпагай,
Крычыць: «Суддзя! Здавайся! Двор спаліць прыкажам!»
«Палі! — крычыць Суддзя. — Цябе ў агні падсмажым!».
О, двор Сапліцаўскі! Калі цяпер ты цэлы
І свеціцца між ліпаў твой будынак белы,
Калі там шляхты грамада, суседзі
Сядаюць за сталы Суддзёвы пры абедзе,
То Конаўкі здароўе п’юць абавязкова,
Бо каб не ён, даўно б не стала Сапліцова!
Дагэтуль Конаўка не меў яшчэ нагоды
Адвагі доказ даць, хоць першы ўстаў з калоды,
Хоць конаўку знайшоў у возе дарагую —
Штурмак свой мілы, куляў торбачку-другую,
Ды біцца не хацеў, казаў, што мала варты
Бывае нашча, дык ішоў шукаць паўкварты.
Да бочкі спірту падышоў, зачэрпнуў жменяй,
І ўжо калі пачуў, што выпіў болей-меней,
Паправіў шапку, конаўку сваю пагладзіў,
Памацаў кулю шомпалам, затвор наладзіў
І аглядзеў пляц бою. Бачыць, доўгай хваляй
Блішчаць штыкі і гоняць шляхту штораз далей.
Дык пачынае супраць гэтай хвалі плысці,
Дае нырца ў быллё, паўзе ў густэчы лісця
І пасярод дзядзінца ў крапіве знікае,
Хаваецца і Сака жэстам заклікае.
А Сак са штурмаком парог аберагае,
Бо ў гэтым доме недзе Зося дарагая.
І хоць не раз ад Зосі быў ён адапхнёны,
Цяпер жыцця не шкадаваў для абароны
Вось егры ў крапіву ўступаюць роўным крокам…
Тут Конаўка даў стрэл. Штурмак ствалом шырокім
Пускае тузін куль разных па грознай хвалі.
Другі — пускае Сак. І маскалёў стрымалі —
Спалоханы засадай рад канцы звівае
Назад, а раненых Хрысціцель дабівае.
Гумно далёка — каб не рассыпаць народу,
Дык Рыкаў падбягае пад паркан гарода,
Трымае ўцекачоў, камандуе талкова,
Зноў ладзіць строй, ды толькі ўжо манерай новай,
Рыхтуе трохвугольнік вострым клінам з ходу,
А цэнтр абапірае аб паркан гароду.
І правільна зрабіў, бо конніца йшла здалі.