«Не, гэта ўсё з маім характарам не згодна.
Няма як быць каханкам, дык мне неабходна
Праславіцца, і я не пашкадую працы,
Каб мне, хоць сэрцам бедны я, героем стацца».
«Хто ж вам, — спытала Талімэна, — забароніць
Кахаць і быць шчаслівым?» «Лёс мяне мой гоніць, —
Прамовіў Граф, — прадчуццяў цемра рухам тайным
Вядзе мяне ў чужыну к справам надзвычайным.
Скажу, што сёння я збіраўся Талімэне
Развесці на Гімена алтары гарэнне,
Ды мне якраз навуку даў юнак вось гэты
Адмовай ад рукі каханае кабеты,
Каб бегчы сэрца правяраць у перашкодах
Нясталых лёсаў і ў вайны цяжкіх нягодах.
Маёй пачатак новай эры недалёка!
Грымела зброяю маёй Бірбанта-рокка,
Няхай жа і па Польшчы льецца тая слава!»
І па эфесе шпагі тут ударыў жвава.
«Што ж, — мовіў Робак, — нельга гэткую ахвоту
Спыняць, дык едзь, і можаш там узброіць роту,
Як той Патоцкі (што ўсю Францыю здзівіла),
Мільён дзяржаве даў, ці следам Радзівіла,
Які, прадаўшы шмат сваіх шэдэўраў панскіх,
Здаў грошы на ўзбраенне двух палкоў уланскіх.
Едзь, едзь з грашыма, бо людзей там досыць маем,
А грошай мала ў Княстве, едзь, благаслаўляем».
Дык Талімэна Графу ў вочы паглядае
І кажа: «Бачу, што ніхто вас не стрымае,
Мой рыцар! Апынуўшыся ж на ратным полі,
Зірні на гэты вось тваёй каханкі колер!
(I тут зняла ад сукні стужку, ўміг зрабіла
Какарду і на грудзі Графу прышпіліла.)
Хай гэты знак вядзе цябе на стрэлы, пікі
І на агонь гармат — на подзвіг твой вялікі.
Калі ж сябе ваеннай славай упрыгожыш
І лаўрамі бяссмертнымі абсыпаць зможаш
І акрываўлены свой шлем, і рэшту зброі,
Зірні на гэту вось какарду той парою,
Руку успомні, што яе прымацавала».
Тут падала руку. І Граф, як выпадала,
Прыкленчвае, цалуе, а яна ля вока
Дзяржыць хусціну, а другім глядзіць звысока
На Графа: ці ўсё гэта праўда? ці магчыма?
I, уздыхаючы, пацепвала плячыма.
Ды тут Суддзя сказаў: «Ідзі, Граф, бо ўжо позна».
А ксёндз: «Даволі, ўжо! — прамовіў з мінай грознай. —
Спяшайцеся!» Вось гэтак ксёндз з Суддзём Сапліцам
Іх праганяюць і змушаюць разлучыцца.
Тадэвуш у слязах, на доўгую разлуку
Абняўся з дзядзькам і ксяндза цалуе ў руку.
А Робак да грудзей прыціснуў яго скроні,
Злажыў на галаве накрыж свае далоні,
На неба глянуў і сказаў: «Сынок мой! Богам!»
І плакаць стаў… Тадэвуш скрыўся за парогам.
«Як так? — спытаў Суддзя.-І ты яму нічога
Не скажаш зараз, нават і перад дарогай?»
«Не, — ксёндз сказаў,— не дам яму ніякіх знакаў
(I тут, закрыўшыся рукамі, доўга плакаў).
Няхай ад беднага лепш будзе гэта скрыта,
Што бацька змушан быў шмат год, накшталт бандыта.
Хавацца ад людзей. Сказаць я марыў,
Ды Богу за грахі зраблю яшчэ ахвяру».
«Тады пара, — сказаў Суодзя, — падумаць штосьці
І аб сабе, бо хвораму ў тваім узросце
Няма як з іншымі збірацца у вандроўку.
Ты ж мне казаў, што ўжо даўно нагледзеў схоўку,
Скажы мне, дзе яна? Вунь брычка ўжо гатова,
Някепскім сховам будзе хатка леснікова».
А Робак галавой крутнуў: «Да заўтра рана
Ёсць час, — сказаў,— пашлі, мой браце, па плябана,
Каб як мага хутчэй прыбыў сюды з прычасцем,
Адпраў усіх, астанься з Ключнікам — на шчасце,
Ён тут. І дзверы зачыні».
Яго наказы
Суддзя ўсе споўніў, сеў на ложак, а Гервазы
Стаіць, апёршы локці на мячы, а скроні,
Прыгнуўшыся, заціснуў у свае далоні.
А Робак, перш чым мовіць, Ключніка аблічча
Праверыў пільным вокам моўчкі, таямніча.
І як хірург перш мяккую руку ўскладае
На цела ў месцы, дзе яго прабіць жадае,
Так Робак быстрыню сваіх вачэй злагодзіў
І імі па Гервазага вачах праводзіў,
Ўканцы, як бы рашыўшыся, ўваткнуць нож зразу,
Прыкрыў рукою вочы і пачаў ад сказа:
«Я — Яцак Сапліца…»
І Ключнік, гэта слова
Пачуўшы, згорбіўся і, корпуса паловай
Нахілены наперад, звіс, прыгнуўшы ногі,
Як камень, спынены ў палёце ў паўдарогі,
Тапырыў вусы, вусны расчыняў шырока,
Гразіў зубоў аскалам, страшным блескам вока,
Рапіру выпусціў, пасля каленьмі сціснуў
Каля зямлі, рукой хапаў, і меч павіснуў
Ля ног, з’язджаў назад, што раз распрасціраўся
І ў розныя бакі канцом сваім ківаўся.
Гервазы быў, як рысь паранены, што хоча
З густэчы дрэва кінуцца стральцу у вочы:
Ўздымаецца клубком, мармыча, зрок крывавы
Іскрыцца, вусы ходзяць, б’ецца хвост рухавы.