Выбрать главу

Кніга дванаццатая. Кахаймася!

Змест: Апошняя старапольская бяседа. Архісервіз. Тлумачэнне яго фігур. Яго рухі. Адораны Дамброўскі. Яшчэ пра Сцізорык. Адораны Князевіч. Першы дзяржаўны акт Тадэвуша пры перайманні спадчыны. Заўвагі Гервазага. Канцэрт над канцэртамі. Паланез. Кахаймася!.
Вось грукнулі дзвярэй абедзве палавіны. Заходзіць Войскі ў залу з урачыстай мінай, Ён не вітаецца і месца не займае, Бо Войскі сёння ў новай ролі выступае: Прыдворны маршал ён. Як знак сваёй пасады Трымае посах, неабходны для абраду —
Паказваць, хто і дзе, ў якім парадку сядзе. Найперш таму, хто сёння ў ваяводскай радзе — Маршалку-Падкамораму, з пашаны к госцю, Даў крэсла з аксамітам і слановай косцю. Направа ад яго сеў генерал Дамброўскі, А леваруч Князевіч, Пац і Малахоўскі, Між іх — Падкамарына. Афіцэры, пані І шляхта — ўсе прысутныя на святкаванні, Мужчыны і жанчыны — кожны так сядае Па пары, як пан Войскі сесці загадае.
Суддзя перапрасіў паноў усіх і паняў І выйшаў на дзядзінец, дзе яго сяляне Чакалі ля стала на гоні мо даўгога, Дык там прысеў з канца, а плебан сеў з другога. Тадэвуш ані Зофія за стол не селі, А між сталамі ходзячы, пілі і елі. Такі ўжо звычай, што павінны пані з панам Падчас банкету першага служыць сялянам.
Тым часам госці, што знаходзіліся ў залі, На велічны сервіз цікаўна пазіралі, Бо гэтакіх яшчэ не бачылі дзівотаў. Яго калісьці быццам Радзівіл-Сірота[62] Прывёз з Венецыі. У месце тым, быць можа, Ён быў і зроблены на польскі лад, прыгожа. Пасля ён трапіўся падчас напасці шведскай, Няведама адкуль і як, сям’і шляхецкай. Сягоння, выняты на дзень святочны гэты, Ляжаў сярод стала, як кола ад карэты.
Сервіз той быў напоўнены аж вышай сценак Бліскучай беллю цукраў, снегам лёгкіх пенак. Нагадваў ён дакладна краявід зімовы: У цэнтры быў з варэння чорны бор сасновы, Паводдаль — хаткі, быццам вёскі і засценкі, Абсыпаныя шэранню цукровай пенкі. На беразе начыння шмат парасстаўляных Было фігурак фарфуровых выдзіманых. У польскіх вопратках усе, нібы на сцэне Яны паказвалі якоесьці здарэннне.
вернуться

62

Радзівіл-Сірота зрабіў далёкія падарожжы і выпусціў апісанне свайго паломніцтва ў Святую зямлю.