Выбрать главу

За рыбкаю свавольнай. Так уздоўж загонаў

Згінаецца з кашолкай над гурком зялёным,

Які кране нагою ці прыкмеціць вокам.

Пан Граф, які заўважыў з'яву ненарокам,

Цішком стаяў. Жакеям, што ўслед над'язджалі,

Рукой даў знак спыніцца, дык і тыя сталі.

Ён шыю выцягнуў, глядзіць, як той дзюбаты

На варце журавель, старанна тым заняты,

Каб толькі не заснуць, як гурт адпачывае,

І камень у падкурчанай назе трымае.

Ды вось пачуўся Графу шэлест каля скроні.

Быў гэта Робак і трымаў ён у далоні

Падняты ўверх манаскі пояс вузлаваты:

"Гуркоў вам хочацца? Іх тутака багата!

Не лезь у шкоду, пане, бо на гэтым полі

Чужы ўраджай, тваім не быць яму ніколі!"

I, пальцам строга паківаўшы, ўбок падаўся.

Дык і пан Граф тут доўга ўжо не заставаўся.

Хоць засмяяўся, ды не рад быў перашкодзе.

Вярнуўся вокам у гарод, але ў гародзе

Яе ўжо не было, і толькі у аконцы

Мільгнула сукня, стужка ўспыхнула на сонцы

На градах знаць, якой трымалася дарогі,

Бо цёмны ліст, які кранулі яе ногі,

Падняўся ўгору, задрыжаў і стаў на месца,

Так, як вада, калі к ёй птушка дакранецца.

І толькі, дзе стаяла, кошычак з ракіты

Угору дном ляжаў, са сполаху забыты.

Гуркі згубіўшы, ён на лісці затрымаўся

І на зялёнай хвалі лёганька хістаўся.

Праз момант навакол было бязмоўна, глуха;

На дом Граф пазіраў, напружваючы вуха,

І думаў, а жакеі воддаль нерухома

Стаялі. Раптам у глухім маўклівым доме

Пачуўся шум і гоман, потым крык вясёлы,

Як у вуллі, калі ў яго ўлятаюць пчолы:

Быў гэта знак, што госці едуць з палявання

І чэлядзь завіхаецца наконт снядання.

Ва ўсіх пакоях рух, бо слугі ў той хвіліне

Стаўлялі ежу і бутэлькі, і начынне.

Зялёных вопратак мужчыны не змянялі,

А ў тым, у чым прыйшлі, закусваць пачыналі

З талеркамі ў руках расходжвалі свабодна

Ці, вушакі падпёршы, гутарылі згодна.

Суддзя і Падкаморства ля стала, паненкі ж

Шапталіся асобна воддаль каля сценкі.

Не той быў лад, як пры вячэры ці абедзе,

Такая мода за граніцай выйшла недзе.

Суддзя, хоць звычаю таго не пахваляе,

Ды рад не рад, яго аднак жа дазваляе.

Мужчын і дам асобнай частавалі ежай:

Разносіць посуд пачалі для кавы свежай,

Дык на падносах, хораша размаляваных,

Дыміўся рад пахучых чайнікаў бляшаных,

Стаялі пазалочаныя філіжанкі,

А побач - дробныя гарнушкі для смятанкі.

Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі,

Бо ў Польшчы, дзе жывуць старыя абычаі,

Жанчына ў доме адмысловая бывае,

Кавяркай званая. Яна і здабывае

У горадзе або ў віціннікаў зярняты

І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты,

Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела,

Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела.

Вядома, чым для кавы добрая смятана,

На вёсцы ёсць яна. Кавярка, ўстаўшы рана,

Паставіць чайнікі, ў малочную ступае

І лёгка свежы белы цвет збанкоў згартае

У дробненькі прыгожы посуд філігранны -

Для кожнай філіжанкі свой вяршок смятанны.

Старэйшыя з жанчын пілі ўжо каву зранку,

Цяпер другі напітак мелі пры сняданку,

Напітак, на які ніхто не гляне крыва:

Гарачае з вяршкамі, з свежым сырам піва.

А для мужчын ляжала розная вяндліна:

Гусяціна, валовіна, язык, свініна

Найлепшага гатунку, спосабам мясцовым

Увэнджаная дбайна дымам ядлаўцовым.

А на астатак зразы чэлядзь падавала.

Дык вось як снедалі ў Суддзі ў той час, бывала.

У дзве святліцы побач разышліся госці.

Пры століку малым старыя ягамосці

Вялі бяседу перш аб справах гаспадарскіх,

А потым аб законах і указах царскіх.

Крануў пан Падкаморы і вайны пытанні,

І вывады свае рабіў і меркаванні.

Вайшчанка акуляры сінія ўзлажыла

І Падкаморысе на картах варажыла,

А моладзь абмяркоўваць стала паляванне.

Гуторылі спакойна ўсе, без хвалявання,

Бо Рэент і Асэсар, роўныя ў рыхтоўцы

Страляць і звера гнаць, вялікія прамоўцы,

Маркотныя былі, гпядзелі сумна, гнеўна.

Так добра пацкавалі, кожны з іх быў пэўны,

Што хорт ягоны тут здабудзе перамогу,

Ды шнур сялянскай ярыны закрыў дарогу:

Шарак нырнуў, і з ім харты з вачэй прапалі,

І вось загад Суддзі, каб мігам гон стрымалі,

Выконваць мусілі, хоць грызла злосць, трывога.

Вярнуліся сабакі, і ніхто нічога

Не ведае. ці звер уцёк, ці ў зубы трапіў

Абодвум, ці ў адну якую-небудзь ляпу.

Пра гэта розна тутка сёння гаварылі,

Але сапернікаў ізноў не памірылі.

А Войскі па пакоях сноўдаў адзінока

І пазіраў, нібы рассеяна, навокал.