Такая размалёўка, жэсты ў іх такія,
Што ледзь не загавораць зараз, як жывыя.
Якое ж іх значэнне, госці ўсе пьггалі,
Дык Войскі мовіў, як прыціхла трохі ў залі
(Якраз разносілі гарэлку ў той часіне):
«З дазволу ўсіх гасцей, што расказаць прасілі
Пра гэты вось натоўп пярсон размаляваных,
Скажу, што сеймік польскі тут адлюстраваны, —
Галасаванне і трыумф, нарады, звады.
Я ўсё тут разгадаў і растлумачыць рады.
Вось тут направа бачым шляхты згуртаванне,
Відаць, што склікана яна для частавання;
Чакае стол накрыты, ды гасцей не садзяць,
Яны пасталі купкамі, аб чымсьці радзяць.
Глядзіце, ў кожнай купцы маем чалавека,
3 якога вуснаў, рук, адкрытых воч, павекаў
Відаць, што прамаўляе, слухачам тлумачыць
І пальцам на далоні нешта цвёрда значыць:
Вядзецца агітацыя за кандыдатаў,
Ды з розным вынікам, не кожны ўсіх раскратаў.
У гэтай тутка купцы слухаюць ахвоча,
Той вуха прыхіліў, пачуць дакладна хоча,
Той з даланёй ля вуха, каб дакладна ўцяміць
І пільна нанізаць пачутае на памяць.
Прамоўца рад, што мова гэтак іх займае,
Дык гладзіць кішаню: іх галасы ўжо мае.
У трэцяй групцы ўжо зусім другія справы,
Прамоўца слухачоў хапае за рукавы,
Глядзіце! Рвуцца, чымсьці ўгневаныя, пэўна.
А гэты во, глядзіце, як надзьмуўся гнеўна,
Руку узняў, заткнуць прамоўцы вусны рвецца,
Бо той праціўніка стаў выхваляць, здаецца.
А гэты, быццам бык, нагнуўся злы і строгі,
Сказаў бы, што прамоўцу хоча ўзяць на рогі,
А тыя гэтых гоняць шаблямі з дарогі.
Адзін стаіць між групак шляхціц адзінокі,
Відаць, пгго баязлівы ён і недалёкі.
За кім падацца? Сам змагаецца з сабою,
Дык справу вырашыць надумаў варажбою,
Зажмурыўся і пальцам хоча ў палец цэліць,
Пакажа лёс, каго ён голасам абдзеліць:
Як пальцы сыдуцца, дык дасць афірматыву,
А калі не, тады укіне негатыву.
А тут другая сцэна: ў манастырскай залі,
Якую для нарадаў сёння скарысталі,
Старэйшыя сядзяць, малодшыя таўпяцца,
І ўсе к сярэдзіне стараюцца прабрацца,
Дзе з урнай у руках стаіць маршалак
І правярае колькасць там сабраных галак,
Апошнюю вось вытрас. Возныя чакаюць
І імя новага ўрадоўца аклікаюць.
Адзін, з ухвалаю агульнаю не згодны,
Глядзіце, выткнуў з кухні галаву, нягодны,
І пазірае смела, вылупіўшы вочы,
Разінуўся, як быццам з’есці залу хоча.
Згадаць не цяжка, што выкрыквае ён „Veto!“
Глядзіце, як рвануліся к дзвярам на гэта,
Як ціснуцца на кухню! Тыя ўсталі з лавы,
Там шаблі вынялі — пачнецца бой крывавы.
Але на калідоры, вунь з канца другога,
Праіпу, паны, заўважыць там ксяндза старога —
Ігумен гэта, ён Santissimum выносіць,
Хлапчына ў белым звоніць — расступіцца просіць.
Хавае шляхта зброю, хрысціцца набожна,
А ксёндз туды ідзе, дзе ўсё яшчэ трывожна,
Пакуль пяройдзе, верне ўсіх да супакою.
Вы не знаёмыя ўсе з справаю такою,
Калі да шляхты самаўладнай, неспакойнай
Не трэ’ было паліцыі ніякай збройнай.
Пакуль жыла ў ёй вера і пашана права,
Была свабода з ладам і з багаццем слава!
А на чужыне, чую, ўрад трымае драбаў,
Жандараў, паліцэйскіх, розных там канстабаў.
А дзе парадкі толькі меч аберагае,
Свабода ў краі тым, мяркую я, благая».
Тут з табакеркі звонам мовіў Падкаморы:
«Пан Войскі, адкладзіце вашы нагаворы
На потым. Згодзен я, што сеймік той цікавы,
Ды мы галодныя, пара ўжо ўносіць стравы».
На гэта Войскі адказаў: «Шаноўны пане,
Прашу, дазвольце скончыць мне апавяданне,
Вось сцэну растлумачу, і мой сказ гатовы.
Тут на руках прыхільнікаў маршалак новы
З сталовай вынесен, і ўся вакол нарада
Кідае з крыкам шапкі ўгору, вельмі рада.
А воддаль — пераможаны ў галасаванні
Стаіць адзін, відны яго перажыванні.
Насустрач жонка выйшла, праўду адгадала
I, бедная, на рукі пакаёўкі ўпала.
Ах, бедная, хацела быць яснавяльможнай,
А зноў трэ’ быць вяльможнай, як шляхцянцы кожнай».
Тут Войскі скончыў сказ і апускае посах.
Ўваходзяць парамі лакеі, на падносах
Трымаюць пачастункі: боршч, што царскім звецца,
За ім расольнік старапольскі падаецца,
Ў які пан Войскі, маючы свае сакрэты,
Укінуў колькі перлаў і са дзве манеты
(Такі расольнік чысціць кроў, здароўю служыць).
Далей другія стравы. Хто ж бы мог падумаць
Запомніць невядомыя ўжо ў нашы часы
Кантузы розныя, аркасы і блямасы,
Пінэлі і памухлі ці там фігатэлі,
Цыбэты, піжмы і драганты, і брунелі.
А рыбы! Той ласось вядомы дунаецкі,
Ікра вянецкая і асяцёр турэцкі,
Шчупак галоўны, падгалоўны і лакетны,
І камбала, і карп стары, і карп шляхетны!
Ўканцы сакрэт кухарскі: рыбіна старанна
З канца падсмажана, а далей запякана,
А пры хвасце, як заліўная, зрыхтавана.
А госці не пыталі, як завуцца стравы,
Зусім іх не крануў і той сакрэт цікавы,
На ўсё салдацкія былі ў іх апетыты,
Абы часцей венгерскім келіх быў наліты.