Выбрать главу
* * *
Ці ж я ўцякаў, як ты ў мяне наставіў дула? Стаяў я моўчкі, роспач сэрца агарнула I з жалю нейкага я на’т не зварухнуўся. Чаму ж ты, ах, Гервазы, ў той час прамахнуўся? Зрабіў бы ласку! Ды, відаць, за грэх пакуты Патрэбныя…»
Зноў задыхнуўся, болем скуты «Бог бачыць, — мовіў Ключнік, — што я шчыра меціў! А стрэл твой колькі ж выпусціў крыві! Прыкмеціў, Якой азваўся ў нашых сем’ях ён бядою? А гэтаму ўсяму, пан Яцак, ты віною! А сёння, калі Графа ледзь-ледзь не задзелі, Апошняга з Гарэшкаў, хоць і па кудзелі, Ты засланіў яго. Калі маскаль стараўся Мяне забіць, то праз цябе я жыў застаўся. Дык калі праўда, што ты стаў ксяндзом-манахам, То ўжо не згінеш пад Сцізорыкавым ўзмахам. Бывай, не праступлю больш вашага парога, Цяпер мы квіты, дык пакіньма рэшту Богу!»
Тут Яцак працягнуў руку, але Гервазы Адскочыў, кажучы: «Мне нельга без абразы Крануць рукі тваёй — па гонару законах! Яна скрываўлена не pro publico bono».
Дык Яцак на падушкі зноў апаў бяссільна, Штораз бляднейшы, і пачаў распытваць пільна Суддзю ізноў, ці пасылалі па плябана, А Ключніку сказаў: «Вось я малю васпана Застацца, зараз скончу, ледзь мне хопіць сілы Сказаць. Пан Ключнік, я стаю ўжо ля магілы!»
«Што ты, — сказаў Суддзя, — я ж бачыў сам, што рана Не страшная, а ты так пільна жджэш плябана? Змяніць мо перавязку? Лекара, быць можа? Ў аптэчцы ёсць…» Ксёндз перарваў: «Не дапаможа Нішто. Была старая рана там з-пад Ены, А сёння зачапілі, дык і ўсё — гангрэна. А я на ранах знаюся — вось кроў, як сажа, Ды гэта глупства ўсё… Дык што тут доктар скажа? Раз паміраем, здаць цяпер ці потым душу… Даруйце, пане Ключнік, я закончыць мушу!
* * *
І ў тым заслуга ёсць, не стацца вінаватым Перад народам, хоць і здраднікам праклятым Цябе завуць, так як было тады са мною!
* * *
І здрадніка імя ішло за мной чумою. Знаёмыя са мной не сталі сустракацца, Сябры мае мяне ўжо сталі выракацца. Хто баязлівы, той здалёк ледзь прывітаўся. Ды на’т габрэй які, мужык і той стараўся, Хоць пакланіўшыся, правесці злосным смехам А слова „здраднік“ адбівалася ўкруг рэхам І цэлы дзень ад рання самага да змроку Вілося прада мной, як пламя ў хворым воку. Аднак не быў я здраднікам радзімы.
Маскоўскім сябрам гвалтам я пачаў лічыцца. Зямлі Гарэшкаў частку аддалі Сапліцам Таргавічаны ды надумалі і ўрадам Мяне ушанаваць[54]. Каб быў я здольны к здрадам Чорт радзіў, дык я стаў бы сільны і багаты. Каб стаў я маскалём, дык першыя магнаты Маёй шукалі б ласкі. Сын шляхоцкай хаты І селянін, што землякоў так папракаюць За службу маскалям, удачлівых не хаюць. Я гэта ведаў — і не мог аднак жа.
* * *
Я ўцёк з радзімы! Дзе я не быў! Чаго не перанёс!
* * *
Але мне Бог памог душу ад смерці збавіць: Паправіцца павінен быў я і направіць Наколькі можна, тое
* * *
Гарэшкі дочка ўмерла на Сібіры дзесьці, І ваявода, муж, прапаў там дзесь без весці Пакінулі дзіцятка на радзіме, Зосю. Я гадаваць яе загад даў…
* * *
Больш чым з кахання, з гонару хутчэй дурнога Забіў я, дык стаў сціплым, стаў слугою Бога. Як быў я рызыкантам, злоснікам, гулякам, Дык галаву спусціў, манахам стаў Рабакам, Што як чарвяк у пыле…
Злы прыклад для радзімы, падазрэнне здрады Я адкупіць рашыў і заплаціць быў рады Крывёй, самаадданасцю…
Я ваяваў за край, дзе? Як? Казаць не буду. Я не баяўся стрэлаў, ні агню, ні труду. Аднак мілей успамінаю я не войны, А ўчынкі ціхія, малыя, час спакойны I мукі, што ніхто…
Не раз мне давялося і ў свой край прабрацца, Насіць загады камандзіраў, запазнацца 3 жыццём падпольным. Знаюць і галіцыяне Каптур мой бернардынскі, і велькапаляне! Ля тачкі гніў я цэлы год у прускай яме, І тройчы маскалі нявечылі кіямі, Вялі ўжо і ў Сібір. Пасля зноў аўстрыякі Ў Шпільберга падзямеллях мне даліся ў знакі, Сядзеў у carcer durum, ды Бог проста цудам Дазволіў мне памерці паміж родным людам, 3 прычасцем…
вернуться

54

Здаецца, Стольнік быў забіты каля 1791 года, падчас першай вайны.