Над Сапліцовам сонейка ўзышло і ўпала
На стрэхі, шчылкамі ўглыб пуні завітала.
І па зялёным, свежым і пахучым сене,
З якога далятала моладзі храпенне,
Паўзлі з мігценнем светлым залатыя смужкі
З дзіры ў страсе і выглядалі, быццам стужкі.
І вось казыча вусны спячых промень ранка,
Як каласком дзяўчына, будзячы каханка.
Вось вераб'і цвіркочуць, скачучы па стрэхах,
Гусак загагаў тройчы, а за ім, як рэха,
Увесь птушыны двор стаў адклікацца ў хоры,
I статак зарыкаў, выходзячы з аборы.
Усталі ўсе. Тадэвуш сну прагнаць не можа,
Бо найпазней заснуў. Збянтэжыў, растрывожыў
Яго ўчарашні дзень, дык пеўні ўжо запелі,
А ён не сплюшчыў вока і ў сваёй пасцелі
Круціўся так, што ў сене ледзьве не ўтапіўся.
Ён моцна спаў, ды вось ад ветру падхапіўся,
Калі старыя дзверы заскрыпелі звонка
І бернардын ксёндз Робак стаў ля застаронка.
Ён крыкнуў: "Surge, puer!" - і жартліва ўзняты
Паказваў пояс свой манаскі вузлаваты.
А на дзядзінцы гоман, крыкі, пераклічкі.
Стральцы выводзяць коней, пад'язджаюць брычкі,
Аж двор таго натоўпу агарнуць не ў сіле.
Вось граюць трубы, вось і псярні адчынілі.
Сабачы гурт вясёла скача і скавыча,
Убачыўшы ўкруг коней, зброю, паляўнічых.
Харты перш па дзядзінцы скачуць, як дурныя,
Пасля ў аброжкі самі падстаўляюць шыі.
Удачу варажылі гэткія прыкметы;
І ўсе за Падкаморым рушылі да мэты.
Перш егры ехалі адзін каля другога,
Але за брамай расцягнула іх дарога.
Асэсар з Рэентам трымаліся ўсё ж пары,
І хоць ім злосць крывіла час ад часу твары,
Вялі размову мірна, з гонарам, як людзі
Перад судом, дзе лёс іх вырашацца будзе.
З іх слоў не ўбачыш, як заўзятасці ў іх многа.
Асэсар вёў Сакола, а Рэент Кусога.
На брычках дамы ехалі ў канцы калоны,
А побач - моладзі натоўп вясёлы конны.
Ксёндз Робак па двары хадзіў павольным крокам,
Відаць, чытаў малітвы, але кідаў вокам
У бок Тадэвуша. З затоенай усмешкай
Даў знак. Тадэвуш да яго пад'ехаў спешна,
А ён ля носа пальцам пагражаць стаў строга.
І як Тадэвуш ні прасіў тады старога,
Каб той сказаў, што гэты знак пагрозы значыў,
Ды ксёндз шаптаў малітвы і не растлумачыў.
А як пайшоў, каптур націснуўшы на вочы,
Падцяў каня Тадэвуш і за браму скочыў.
А паляўнічыя якраз паход стрымалі
І нерухомай кавалькадаю стаялі.
Адзін другому знак маўчаць даваў рукамі,
І ўсе з цікаўнасцю глядзелі на той камень,
Дзе пан Суддзя стаяў. Ён звера ўжо убачыў
І жэстамі рукі загад здалёк тлумачыў.
Дык ясна ўсім: стаяць. Адны к яму паволі
Асэсар і пан Рэент трухаюць па полі.
Тадэвуш быў бліжэй, дык змог іх папярэдзіць;
Спыніўся ля Суддзі, каб перш за іх угледзець.
Даўно не быў на полі, на сівым прасторы
Не бачны заяц між каменняў у разоры.
Суддзя паказвае яго - шарак стуліўся,
Ля каменя ляжыць, з зямлёю шэрай зліўся,
Чырвоным вокам, у свой бок накіраваны,
Злавіў варожы зрок і, як зачараваны,
Са страху ад яго адняць не можа вока
І пад апокай мёртвы быў, нібы апока.
Тым часам поле курыцца ўсё бліжай, бліжай,
Ляціць на смычы Кусы, побач Сокал хіжы.
Тут Рэент і Асэсар "вычха!" ўраз раўнулі
I разам з гончымі ва ўзняты пыл нырнулі.
А ў час, як заяц быў прадметам інтарэсу,
З'явіўся раптам Граф ля замкавага лесу.
Уся акруга знала графава дзівацтва,
Што ён не мог нікуды на пару сабрацца.
Заспаў і сёння, дык вымову даў халопам,
Заўважыў паляўнічых і скакаў галопам.
Сурдут ангельскі белы свой суконны
На вецер расхінуў, а ззаду - слугі конна
У чорненькіх брыльках, аж лак на іх ільсніцца,
У ботах, куртачках і белых нагавіцах.
А слугі, што фарсяць у гэткай вось ліўрэі,
Завуцца ў графавым палацыку жакеі.
Скакала чвалам цераз поле чарада ўся,
Ды Граф заўважыў раптам замак і стрымаўся.
Ён першы раз тут быў уранні і не верыў,
Што гэта быў той самы мур, да гэткай меры
Адсвежыліся ранкам рысы пабудовы.
Здзівіў надзвычай Графа выгляд замка новы.
Вось вежа, што над ранняю імглой тырчэла,
Вышэйшаю здалася мо ўдвая; блішчэла
На блясе сонца - дах, як золатам, быў крыты,
Вясёлкамі цвілі кавалкі шыб пабітых.
Зямлю ахутала туману павалока
І скрыла шчыліны і выламы ад вока.
Далёкі гону крык, прынесены вятрамі,
Адбіўся некалькі разоў паміж мурамі;
Прысягу даў бы, што крык з замка, што ў тумане
Мур, аднавіўшыся, людскім стаў памяшканнем.
Любіў Граф захапляцца кожнай з'явай новай
І рамантычнай, як казаў. Ён рамансовай