Выбрать главу
А Войскі, каб у печы полымя не згасла, Сказаў узліць на дровы топленага масла (Дазволен гэткі збытак у багатым дому). Пільнуюць кухцікі агню, забыўшы стому, Другія на ражнах пякуць кускі дзічыны — Казляціны, аленіны або ласіны. Там птушкі скубленай уецца пух лятучы, Ляжаць курэй, гусей, глушцоў, цяцерак кучы. Курэй было не многа, бо ад той выправы, Якую ў час наезду Сак зрабіў крывавы На птушнікі, з былога Зосі валадарства Не засталося птушкі нават на лякарства, І не паспела птаства вырасціць нанова Багатае курмі калісьці Сапліцова. І так вялікі мяса маецца дастатак, Сабранага ў двары і звезенага з ятак, І з лесу, і з суседства, і адкуль трапляла. Сказаў бы, малака ад птушак не хапала. Дзве рэчы ў тым банкеце вінны спалучацца З загаду панскага: дастатак і мастацтва. Ўзыходзіў ясны дзень святой Мадонны кветнай Цудоўнаю бясконца раніцаю летняй, Дзе неба чыстае над соннаю зямлёю Вісела сінім морам, поўным супакою. Зор колькі свеціць, як жамчужыны, няярка, А збоку адзінокая праходзіць хмарка I, летучы, ў блакіце крылле акунае, Якое нам анёла ўраз напамінае Таго, што, на зямлі малітвай прытрыманы, Спяшаецца цяпер у свой палац туманны. Ужо на дне нябёсаў перлы зор здрабнелі І згаслі. Вось чало нябёс яснее ў белі І правы бок яго ляжыць на мяккіх ценях, А левы ружавее ў сонечных праменнях, І круг, нібы павека, ўзносіцца шырока, А там бялок віднее дзесьці ў цэнтры вока І зрэнка-радуга. А вось прамень узбліснуў, Па небе кругльм дзённае святло праціснуў І ў белай хмарцы залатой стралой павіснуў. На гэты стрэл — дня знак — агнёў пук цэлы рвецца, Крыжуецца на небе, ясным светам льецца, І вока сонца ўсходзіць. Зразу сонна, быццам Стараючыся жмурыцца ці прыпыніцца, Ў сем колераў гарыць, і неба раз за разам Крывавіцца ў рубін, залоціцца тапазам, Яснее і крышталам свеціцца празрыстым, Пасля агнём гарыць, блішчыць брыльянтам чыстым I ўрэшце ззяе зоркай велічнай бясконца — Вось так самотнае ішло па небе сонца. Народ літоўскі сёння зрання мітусіцца, Сабраўшыся з вакольных сёл каля капліцы, Як быццам для якога цуду аб’яўлення. Сабраліся сяляне часткай для малення, А часткаю таму, што ўсіх цікавасць брала Пабачыць войска, афіцэраў, генералаў — Тых слаўных камандзіраў нашых легіёнаў. Якіх народ любіў і памятаў імёны, Якіх блуканні, бітвы, страты і ўсе справы Былі евангеллем літоўскім, кнігай славы. Снуюць вакол салдаты, ходзяць афіцэры; Народ ледзь можа даць вачам уласным веры, Што бачыць землякоў у вопратцы вайсковай, Узброеных і з польскай выпраўкай і мовай. Ішла імша. Не змесціць дробная капліца Усіх, дык большасць звонку грамадой цясніцца, Глядзяць на дзверы ўсе, адкрыты ўсе галовы, І волас літвіноў жаўтавы ці сталёвы Залоціцца, як быццам жыта на палетку. Галоўкі баб, дзяўчат цвітуць між імі зрэдку, Прыбраныя ў шматфарбных каснікоў палосы, Ў жывыя кветкі, паўплятаныя у косы, І так мігцяць, бы ў збожжы васількі, куколі. Натоўп шматколерны ўкрывае густа поле, І на званочак серабрысты, гаманлівы Галовы гнуцца, як ад ветру колас нівы. Сялянкі сёння к Багародзіцы алтару Нясуць снапочкі свежых зёлак на ахвяру. Усё прыбрана кветкамі, дык зеляніцца Алтар, абраз, а нават ганак і званіца. А калі ранні ветрык, дзьмухнуўшы з усходу, Вянкі сарве і кіне на натоўп народу, То льюцца вокал пахі ладана і мёду. Пасля імшы ў касцёле і пасля казання З’явіўся правадыр народнага сабрання — Пан Падкаморы, выбраны на пору гэту Маршалкам дэлегацыі ўсяго павету[60]. Быў ён у жупане, скрозь золатам расшытым, І ў кунтушы з махром ядвабным. Пояс літы Блішчэў над шабляй з рукаяткай лускаватай, Пад шыяй ззяў брыльянт на зашчапцы багатай. Канфедэратка белая, на ёй пук цэлы Прыгожых рэдкасных чубоў ад чаплі белай. (А гэткі кутасок чапляюць толькі ў свята, Бо пёрку кожнаму цана не менш дуката.) Вось так прыбраны, стаў на ўзгорку ля касцёла, Салдаты і сяляне сціснуліся ў кола, А ён прамовіў: «Аб’явіў нам ксёндз з амбоны, Што кесар дараваў, па прыкладу Кароны, Свабоду Княжаству Літоўскаму. Вы чулі, Што ўлады новую работу разгарнулі, Агульны сейм збярэцца хутка ўжо ў сталіцы. Я толькі коратка хацеў бы запыніцца На справе, што датычыцца сям’і Сапліцаў, Паноў тутэйшых.
вернуться

60

У Літве з уступленнем французскіх і польскіх войскаў былі арганізаваны па ваяводствах канфедэрацыі і выбраны дэлегаты ў сейм.