Выбрать главу
Гаворка запынілася, усе маўчалі Хвіліны тры, а потым ціха зашапталі, І гэтак пачалося гукаў нарастанне. Мужчыны абмяркоўваць сталі паляванне: Асэсар з Рэентам, стралкі два і гулякі[9], Узнялі шум наконт куртатага сабакі, Якім пан Рэент, гаспадар яго, хваліўся І ўсё цвярдзіў, што ён за зайца перш хапіўся. А вось Асэсар са свайго даводзіў боку, Што гэту славу заслужыў яго хорт Сокал. Дапытваліся ў іншых, але розна ў залі Пра Сокала і курту госці меркавалі, Адны як знатакі, а іншыя як сведкі. Суддзя паўголасам звярнуўся да суседкі: «Прабач, прашу, што мы з вячэрай не чакалі, Не выпадала адкладаць, бо спагадалі, Што госці стомленыя, ды і час не ранні. Я думаў, мо не прыйдзеш на вячэру, пані». I з Падкаморым пры напоўненым кяліху Размову палітычную павёў паціху.
Калі ўсе зноў да страў вярнуліся з ахвотай, Тадэвуш на суседку стаў глядзець употай. Прыпомніў, што, не могучы вачэй адвесці Ад крэсла, адгадаў, хто тут павінен сесці, Дык чырванеў, бо ў сэрца краўся непарадак, Хоць з ім разгадку ўбачыў тайнаў і здагадак. Магчыма, суджана было, каб тут ля боку Сядзела прыгажуня, стрэтая ў паўзмроку. Прызнацца, паказалася вышэйшай быццам, Але ж магла ад вопраткі перамяніцца. І колер валасоў у той, нібы, не гэткі, А ясна-залаты, а гэта — тып брунеткі. Ды ў тым віна, магчыма, сонца немалая — Яно ж так чырванню пры захадзе палае. Тады не ўбачыў твару — вельмі хутка знікла, Але яго ўяўляць ужо душа прывыкла. Ён там угадваў чорненькія вачаняты, Твар белы, вусны, быццам вішанькі-блізняты. І тут убачыў тыя ж вусны, твар і вочы, Ды вось з узростам думка зладзіць штось не хоча Гароднічка была дзяўчынкай загарэлай, А гэта паняй вопытнай здалася, смелай, Ды ў метрыкі красунь юнак не заглядае, Для хлопца кожная жанчына маладая, І ён прызнаць равесніцай любую можа, Цнатлівай — кожную, што з выгляду прыгожа.
Тадэвуш, хоць налічваў тод ужо дваццаты, У Вільні жыў, дзіцём яшчэ адбыўшы з хаты, Пад вокам у ксяндза, што меў заданне Яму суровае, даўнейшае даць выхаванне. Дык вось, прывёз Тадэвуш у свой дом айчынны Жывое сэрца, ясны розум, дух нявінны І з тым ахвоту немалую пасваволіць. Ужо зараней ён рашыў сабе дазволіць Нацешыцца даўно чаканаю свабодай. Быў малады і неабдзелены прыродай: Здароўем, сілай мог сапраўды ганарыцца. Сапліцам зваўся, а вядома, што ў Сапліцаў Мужчына кожны быў шыракаплечы, дужы, Ваяка добры, хоць да кніг і менш дасужы.
Тадэвуш ад дзядоў сваіх не адрадзіўся: І пешшу мог хадзіць, і на каня садзіўся. Тупы не быў, ды ад вучобы ўзяў не многа, Хоць дзядзька для яго не шкадаваў нічога. Ён ахватней страляў ці шабляй забаўляўся, Бо для вайсковай службы змалку рыхтаваўся, Каб быць у згодзе з бацькавай апошняй воляй. Дык сумаваў па бубне, седзечы у школе. Ды вось намер чамусьці колішні змяніўся, І дзядзька даў наказ, каб ехаў, ажаніўся І стаў гаспадаром. Казаў, што на пачатак Яму дасць вёску, а пасля і ўвесь дастатак. К Тадэвушу цягнулі гэтыя прычыны Цікаўны зрок суседкі, ўважлівай жанчыны. Яна памерала крытычным быстрым вокам Яго плячыстасць, стан, грудзей разлёт шырокі, Пагпядвала на твар, што мігам загараўся, Калі з яе вачыма хлопец сустракаўся, Бо ўжо нясмеласць першая ў яго прапала. Глядзеў ён вокам смелым, што агнём палала, Глядзела і яна гарэзліва, заўзята, І тлелі зрэнкі іх, як свечкі ў час раратаў.
вернуться

9

Асэсары ўтвараюць земскую паліцыю павету. Паводле ўказаў, часамі выбіраюцца грамадзянамі, часамі прызначаюцца ўрадам. Тыя апошнія завуцца кароннымі. Асэсарамі завуцца і апеляцыйныя суддзі, але тут гаворка не пра іх. Рэенты актавыя кіруюць канцылярыяй, дэкрэтавыя пішуць прысуды, а ўсіх іх прызначаюць на пасаду судовыя пісары.