Выбрать главу
«Нішто мяне ўжо ўстрашыць, — ксёндз сказаў,— не можа, Бо ўжо я, пан Рэмбайла, пад рукою Божай, Але ў імя таго, які свет грэшны збавіў, Благаслаўляў сваіх забойцаў і адправіў Бандыта ў рай, прашу цябе, апамятайся І выслухаць расказ мой гэты пастарайся. Сам прызнаюся: я для сэрца аблягчэння Прасіць хачу, хоць мо й не будзе, прабачэння. Паслухай споведзі маёй, пасля са мною Рабі што хочаш». Рукі склаў перад сабою, Як пры малітве. Ключнік адступаў з вачыма Адкрыгымі, рукой біў лоб, сціскаў плячыма.
А ксёндз тут распачаў сваё апавяданне, Як жыў з Гарэшкам, пра вялікае каханне З яго дачкой і ад таго ўсе непаладкі. Ды гаварыў бязладна, і былі выпадкі, Што скаргі і папрокі споведзь абрывалі, І быццам ён канчаў, ды зноў працягваў далей.
А Ключнік, знаючы падзеі ўсе дакладна, Усю аповесць, што вялася так бязладна, Парадкаваў, забытае ішло на памяць. Але Суддзя ўсяго не мог дакладна ўцяміць. Абодва слухалі, спусціўшы ўніз галовы, А ў Яцка ўсё цяжэй зляталі з вуснаў словы, І часта запыняўся.
* * *
«Ты ж ведаеш, Гервазанька, як Стольнік проста I часта заклікаў мяне, узносіў тосты, Крычаў не раз пры ўсіх — таго мне не забыцца, Што друг яго найлепшы — гэта я, Сапліца. А як ён абдымаў! Здавалася, са мною Гатоў ён падзяліцца нават быў душою. Прыяцель ён? Ён знаў, як там усё гарэла Ў душы маёй…»
* * *
Тым часам шэпты сталі навакол кружыцца, Такі-сякі казаў мне: «Эй ты, пан Сапліца, Дарма стараешся, саноўніка парогі, Не йначай, завысокія на Яцка ногі!» Смяяўся я, нібыта я ў нішто магнатаў Стаўляў, а з імі дочкі ўсіх арыстакратаў, Што быццам к ім хаджу па дружбе на гулянкі, А ў жоны не вазьму другой, апроч шляхцянкі Але ў душу калолі гэтакія жарты. Я малады быў, ведаў, колькі быў я варты У нас, дзе шляхціц побач мог з арыстакратам Стаць каралеўскае кароны кандыдатам! Тэнчынскі ж некалі і ў каралеўскім родзе Прасіў рукі і атрымаў яе па згодзе. Імя Сапліцы горшае, скажы адкрыта, Крывёю, службай для Рэч Паспалітай?
* * *
Як лёгка можна шчасце знішчыць чалавеку За раз, а не паправіш на працягу веку! Хапіла б толькі Стольніка на тое згоды, І мы былі б шчаслівымі даўгія годы! Мо жыў бы сёння ён тут пры сваім дзіцяці, Пры Еве дарагой, і пры удзячным зяцю І ўнукаў калыхаў бы з поўным супакоем, А так, вось бачыш што? Загублены мы двое, І сам — забойства гэта — і ўсіх бед прычыны, І ўсе мае пазнейшыя грахі і віны… Я абвіняць не ў праве, я свой гнеў пакінуў, Я абвіняць не ў праве — праз мяне ён згінуў, Але і ён…
* * *
Каб раз ужо адказ мне пэўны даў адкрыта, Бо знаў пачуцці нашы, каб маіх візітаў Больш не прымаў, хто знае, мо б я пасварыўся, Пагневаўся, паехаў, болей не з’явіўся. Але ён тут прыдумаў хітры план і новы: Аб тым, як быццам, не магло быць мовы, Каб я пасмеў пра сувязь вымавіць два словы. А я яму патрэбны быў, бо у пашане Быў я і ў шляхты, і ў магнатаў пры спатканні. Дык ён, нібы маіх пачуццяў не заўважваў, Прымаў мяне, як і даўней, са мной расхаджваў, Прасіў часцей наведваць. А як толькі ў залі Мы заставаліся удвух, уміг вязалі Мае пачуцці, просьбы, план ужо гатовы Яго сумысля абыякавыя словы Пра сеймікі, суды, пра паляванні…
* * *
Не раз за чаркамі, пачуццям даўшы волю, Ён кляўся ў дружбе, абдымаў мяне да болю, Бо я патрэбны быў са зброяю ці ў сойме. Калі я мусіў абдымаць яго, хто ж пойме, Якая злосць ва мне кіпела! Ў вуснах сліну Трымаў, рука сціскала шаблю. Думаў, кіну Ўсё гэта, плюнуўшы на дружбу ваяўніча, Ды Ева, бачачы мой зрок, маё аблічча, Угадвала, не знаю як, што ўсё кіпела Ва мне. Глядзела з просьбай на мяне, бляднела. А гэта ж галубочак быў такі лагодны, І зрок яе быў гэткі ветлівы, пагодны! Такі анёльскі, што спыняў я пыл імклівы, Не меў адвагі гневацца, сядзеў маўклівы. І я, ва ўсёй Літве задзіра ўсім вядомы, Перад якім дрыжалі панскія харомы, Які не толькі Стольніка б не пабаяўся, А нават каралю у крыўду б мо не даўся, Што ў шал мяне прыводзіла любая спрэчка, Я ў той час злы, п’яны маўчаў, нібы авечка! Як бы Santissimum угледзеў!