Выбрать главу
Мы не будзем адракацца, Вядома ўсім, што некалі рабіў пан Яцак Калі яго грахі ўся ведае акруга, То трэба расказаць і пра яго заслугі: Прысутныя тут нашых войскаў генералы Прывезлі ў адрас Яцка многія пахвалы. Пан Яцак не памёр (як гаварылі) ў Рыме, Але змяніў жыццё сваё і стан, і імя, І акупіў усе свае старыя віны Жыццём святым і працай на карысць Айчыны. Пад Гогэнліндэн[61], калі Рышпанс паўразбіты Збіраўся адступаць за радаю ўсёй світы, Не ведаючы, што надходзіць дапамога, Ён, Яцак-Робак, небяспечнаю дарогай Прынёс пісьмо Князевіча да генерала, Што наша войска тыл варожы акружала. Пасля ў Іспаніі, дзе польскія уланы Гор Самасеры бралі пункт умацаваны, Пры Казетульскім, ён быў ранены два разы! А потым пераносіў тайныя наказы У розныя краіны. Выпаўняў заданні У тайных таварыствах, уздымаў паўстанні. А потым дома зноў, дзе працы той не кінуў, Рыхтуючы паўстанне, у наездзе згінуў. Калі дайшла пра гэта звестка да Варшавы, Было ўжо там вядома, што для Яцка славы Ад кесара яму прыслалі ўзнагароду: Адзнаку Легіі за працу для народу. Вось гэта беручы цяпер на ўвагу, Я тут, рэпрэзентуючы сабой павагу Улады ваяводскай, гэтым аб’яўляю, Што ласкай кесара і службаю для краю Пан Яцак пляму змыў. Зноў будзе і ў пашане Яго імя, і побач слаўных, чэсных стане. Дык хто цяпер кране нябожчыка папрокам За віны даўнія, пакрыгыя ўжо змрокам, Той панясе належную яму пакуту — Gravis notae maculae, што па Статуту Прадбачыцца на ўсіх, нягледзячы на станы. І кожны можа быць за гэта пакараны, Бо зараз маем роўнасць, і параграф трэці Усіх датычыць, што прашу мець на прыкмеце. І гэтыя, цяпер прыведзеныя факты Запішуцца, і возны прачытае акты. А што прыйшла запозна к Яцку ўзнагарода, Дык гэта чэсці Яцкавай не перашкода. Калі грудзей яго ўпрыгожыць мы не можам, Дык ордэн гэты зараз на магілу ўзложым. Тры дні вісець тут будзе, а пасля ў капліцы, Як дар для Маці Божай, будзе залаціцца». Сказаўшы гэта, выняў ордэн з пакрывала, І вось на надмагільным крыжыку заззяла Кукарда, сшытая са стужачкі чырвонай, І белы зорны крыж пад залатой каронай. А зоркі супроць сонца так зазіхацелі, Нібы героя славу несці ў свет хацелі. Народ тым часам на калені станавіцца, Каб за ўпакой душы героя памаліцца. Суддзя чаргой сялян і шляхту — ўсіх дазвання У Сапліцова запрашае на гулянне. А два старыя ўселіся на прызбе дома З паўгарцамі мядку ліповага, вядома, І ў сад глядзяць, туды, дзе паміж кветак маку Стаяў улан прыгожы у бліскучым чаку, Прыбраным бляхай залацістаю і пер’ем; А побач вочкі сінія к яму з давер’ем Дзяўчына прыўзняла ў зялёнай, быццам з руты, Сукенцы. Над травой паненак гурт самкнуты — Збіраюць кветкі, адварочваюць галовы Ад маладых, каб ім не перабіць размовы. Старыя мёд п’юць, табакеркаю ліповай Частуюцца і забаўляюцца размовай. «Так, так, Пратазаньку ты мой», — сказаў Гервазы «Так, так, Гервазаньку ты мой», — сказаў Пратазы «Ды так, так», — згодна паўтарылі са тры разы З кіўкамі галавы. Урэшце мовіў Возны: «Што спрэчка наша скончана ўжо, бачыць кожны. Я помню прыкладаў такіх з жыцця не мала, Дзе часта горшых на’т эксцэсаў шмат бывала, А інтэрцыза ўвесь закончыла той клопат. Вось так з Барздабагатымі згадзіўся Лопат, Крапштулі з Купсцямі і Путрамэнт з Піктурнам, З Адынцамі Міцкевіч, а з Квілецкім Турна. Што тут казаць! У Польшчы горшыя замешкі З Былі з Літвой, чым у Сапліцаў і Гарэшкі, А мудра каралева ўладзіла Ядвіга, Што без судоў закончылася ўся інтрыга. Някепска, калі ёсць паненкі або ўдовы Для замужжа, дык кампраміс раз-два гатовы. Найгоршая цяжба з духоўнымі бывае Каталікамі, ці радство перашкаджае І загародкі для жаніцьбы утварае. Таму вось ляхі з русамі здаўна нязгодны, Што продкаў мелі Леха з Русам — браццяў родных. Адтуль у нас працэсаў столькі месца мела З тэўтонцамі, пакуль не выйграў наш Ягелла.
вернуться

61

Вядома, што пад Гогэнліндэн польскі корпус пад камандай генерала Князевіча вырашыў лёс перамогі.