На гэта Падкаморы шаблю узнімае,
Праз Вознага пардон агульны аб’яўляе.
Загад даў раненых пабраць, ачысціць поле,
А еграў абяззброеных браць у няволю.
Шукалі доўга Плута, ён жа, як забіты,
Ляжаў у крапіве, быллём ад вока скрыгы.
Калі заціхла ўсё, ён выйшаў для разведкі.
Ў Літве наезд апошні меў канец вось гэткі[52].
Кніга дзесятая. Эміграцыя. Яцак
Змест: Нарада пра выратаванне лёсу пераможцаў. Перамовы з Рыкавым. Развітанне. Важнае адкрыццё. Надзея.
Аблокі ранішнія тыя, што ў разбродзе
Плылі спярша, як птушкі чорныя, на ўсходзе
Штораз гусцелі і, ледзь сонейка апала
З паўдня, іх грамада паўнеба ўраз заслала
Вялізнай хмараю. Яна ўсё напаўзала,
Клубілася, гусцела і ніжэй звісала,
I, адарваная ад неба палавіны,
Разгорнутая, быццам ветразяў тканіны,
К зямлі ўвагнутая, ўвабраўшы ветры к ходу,
З паўдня праз неба паляцела ў бок заходу.
Быў момант цішыні, паветра ўсцяж стаяла
Маўкліва, глуха, бы з трывогі замірала.
І нівы збожжа, што пад ветрамі густымі
Зямлю краналі каласамі залатымі
І хвалямі кіпелі, сталі нерухома
І ў неба пазіралі ўздыбленай саломай.
І вербы ў зелені, таполі пры дарозе,
Якія перш, як плачкі ля труны ў знямозе,
Рукамі трэслі і ў паклонах гнулі станы
Ды з ветрам распускалі волас серабраны,
Цяпер, як мёртвыя, з азнакамі жалобы,
Стаяць без шолаху, накшталт сыпільскай Ньобы.
Асіна толькі шэпча лісцем сіваватым.
I статак, што звычайна ледзь брыдзе дахаты,
Цяпер бяжыць, прынук пастушых не чакае,
Кідае ежу і дамоў з травы ўцякае.
Бугай нагою землю рве, капае рогам
І гурт свой запалохвае рыканнем строгім.
Карова штораз то ўзнімае ў неба вока,
Разінецца ад дзіву і ўздыхне глыбока.
Вяпрук злуе, вішчыць, з дарогі ўбок ступае,
Крадзе снапы і цягне — на запас хапае.
А птаства ў лес схвалася, пад стрэхі, ў травы.
Адных варон над ставам бачан гурт рухавы,
Яны паважна ходзяць кучкамі і ўпары,
Кіруюць вочы чорныя ўбок чорнай хмары,
Высоўваюць сухія языкі ад рання,
Разводзяць крыллі ўбок, чакаючы купання;
Ды і яны, у прадчуванні навальніцы,
Ляцяць у лес, як хмара, што гарой імчыцца.
Апошняй ластаўка, нібы стралы ударам,
Прашые чэрава навісшай чорнай хмары
І валіцца, як куля.
Вось у гэтай хвілі
Крывавы жорсткі бой праціўнікі спынілі,
І ўсе хаваюцца пад стрэхі грамадою,
Цяпер паспешна пакідаючы пляц бою
Для барацьбы стыхіяў.
Зямля на захадзе, дзе сонца залаціла,
Яшчэ панура-жоўтай чырванню свяціла.
А хмара, быццам сеці, распускае цені,
Ляціць за сонцам, заграбае ўслед праменні,
Нібы глынуць яго хацела прад заходам.
Вось віхры раз за разам прасвісталі сподам,
Ляцяць і кроплі дажджавыя раскідаюць,
Якія круглым, ясным градам ападаюць.
І раптам віхры збіліся, ўзяліся ўполы,
Качаюцца і ўюцца з посвістам вясёлым,
Ваду у ставе муцяць, кружаць па заставах,
На луг апалі, свішчуць у лазе і травах.
Трашчыць галлё лазы, ўзлятаюць траў пакосы
На вецер, быццам жменяй вырваныя косы
У гурце з кудрамі снапоў. Вятры ўжо выюць,
Спадаюць на раллю, качаюцца ў ёй, рыюць,
Рвуць скібы — трэцяму вятрыску б’юць праломы,
Што вырваўся з раллі слупамі чарназёму,
Ўздымаецца, рухомай пірамідай крочыць,
Ілбом грунт круціць, зоркам гоніць пыл у вочы,
Штокрок шырэе, дзьмецца ў страшную фігуру
І той трубой агромнай аб’яўляе буру.
Аж вось з усім хаосам вод расхваляваных,
Пяску, сукоў, лістоў, саломы, траў нарваных
Віхры на лес напалі і па нетрах пушчы
Мадзведзямі ўзраўлі.
А дождж палеткі плюшчыць
Густы, як з сіт. Раўнулі раптам громы,
Зліліся зразу кроплі ў струны і без стомы
Касою доўгай вяжуць землю і нябёсы,
А часам бухнуць, як з вядра, вады палосы.
На землю і на неба змрок густы садзіцца,
Чарнейшая за ноч іх крые навальніца.
Часамі краявід прарвецца ўдаль бясконца —
Анёл грамоў, накшталт вялізарнага сонца,
Рассвеціць твар, ды зноў, акрыты цьмой грубою,
Захлясне перуном хмар дзверы за сабою.
Ізноў мацнее бурны лівень той навальны
І змрок грубы, густы, амаль што дакранальны.
Зноў ціхне дождж, задрэмле гром, ды па хвіліне
Прачнецца, зноў раўне і зноў вадою хлыне.
Аж вось заціхла ўсё, і толькі дрэвы
Шумяць ля дому разам з хлюпатам залевы.
вернуться
52
Бывалі і пазней яшчэ наезды, хоць не такія слаўныя, аднак шумныя і крывавыя. Каля 1817 года грамадзянін У… ў Навагрудскім ваяводстве пабіў на наездзе ўвесь наваградскі гарнізон і ўзяў у палон камандзіраў.