Выбрать главу
Той змрочны жэст усе ў пакоі зразумелі, Глядзелі навакол, прагаварыць не смелі, І доўгі час трывала гэткае бязмоўе. Азваўся Рыкаў: «Воўк цягаў на безгалоўе!» «Requeskat in pace», — мовіў Падкаморы. «Відаць, — Суддзя сказаў,— па Божым прыгаворы, Ды я не вінен, я не ведаў гэтай справы». Ўзарваўся ксёндз з падушак бледны, але жвавы
Зрок скіраваў на Ключніка і ў неспакоі Прамовіў: «Грэх забіць палоннага, без зброі! Хрыстос вучыў не крыўдзіць помстаю нікога! Ой, Ключнік! Цяжка ты адкажаш перад Богам. Адно ёсць апраўданне, — іншым мовіў тонам, — Калі не з помсты ты, а… pro publico bono». Дык Ключнік і рукой, і галавы наклонам, Міргаючы патакваў: «Pro publico bono!»
І больш не ўспаміналі пра маёра Плута. Дарма назаўтра кожны абышлі закутак, Дарма назначылі за труп узнагароду, Маёр бясследна знік, нібы ўваліўся ў воду. Аб тым, што сталася з ім, розна гаварылі, Ды праўды ні тады, ні потым не адкрылі. Пыталі ў Ключніка, ды той аднакім тонам Усім адказваў толькі: «Рro publico bono!» Хоць Войскі нешта ведаў, ды пад словам чэсці Маўчаў і на нішто умеў адказы звесці.
Пасля размовы выйшаў з кабінета Рыкаў, А ксёндз цераз Суддзю ўсіх змагароў паклікаў. Да іх прамовіў Падкаморы з асцярогай: «Браты! Бог нам памог, за намі перамога, Ды я павінен вам усім сказаць адкрыта, Што справа гэтая не будзе нам забыта. Зблудзіліся мы ўсе, і ўсе мы вінаваты: Ксёндз Робак, што навіны нёс нам ранавата, А Ключнік з шляхтаю, што кепска зразумелі. Вайна пачнецца не тады, як мы б хацелі.
Тым часам, хто больш дзейна вёў сябе ў змаганні, Таму падумаць зараз трэ’ аб развітанні, Бо ў Княства уцякаць з вас многім давядзецца. Так вось Мацей, які Хрысціцелем завецца, Тадэвуш, Брытва, Конаўка, ну і другія За Нёман хай нясуць галовы дарагія. А мы тут на адсутных звальваць будзем віны І на Плута, бо хопіць нам тут цяганіны. Бывайце, не надоўга, бо ўсё ж ёсць надзея, Што нам вясной зара свабоды заяснее І край, што вас сягоння гоніць у вандроўку, Як збаўцаў, хутка буцзе сустракаць вас зноўку. Суддзя ўсё, што вам трэба, дасць вам на дарогу, І я грашыма акажу вам дапамогу».
Было ўсім ясна: Падкаморы добра радзіў, Бо хто з царом хоць бы адзін раз не паладзіў, Той з ім ужо не змірыцца ніколі шчыра І змушаны ці біцца, ці згніе ў Сібіры. Дык у маўчанні сумным азірацца сталі, Ўздыхнулі і галовамі ўсе заківалі. Хоць наш зямляк, у чым усе даўно ўжо згодны, І любіць больш жыцця і шчасця край свой родны, Аднак яго пакінуць згодзіцца заўсёды, Гатоў цярпець нястачы, здзек даўгія годы, З людзьмі і лёсам ваяваць і ўсё падужаць, Калі ў ім ёсць надзея, што радзіме служыць.
Дык заявілі ўсе, што выехаць гатовы, Ды толькі Бухман не згаджацца меў асновы. Разважны Бухман у змаганне не ўмяшаўся, Але ў народзе голас свой падаць стараўся. Праект знаходзіў добрым, толькі перайначыць Хацеў яго, развіць, больш ясна растлумачыць, А перш за ўсё яшчэ камісію назначыць, Якая б эміграцыі раскрыла мэты, Умовы, спосабы і іншыя сакрэты. На жаль, сягоння шляхта часу мела мала, Таму з тых Бухманавых рад не скарыстала. Развітваюцца ўсе, каб у дарогу рушыць.
Суддзя стрымоўвае ў пакоі Тадавуша, Ксяндзу гаворыць: «Расказаць намер я маю Табе, што з дня ўчарашняга напэўна знаю, Што наш Тадэвуш закаханы шчыра ў Зосю. Хай перад выездам рукі яе папросіць. Пытаў я ў Талімэны — не перашкаджае, І Зося волю нашу згодай пацвярджае. Няма як павянчаць іх сёння ў гэтай хвілі, Дык можа б мы іх, браце, зараз заручылі, Таму што сэрца маладое ў падарожных, Як ведаеш, спакусаў многа мае розных. А вось ужо, хоць маладому, пры пярсцёнку Трудней забыцца будзе, што пакінуў жонку, І так памалу ў ім гарачка прамінае, — Такую сілу заручальны персцень мае.
Я сам афект вялікі меў таму год трыццаць Да панны Марты, а дагэтуль не забыцца. Былі заручаны мы, ды з Божай волі Не суджана было нам мець шчаслівай долі — Асіраціла беднага мяне Вайшчанка, Майго прыяцеля дачушка, Грэчашанка, І не пакінула на памятку нічога, Апроч вось гэтага пярсцёнка залатога. Дык гляну на яго, і мігам набягае Яна на думку мне, і Бог мне памагае Быць верным ёй і не забыцца век той страты. Вось зараз я ўдавец, хоць і не быў жанаты І хоць у Войскага і ёсць дачка другая, Падобная да той, што мне так дарагая». Пры гэтым, глянуўшы на персцень чулым вокам, Слязу абцёр і ад душы ўздыхнуў глыбока. «Дык як, заручыш іх? — спытаў. — Бо ёсць прычыны Ён любіць і ёсць слова цёткі і дзяўчыны».