З прадмовы "Наваградзкая Іліяда" Язэпа Янушкевіча да юбілейнага выдання "Пан Тадэвуш" (Мінск, 1998).
Кніга першая. Гаспадарка
Змест: Вяртанне паніча. Першая сустрэча ў пакойчыку, другая за сталом. Важнае павучэнне Суддзі аб ветлівасці. Палітычныя заўвагі Падкаморага пра моды. Пачатак спрэчкі за Кусага і Сокала. Нараканні Войскага. Апошні Возны трыбунала. Позірк на тагачаснае палітычнае становішча Літвы і Еўропы.
Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!..
Што варта ты, ацэніць той належным чынам,
Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую
Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую.
Святая дзева, што бароніш Чанстахову
І ў Вострай браме свеціш, што ўзяла ў ахову
Наш слаўны Навагрудак з добрым верным людам,
Як мне жыццё ў дзяцінстве ты вярнула цудам,
(Калі ў адчаі маці пад тваю апеку
Мяне здала, і мёртвае я ўзняў павека
І зразу змог пайсці к тваіх святынь парогу
За вернутыя сілы даць падзяку Богу),
Так цудам зноў нас вернеш на Айчыны ўлонне.
Тым часам перанось дух сумны мой сягоння
У край лясных узгоркаў і лугоў духмяных,
Шырока над блакітным Нёмнам разасланых,
Да каляровых ніў, дзе жыта серабрыцца
І залачоная калышацца пшаніца,
Дзе грэчка, быццам снег, свірэпка, як бурштыны,
I дзяцельнік гарыць румянцамі дзяўчыны
А на мяжы, што стужкай абвіла палеткі,
Маўкліва грушы ціхія паселі зрэдку.
Між гэтых ніў калісьці, над руччом на ўзвышшы
ў бярозавым гаі, у дрэў густых зацішшы
Стаяў на падмуроўцы панскі дом драўляны:
Здалёк бялелі вокны, сцены і парканы,
Бо топалі, што двор ад ветру засланялі,
Іх бель на цёмным лісці рэзка адцянялі.
Той дом, хоць невялікі, але мілы воку;
Ля пуні тры стагі стаяць непадалёку
Снапоў, якіх падстрэшша памясціць не можа.
Відаць, уся акруга тут багата збожжам,
Відаць па ліку бабак сцесненых, як зоры,
Па колькасці плугоў, што йшлі уздоўж разоры
Па чарназёмным, пэўне, дворных ніў папары,
Дагледжаным старанна скрозь на ўсім абшары
І ўзрыхленым не горай агародніх градак,
Што тут ва ўсім дастатак, рупнасць і парадак.
Расчыненая брама ўсім апавяшчае,
Што рады тут гасцям, і ў госці запрашае.
Якраз паніч з'явіўся ў параконнай брычцы:
Аб'ехаў двор, каб каля ганка запыніцца,
З сядзення злез, а коні з брычкаю тым часам
Пайшлі шчыпаць траву ўздоўж плоту самапасам.
Дом быў пусты, ўваход праз ганак быў замкнёны
На зашчапкі, а тыя - палачкай праткнёны.
Прыезджы не пайшоў да чэлядзі пытацца,
Убег, адпёршы, ў дом - хацеў з ім прывітацца,
Даўно не бачыў дому, бо далёка ў месце
Канчаў навукі і канца прыждаў урэшце.
Убегшы, прагна азіраецца навокал
I, як старых сяброў, вітае чула зрокам
Шпалеры, мэблю, ўжытку хатняга прадметы,
Якімі змалку быў акружаны, сагрэты.
Ды ўсё здалося меншым - сцены быццам селі,
Аднак партрэты даўнія на іх віселі.
Касцюшка тут у простай кракаўскай чамары
Аберуч меч дзяржыць, узняўшы вочы ў хмары.
Вось так ён прысягаў за родны край любімы
Загінуць ці прагнаць трох ворагаў радзімы.
Далей сядзіць, апрануты па-польску, ў скрусе
Пан Рэйтан, бо свабоду край утраціць мусіў,
Трымае востры нож, накіраваны ў лона,
А перад ім "Федон" і жыццяпіс Катона.
Далей Ясінскі, юны прыгажун схмурнелы,
А поруч Корсак, сябра неадступны, смелы -
Сякуць на шанцах Прагі маскалёў заўзята,
А Прага ўжо навокал полымем абнята.
Курантавы гадзіннік - сябра год дзіцячых -
У шафе каля нішы з радасцю убачыў
І зараз жа ўхапіўся за шнурочак з кісцю,
Каб марш Дамброўскага пачуць, як і калісьці.
Праз дом увесь прабег, шукаючы вачыма
Пакой, дзе жыў перад дзесяткам год хлапчынам
Убег, ды адступіўся - веры даць не хоча
Сваім вачам: яго пакой - пакой жаночы!
Цікава, чый? Здаўна быў дзядзька адзінокім,
А цётка ў Пецярбургу дзесь жыла далёкім,
І не жыла ж тут ахмістрыня! На раялі
Паперы, ноты, кнігі абы як ляжалі.
Усё раскідана нядбайна, але міла,
Тут, пэўне, не старая ручка лад чыніла!