Выбрать главу
Але Тадэвуш падбягае ўсхваляваны І кажа: «Ўдзячны я вам, дзядзечка каханы, Што аб маім вы шчасці гэткі клапатлівы. Ах, дзядзя! Невымоўна быў бы я шчаслівым, Каб Зося сёння заручылася са мною, Каб знаў, што будзе колісь жонкаю маёю, Але скажу адкрыта: гэтае дзяўчыны Пакуль што я не варт, на гэта ёсць прычыны… Больш не пытайце. Зося ж, калі час назначыць Чакаць, дык можа ўжо мяне другім убачыць, Мо трохі лепшым буду, больш кахання вартым, Даб’юся славы мо ў змаганні тым упартым. Магчыма, хутка вернемся ўсе з вандравання, Тады прыпомню, дзядзя, ваша абяцанне, Тады, прыкленчыўшы, зноў Зосю прывітаю, Застаўшы ж вольнаю, рукі ў яе спытаю. А зараз жджэ мяне вялікая дарога, І Зося можа палюбіць яшчэ другога. Яе я звязваць не хачу, не маю права, Не заслужыў я гэтага, і ўся тут справа».
Калі ён так з пачуццем гаварыў і з жарам, Гарэлі шчокі юнака душы пажарам, Як ягады, ў вачах дзве перлы зіхацелі І ўніз з блакітных зрэнак хутка паляцелі.
Ды Зося, зацікаўлена, з глыбінь альковы Сачыла за напрамкам гэтае размовы І чула, як Тадэвуш проста, ясна, смела Прызнаўся, што кахае. Сэрца задрыжэла У яе, як слёзы ўбачыла ў вачах хлапчыны,
Ды зразумець была не ў сілах той прычыны, З якой ён пакахаў і зараз пакідае. Куды паедзе? Зося ж тога не жадае! Вось сёння першы раз пачула нечакана Вялікую навіну, што была каханай. Пабегла к хатняму алтарыку святому, Ўзяла іконку, ладанку — святыню дому. На тым абразіку — святая Генавэфа, А ў ладанцы рэліквія свяцейшага Юзэфа, Апякуна ўсіх тых, хто хоча заручыцца, І тыя святасці прыносіць у святліцу.
«Вы едзеце, так хутка? Я вам на дарогу Дам дробны падарунак і перасцярогу: Каб з гэтаю рэліквіяй не разлучаода, Таксама і пра Зосю нельга забывацца! Хай Бог вам у ва ўсім і ўсюды дапаможа І хутка верне вас дадому з падарожжа». Галоўку ўгнула, змоўкла і ледзь вачаняты Самкнула, пырснуў з іх струменьчык слёз багаты. І стоячы ля мілага ёй чалавека, Брыльянты слёз губляла Зося з-пад павекаў. Прыняў Тадэвуш дар, пацалаваў ёй рукі І мовіў: «Пані! Час ужо настаў разлукі, Бывай здарова, не забудзь, прашу маліцца І за мяне!..» На болей слоў не мог здабыцца.
Ды Граф і Талімэна тут, над спадзяванне, Угледзелі, ўвайшоўшы, гэта развітанне. Граф быў узрушан, кінуў вокам к Талімэне І мовіў: «Колькі ж прыгажосці ў гэтай сцэне, Калі душа байца і маладой дзяўчыны, Як лодка з караблём развітвацца павінны! Ніколі сэрца так не можа разгарацца, Як пад прымусам ад другога адрывацца. Час, быццам вецер: ён малую свечку здзьмухне, Але пажар вялікі з ветру не патухне. Здалёку і ў мяне лепш сэрца разгарыцца. Я вас сапернікам лічыў, мой пан Сапліца. Памылка гэта сталася прычынай звады І змусіла нас ажно ў шпаг шукаць парады. Памылку бачу: ты ўздыхаў к пастушцы мілай, А мне вось гэта німфа сэрца паланіла. Ў крыві варожай хай патонуць гневы нашы, Не будзем зброі на сябе ўзнімаць бясстрашна, Няхай жа спрэчкі ў іншым скончацца змаганні: Ваюйма за трываласць нашу у каханні! І я, як вы, прадмет пакіну сэрцу мілы. Спяшаймася на страшны бой і з поўнай сілы Ваюйма між сабой цярплівасцю і ўвагай, Ганяйма ворага рукою дужай і адвагай». І тут жа скіраваў зрок чулы к Талімэне, Яна ж не знала, што сказаць ад задзіўлення.
«Мой Граф, — сказаў Суддзя, — а вам дык не канечне І выязджаць. Вы можаце сядзець бяспечна, Бо ўрад са шляхтай беднай можа распраўляцца, А вам, пан Граф, зусім няма чаго баяцца — Знаёмствы маеце і досыць вы багаты, Каб суд купіць і не папасціся за краты».