Выбрать главу
«Дык, пан Дабрынскі,— мовіў генерал Дамброўскі Ты гэта той рубака слаўны касцюшкоўскі, Мацей, празваны Розгай! Ведаю з дзён славы! А ты яшчэ бадзёры, бачу, і рухавы! А колькі год мінула! Я ўжо стаў хіліцца, Вунь і ў Князевіча ўжо волас серабрыцца, А ты яшчэ супроць любога мог бы выйсці. І Розга, пэўне, так цвіце, як і калісьці. Я чуў, што маскалёў ты адсцябаў нядаўна. А дзе ж твае браты, што б’юцца гэтак спраўна? Пабачыць Брытвы і Сцізорыкі я мару — Апошнія Літвы даўнейшай экземпляры».
«А после той, — Суддзя прамовіў,— перамогі, Дабрынскія пайшлі ў далёкія дарогі, Магчыма, што прыпісаны дзе й к легіёну». «I праўда, — адазваўся збоку шэф швадрона, — У нас у роце ёсць вусатае страшыдла, Вахмістр Мацей Дабрынскі, прозвішчам Крапідла, Мазуры ж называюць ’шчэ яго Мядзведзем, Яго прывесці можна, ён тут блізка недзе». «I ёсць, — сказаў хтось, — тут з Літвы другія родам, Адзін з іх Брытваю празваны між народам, Ёсць і другі, якога знаюць па трамблёне, І гранадзеры ёсць два ў пешым батальёне Дабрынскія».
«А дзе ж ваш, славаю акрыты, — Прамовіў генерал, — Сцізорык знакаміты, Так панам Войскім мне сягоння выхваляны, Нібы той волат казачны ці легендарны?» «Сцізорык, — Войскі адказаў,— не аддаляўся, Ды следства баючыся, ад Масквы хаваўся. Усю зіму правёў у лесе, небарака, Цяпер вось толькі выйшаў. Ён герой-ваяка, Пайшоў бы й на вайну, бо ваяваць заўзяты, Але шкада, што ўжо даволі стараваты. Ды вось і ён!..» Тут Войскі паказаў у сені, Дзе ў слуг натоўпе і цікаўных акружэнні
У той час лысіна вялікая заззяла, Як поўня месяца, і тройчы то знікала, Бы ў хмары, то ўзнімалася з-паміж народу, Бо Ключнік кланяўся. Пралезшы, зараз з ходу Сказаў:
«Яснавяльможны пане наш Гетмане Ці генерале, ды тут важнае не званне, Вось я Рамбайла стаў на вашае жаданне З маім Сцізорыкам, якому бой крывавы І гарт, а не прыгожасць назбіралі славы, Аж нават вы аб ім пачулі, генерале. Каб ён мог гаварыць, дык можа б мы сабралі Крыху пахвалаў і руцэ маёй вось гэтай, Што, дзякуй богу, не адно служыла лета Сям’і Гарэшкаў, ну і ўсё жыццё Айчыне, Аб чым сярод народу памяць не загіне. Мапанку! Мала дзе ў нас пісар павятовы Так пёры вострыць, як Сцізорык мой галовы. Іх не злічыць! Вушэй, насоў нарэзаў кучы, А ўсё, як і калісьці, востры і бліскучы. І ні адзін яго не спляміў злы учынак, А ўсё вайна адкрытая ці паядынак. Раз толькі! Божа, вечны дай яму спачынак, Бяззбройны чалавек прыведзен быў да скону, Але Бог сведка мне, што Pro publico bono».
«Ну пакажы, — сказаў з усмешкаю Дамброўскі Вось гэта дык сцізорык! Чысты меч катоўскі!» І аглядаў з здзіўленнем страшную рапіру. І афіцэры ўсе дзівіліся ёй шчыра, У рукі бралі, ды амаль ніхто са збору Не мог падняць мяча адной рукою ўгору. Казалі, што Дамбінскі, у руках магутны, Парушыў бы мячом, але ён быў адсутны. З прысутных жа адно швадрона шэф Двярніцкі І камандзір узвода малады Ружыцкі Змаглі валодаць жалязякай не без мукі. І так Сцізорык пераходзіў з рук у рукі.
Ды генерал Князевіч, ростам найвышэйшы, Ў руках таксама аказаўся найдужэйшы. Рапіру ўзяўшы, лёгка ўзняў яе, як шпагу І зразу прыкаваў да ўзбліскаў сталі ўвагу, Прыпомніўшы ўсе фехтавальныя прыёмы: Крыжовы ўдар, млынок, не ўсім вядомы, Такзваны, крадзены і цэлы рад тэрцэтаў, Якія знаў, бо быў з вучылішча кадэтаў.
Калі з усмешкай фехтаваў, Рамбайла ўкленчыў, Схапіўшы за калені, са слязамі енчыў За кожным рухам і узмахам генерала: «Ці ж ты канфедэратам быў? Цудоўна! Удала! Пуласкіх гэта ўдар! Так Дзержаноўскі біўся, А гэтак Сава! І ў каго ж пан навучыўся? Хіба ў Дабрынскага! А гэта? Пабажуся, Пан генерал, мой гэта ўдар, я не хвалюся, Ім карысталіся Рамбайлы! Без падманку, Ён ад майго імя завецца „ўдар Мапанкаў“. Хто ж вас вучыў? Мой гэта ўдар, мае прытрымкі!» Устаў і захапіў Князевіча ў абдьмкі: «Памру цяпер спакойна, бачу, не загіне Маё уменне, і прытулак даць дзяціне Ўжо ёсць каму, бо я не меў ужо надзеі, Што гэты меч пасля мяне не заржавее! Не заржавее, не! Прабач, яснавяльможны Пан генерал, ражны, што ў вас тут носіць кожны, Нямецкія кійкі, што ў вас завуцца шпагі, Вам не да твару, не для вашае павагі! Вось мой Сцізорык я ля вашых ног складаю — Ўсё самае мілейшае, што толькі маю. Ніколі жонкі я не меў, дачкі, ні сына, Ён быў мне жонкай і дзіцём і быў няспынна Заўжды пры мне. І я ад рання аж да змроку Ласкаў яго, а ўночы спаў ён каля боку! Цяпер вісіць над ложкам, як закон габрэя, Бо я не той ужо, рука мая старэе. Я думаў, што са мной ён пойдзе ў глыб магілы, Ажно наследніка сваёй знаходжу сілы!»