Выбрать главу

Раскінуў хутка рукі ўбок дарожным знакам

І ў два куты пакоя кінуў забіякаў.

Праз момант так стаяў з прасцёртымі рукамі

I "Pax,- казаў ім,-Pax vobiskum, мір між вамі!"

Хоць гэта ім было не вельмі да спадобы,

Але, з пашаны да духоўнае асобы,

Ўсё ж засмяяліся. Пасля ж такое спробы

Больш не пасмелі пры манаху задзірацца.

А той, убачыўшы, што гнеў пачаў сцішацца,

Трыумфу не шукаў у тым, што здзейсніў міры,

Больш слова не сказаў ніводнаму задзіры,

Каптур паправіў, рукі залажыў за пояс

І моўчкі выйшаў.

А тым часам у пакоі

Суддзя і Падкаморы між двума бакамі

Стаялі. Войскі выступіў, развёў рукамі,

Ен раптам, быццам разагнаў сваю дрымоту,

Паправіў вус сівы і абцягнуў капоту,

А вока ўсіх прысутных мігам ахапіла.

І дзе яшчэ быў шум, ён, быццам ксёндз крапілам

Сцішаючы, памахваў біткай скураною,

Пасля, падняўшы тронкі па-над галавою,

Нібы жазло маршалка, аб'явіў маўчанне:

"Суцішцеся,- казаў,- трэ'ж мець апанаванне.

Вы, паляўнічыя найлепшыя ў павеце,

Нязгоды вашай прыклад майце на прыкмеце!

Надзея краю, наша моладзь дарагая,

Што ўжо і так пра славу пушч не вельмі дбае,

Калі ў яе і зараз лоўля не ў пашане,

Пасля зусім закінуць можа паляванне,

Убачыўшы, замест братэрскае нарады,

Адны нязгоды пасля лоўлі, спрэчкі, звады.

Дык слухайце мяне, старога: не палічыш,

Якіх і дзе, і колькі знаў я паляўнічых.

Я шмат разоў судом судзіў іх палюбоўным.

Ну хто ў лясах літоўскіх Рэйтану быў роўным

Ці то зрабіць аблаву, ці сустрэцца з зверам?

З Белапятровічам каго мы зараз змерым?

Хто гэтак, як страляў Жагота, можа стрэліць,

Што ў зайца на бягу мог з пісталета ўцэліць?

Бывала, Тараевіч, ідучы на дзікаў,

Не браў з сабою іншай зброі, апроч пікаў.

Будрэвіч браўся ўпол і з медзвядзём, бывала.

Дык вось якіх герояў наша пушча знала!

А паспрачаўшыся, як справу разбіралі?

Ды суддзяў набіралі і заклад стаўлялі.

Агінскі за ваўка прайграў валок сто лесу,

Тры вёскі Несялоўскаму барсук звёў к бесу.

І вам жа можна весці справу даўнім ладам,

І спрэчку меншым, хай сабе, рашыць закладам.

Гаворка - вецер, ёй канца на век не будзе,

А дзеля зайца языка не варта трудзіць,

Дык выбірайце зараз палюбоўных суддзяў,

І іх рашэнне хай для вас законным будзе.

Я папрашу Суддзю, каб ён дазволіў еграм

Закончыць гон, каб на'т звярына ў збожжа ўбегла,

І ласку гэту атрымаць я спадзяюся".

Сказаўшы гэта, да кален Суддзі нагнуўся.

"Каня!- ускрыкнуў Рэент,- я каня са збруяй

Стаўляю і абавязацельства бяру я

Суддзі ў salarium аддаць пярсцёнак гэты!"

"А я,- сказаў Асэсар,- здам для той жа мэты

Аброжку з яшчура - цудоўная работа!

Шаўковы павадочак, колцаў пазалота,

Каштоўны камень - ззяе ўсё здалёк і свеціць.

Калісьці ў спадчыну мо атрымалі б дзеці,

Каб ажаніўся. Даў яе мне, каб вы зналі,

Князь Домінік, калі мы раз з ім палявалі

Ды з Маршалам Сангушкам і з тым генералам

Меенам. Што мая там псярня вытварала,

Паверыць трудна. Вось была, скажу вам, штука:

Аж шэсць зайцоў мая злавіла запар сука!

А гэта адбылося на Купіскім полі.

Князь Радзівіл не бачыў гэткага ніколі,

З каня сышоў, абняў маю харціху Каню

І тройчы ў лоб пацалаваў на знак прызнання,

А потым, тройчы пляснуўшы рукой па пысцы,

Сказаў: "Дык будзь цяпер княгіняю Купіскай".

Вось так Напалеон сваім маршалам многім

Даў тытулы князёў ад месцаў перамогі".

Абрыдла Талімэне гутарка ўся скора,

Хацела ў лес пайсці, падшуквала партнёра.

Зняла з калочка кошык. "Вам, панове, мусіць,

І дома добра, я дык на рыжкі прайдуся,

Прашу са мной, хто ласкаў",- ветліва сказала

І шаль чырвоны з кашаміру завязала.

Руку падкамаранцы падала, другою

Фальбоны прыўзняла, перш чым ступіць нагою.

Тадэвуш у грыбы за ёй падаўся следам.

Суддзя быў рад праходцы той перад абедам,

У ёй ён бачыў спосаб на сцішэнне крыкаў.

"Прашу у лес, панове!- весела заклікаў,-

Хто сёння з вас рыжка найлепшага дабудзе,

З найпрыгажэйшай побач той абедаць будзе

Сам выбярэ яе. А калі знойдзе дама,

Найпрыгажэйшага хай выбера таксама!"

Кніга трэцяя. Заляцанні

Змест: Графаў паход у сад. Таямнічая німфа пасе гусей. Падабенства грыбнікоў да элізейскіх ценяў. Гатункі грыбоў. Талімэна ў Святыні дум. Нарада ў справе Тадэвута. Граф - пейзажыст. Мастацкія заўвагі Тадэвуша пра дрэвы і хмары. Графавы думкі наконт мастацтва. Звон. Білецік. Мядзведзь, маспане!

Вярнуўся Граф, але прытрымваў верхавога