маючы гэткага пасла". Чарнецкі сам быў кухмайстрам Асалінскага.
р.218:
Маршалкам дэлегацыі ўсяго павету...
У Літве з уступленнем французскіх і польскіх войскаў былі арганізаваны па ваяводствах канфедэрацыі і выбраны дэлегаты ў сейм.
р. 246:
Пад Гогэнліндэн...
Вядома, што пад Гогэнліндэн польскі корпус пад камандай генерала Князевіча вырашыў лёс перамогі.
КНІГА ДВАНАЦЦАТАЯ
р.28:
Яго калісьці быццам Радзівіл-Сірота...
Радзівіл-Сірота зрабіў далёкія падарожжы і выпусціў апісанне свайго паломніцтва ў Святую зямлю.
р. 159:
Сервіз жа ў гэтым часе ў фарбах адмяніўся.
У шаснаццатым і на пачатку семнаццатага стагоддзя ў эпоху росквіту мастацтваў нават банкеты рыхтаваліся мастакамі і былі поўныя сімвалаў і тэатральных сцэн. На слаўным банкеце, наладжаным у Рыме для Льва X, знаходзіўся сервіз, які прадстаўляў пачаргова чатыры пары года; ён, пэўне, служыў узорам радзівілаўскаму. Сталовыя звычаі адмяніліся ў Еўропе каля паловы васемнаццатага стагоддзя, у Польшчы пратрымаліся найдаўжэй, чым у іншых краінах.
р.189:
Ці мо Пінэты бесаў вам прыслаў на службу?
Пінэты - слаўны на ўсю Польшчу штукар. Калі ў нас гасцяваў, не ведаем.
р. 356-357:
Ці ж я Цыбульскі,- Ключнік скрыўдзіўся не ў жарты,-
Які прайграў салдатам рускім жонку ў карты.
Вядомая ў Літве жаллівая песня пра паню Цыбульскую, якую муж прайграў у карты маскалям.
р. 405-406:
Зрабіць быў змушаны ў адзежы перамену
І апрануцца па-французску адмыслова.
Мода насіць французскае ўбранне панавала на правінцыі ад 1800 да 1812 года. Моладзь большасцю мяняла стыль вопраткі перад шлюбам, па жаданню нявест.
р. 480 :
Пра спрэчку Рэйтана і князя фон Дынасаў…
Гісторыя спрэчкі Рэйтана з князем De Nassau, не даведзеная Войскім да канца, вядомая з падання. Для чытача зацікаўленага падаем яе заканчэнне: Рэйтан, усхваляваны самахвальствам князя De Nassau, стаў ля яго на вузкай сцяжыне; якраз вялізарны адзінец, раз'юшаны стралянінай і цкаваннем, імчаў на сцежку. Рэйтан вырывае ў князя з рук стрэльбу, сваю кідае на зямлю і, хапіўшы рагаціну, а другую падаючы немцу: "Зараз,- сказаў,- убачыш, хто лепш валодае пікай". Ужо кабан надбягаў, калі Войскі Грачэха, які стаяў воддаль, трапным стрэлам зваліў звера. Паны перш гаеваліся, а потым памірыліся і багата ўзнагародзілі Грачэху.
р.555:
Нябожчык Карп пусціў сваіх сялян на волю.
Расійскі ўрад не прызнае іншых вольных людзей, апроч шляхты. Сяляне, вызваленыя ўладальнікам, зараз жа запісваюцца ў "сказкі" царскіх сталовых маёмасцяў і замест паншчыны змушаны плаціць яшчэ большы аброк. Вядома, што ў 1818 годзе грамадзяне Віленскай губерні прынялі на сейміку праект вызвалення ўсіх сялян і назначылі з гэтай мэтай дэлегацыю да цара, але ўрад загадаў праект скасаваць і ніколі больш пра яго не згадваць. Пад рускім урадам няма іншага спосабу даць чалавеку "вольную", як толькі запісаць яго ў сваю "фамілію". Шмат хто такім чынам атрымалі шляхецтва з ласкі ці за грошы.