«Дзе бітва? у якім баку?» — хлапцы пытаюць
І зброю рвуць, жанчыны рукі узнімаюць.
Усе у перамогу вераць, са слязамі
Крычаць: «З Напалеонам Бог, а Напалеон з намі!»
О ты, вясна! так памятная ў нашым краю,
Вядомая вясна вайны! Вясна ўраджаю!
Якой жа ты была чароўнай і кіпучай,
Травою, збожжам, кветкамі, людзьмі бліскучай,
Багатаю здарэннямі, надзеяў поўнай!
Цябе я помню марай соннаю цудоўнай!
Народжаны ў няволі, скуты з год дзіцячых,
Адну вясну ў жыцці я гэтакую бачыў.
Двор Сапліцаў быў каля самае дарогі,
Якой вялі свае палкі да перамогі
Князь Юзаф і Вестфаліі кароль Геронім.
Занята ўжо Літва ад Гродна аж па Слонім,
І вось кароль даў войску тры дні адпачынку.
Ды польскія салдаты нават на хвілінку
Спыніцца не хацелі, ўголас наракалі,
Што з войскам царскім іх схапіцца не пускалі
Непадалёк раскінуў князь свой штаб асноўны,
А ў Сапліцове войска з сорак тысяч поўных,
I са штабамі сталі генерал Дамброўскі,
Князевіч, Малахоўскі, Гедрайць і Грабоўскі.
Было не рана, як прыйшлі, дык дзе папала,
У замку, у двары, кватэрай войска стала.
Расстаўлены ўжо варты, выданы загады,
Дык кожны, маршам стомлены, прылегчы рады
Ўначы заціхла ў замку, на двары, на полі,
І толькі цені патрулёў снуюць паволі.
Часамі ўзблісне вогнішча там-сям у змроку
І пільнай варты поклічы чуваць здалёку.
Спаў гаспадар і камандзіры, і салдаты.
І толькі Войскі сном салодкім не абняты,
Бо Войскі думае бяседу заўтра справіць,
Якой жадае дом Сапліцы ўвек праславіць,
Бяседу, вартую гасцей даўно чаканых
І сэрцу мілых, так здалёку пазбіраных,
Якая вінна і сямейным святам стацца,
Бо заўтра аж тры пары будуць заручацца.
А генерал Дамброўскі праявіў жаданне
Абед мець польскі.
Хоць і час ужо не ранні,
Ды з Войскім жвава аж пяць кухараў кухмарыць
З двароў суседніх. Вось у кухні гаспадарыць
Сягоння ён, і ён адказны за ўсе стравы,
На ім каўпак, фартух. Стары рухавы
Трымае бітку, каб гнаць бруд ёй усялякі,
Які так хціва налятае на прысмакі,
Другой рукою акуляры ускладае
I, з-пад палы дастаўшы кнігу, раскладае.
Завецца кніга тая «Кухар дасканалы»[58],
А ў ёй дакладна спісаны ўсе спецыялы
Сталоў у Польшчы. Раз у Рыме граф з Тэнчына
Па ёй гасцей прымаў такім раскошным чынам,
Што гэта нават папу Урбана здзівіла[59].
Пасля па ёй таксама ў князя Радзівіла
Прымалі ў Несвіжы манарха Станіслава.
Там гэтакі быў баль, якога слава
Ў Літве паўсюль й цяпер жыве ў сялянскай казцы.
Што вычытае Войскі, па яго указцы
У момант кухары умелыя рыхтуюць.
Кіпіць работа, пяцьдзесят нажоў шаткуюць.
А кухцікі уюцца, нібы чэрці ў пекле:
Той дровы носіць, той гаршкі, там штосьці секлі,
Лілі ў катлы і на патэльні; дым клубіцца,
Бо нехта з мехам-паддувалам мітусіцца.
вернуться
58
Кніга гэта вельмі рэдкая, выдадзеная больш за сто гадоў таму назад Станіславам Чарнецкім.
вернуться
59
Гэта рымскае пасольства не раз малявалі і апісвалі. Гл. «Кухар дасканалы», прадмова: «Гэта пасольства задзівіла ўвесь заходні свет, давяла да ведама шаноўнейшага Папы рымскага як багацце дому так і роскаш стала… што адзін з рымскіх князёў сказаў: „Сягоння Рым шчаслівы, маючы гэткага пасла“». Чарнецкі сам быў кухмайстрам Асалінскага.