Выбрать главу
А генерал напоў з усмешкай, паўузрушан, Сказаў: «Адмовіцца ад дару буду змушан, Бо ты, аддаўшы жонку мне сваю і сына, На старасць будзеш і ўдаўцом і сірацінай! Якая ж плата дар твой можа ўзнагародзіць, І што тваё ўдаўство, сіроцтва асалодзіць?» «Ці ж я Цыбульскі,— Ключнік скрыўдзіўся не ў жарты, — Які прайграў салдатам рускім жонку ў карты[65], Як песню ў нас пяюць? Я задаволен гэтым, Што мой Сцізорык ’шчэ заззяе перад светам У гэткіх вось руках. Ды толькі, генерале, Глядзіце, каб тасьму далёка распускалі, Бо доўгі ён. Ад левага бярыце вуха Аберуч, дык з пляча разрэжаце да бруха».
Узяў Сцізорык генерал, ды ля папругі Насіць не мог, у воз яго схавалі слугі. Што сталася з ім потым, розна гаварылі, Але ніхто не ведае да гэтай хвілі.
Дамброўскі мовіў Мацьку: «Дружа, я ў здзіўленні, Няўжо не рад ты нашаму сюды з’яўленню? Маўчыш скваснелы! Як табе не скача сэрца Ад тых арлоў на сцягах? Трубы на паверцы Табе над вухам слаўны марш Касцюшкаў граюць! Мацей, ты не такі, як аб табе тут баюць. Я думаў, што калі ты на каня не ўскочыш, То хоць з усімі намі піць, гуляць захочаш! За кесара падымеш тост і за надзеі!»
«Га! — адказаў Мацей, — я бачу ўсе падзеі! Ды разам двух арлоў ніхто не зможа згнездзіць! А ласка пана на кані пярэстым ездзіць! Напалеон — герой, ніхто таго не скрые! Але Пуласкія, мае сябры старыя, Казалі, паглядаючы на Дымур’ера, Што нам трэ’ польскага героя-кавалера, Не італьянца, не француза, але Пяста — Юзэфа, Яна ці Мацея — вось і баста. Тут, кажуць, войска польскае, ды фізільеры, Сапёры, гранадзеры і кананіеры! Нямецкіх назваў больш у гэтай зграі, Чым нашых польскіх! Хто іх распазнае! I, пэўне, ў вас татараў ці мо туркаў многа, Схізматыкаў, што ў іх ні веры, ані бога: Сам бачыў — на жанчын у вёсках нападаюць, Касцёлы грабяць, падарожных абдзіраюць! Яны ў Маскву ідуць! Далёкая дарога! І калі толькі кесар выбраўся без Бога!.. Я чуў, што ён ужо духоўнымі пракляты. А гэта ёсць…» Мацей спыніў тут сказ пачаты, Хлеб памачыў у боршч і стаў жаваць без слова.
І Падкамораму не ўсмак была прамова, І моладзь загула. Суддзя ўмяшаўся ў свары Аб’явай пра З’яўленне ў залі трэцяй пары.
Быў гэта Рэент, рэентам ізноў назваўся. Ніхто яго пазнаць не мог — ён апранаўся Заўжды па-польску, а цяпер праз Талімэну Зрабіць быў змушаны ў адзежы перамену І апрануцца па-французску адмыслова[66]. Відаць, што фрак адняў яму душы палову: Ідзе, як кій глынуўшы, проста, нерухава, Як жораў, і ні ўлева не зірне, ні ўправа. Хоць твар спакойны, ды на ім відочны мукі: Не знае, як зрабіць паклон, куды дзець рукі. Ён жэсты так любіў — за пояс рукі ўсаджваў, А пояса няма — дык вось жывот пагладжваў. Памылку згледзеўшы, сумеўся небарака І ўсунуў дзве рукі ў адну кішэню фрака. Ідзе між кпін наўкольных, рад бы быў схавацца, Ды змушан як злачынства нейкага стыдацца. Аж здрыгануўся, Мацька згледзеўшы у залі.
вернуться

65

Вядомая ў Літве жаллівая песня пра паню Цыбульскую, якую муж прайграў у карты маскалям.

вернуться

66

Мода насіць французскае ўбранне панавала на правінцыі ад 1800 да 1812 года. Моладзь большасцю мяняла стыль вопраткі перад шлюбам, па жаданню нявест.