Выбрать главу

І на гарод глядзеў. Там не было нікога,

Ды вось яму здалося, быццам у акенцы

Ізноў мільгнула штосьці ў беленькай сукенцы,

І нешта лёгкае зляцела ў зеляніну

I, прашмыгнуўшы цераз грады, праз хвіліну

Паміж зялёнымі свяцілася гуркамі,

Як свеціць промень сонца, трапіўшы часамі,

З-за хмар на крэмень палявы ў заранай скібе

Ці ззяе між травы ў вады маленькай шыбе.

Граф злез з каня, адправіў слуг, што сталі ззаду,

А сам пачаў крадком скіроўвацца ў бок саду.

Знайшоў дзіру ў паркане і не без напору

Праціснуўся ў гарод, як воўк які ў абору.

Няшчасцем закрануў куст агрэсту сухога.

Гароднічка спужалася, і хоць нічога

Вакол сябе не ўбачыла, ды ў момант вока

Ускочыла і апынулася далёка.

А Граф між шчаўя конскага, паміж павою

Праз лапушыную густэчу поўз травою,

Скакаў, як жаба, і, падкраўшыся ўжо блізка,

Заўважыў від цудоўны ў ясных сонца бліках.

Раслі ў той палавіне саду вішні зрэдку,

А паміж імі мешанка на ўсім палетку:

Пшаніца, кукуруза, боб, ячмень вусаты,

Гарошак, проса, кветкі, рад кустоў пукатых

Гародчык гэты зрыхтавала ахмістрыня,

Калісьці слаўная ў акрузе гаспадыня,

Какошніцкая, з дому Ендыкавічанка,

Для свойскіх птушак. Гэта вось дзялянка -

Адкрыцце цэлае. Той спосаб беззаганны

Спярша быў толькі ёй самою скарыстаны

І найбліжэйшымі сяброўкамі ў сакрэце,

Аж покуль каляндар не раструбіў па свеце

Пра "Спосаб супроць шулякоў, або Сакрэты

Гадоўлі свойскай птушкі" - пра гародчык гэты.

Дык вось ледзь толькі певень, вартаўнік кашлаты,

На месцы стаўшы з дзюбаю ўгару паднятай

І грабяністы чуб звярнуўшы трохі бокам,

Каб тым лягчэй нацэліцца ў нябёсы вокам,

Заўважыць дзесьці ў хмарах ястраба цень буры

І ўскрыкне - ўміг хаваюцца ў садочак куры,

А нават гусі, павы, і лятуць ад страху

У сховак гуртам галубы з крутога даху.

Цяпер быў без драпежнікаў блакіт высокі,

Ён толькі дыхаў жарам сонечнае спёкі,

Дык птушкі халадок знайшлі ў сваім садочку,

Ляжаць на мураве, купаюцца ў пясочку.

Сярод галоў птушыных у высокім зеллі

Галоўкі дробныя дзіцячыя бялелі

І шыйкі голыя да плечак. З дзецьмі тымі

Была дзяўчына з валасамі больш даўгімі.

За дзетварой сядзеў паўлін. Нібы ў вясёлцы,

Свяціліся ў яго хвасце кругі і колцы.

Галоўкі дзетак на тым фоне цёмна-сінім

Блішчэлі асабліва, быццам на карціне,

Абведзеныя кругам воч паўліных гожа,

Што, як вяночак з зор, прасвечвалі між збожжа,

Між палак кукурузных, распусціўшых коскі,

Між траў ангельскіх, маляваных у палоскі,

І між каралаў шчыру, што з зялёным слязам

І колеры, і формы скрыжавалі разам,

Як быццам срэбра з золатам пераплялося,

Накшталт заслоны лёгкай з кветак, траў, калосся.

Над гушчаром бадылля, кветак, зеляніны

Узняўся балдахін імглісты матыліны -

Рой лёгкіх бабак, што трасуць на небе сінім

Празрыстым светлым крыллем, быццам павуцінне.

Калі яны ў паветры ўюцца лёгкім пухам,

Хоць бзыкаюць, здаецца, што вісяць без руху.

Дзяўчына ўзмахвала пучком уверх узнятым,

Як быццам з пер'я страўса, веерам багатым,

Падумаў бы, што ім дзяцей абараняла

Ад залатога матылёў дажджу. Трымала

Апроч таго ў другой руцэ прадмет якісьці

І дзецям па чарзе давала піць ці ўгрызці

Таго чагосьці залацістага крутога,

Падобнага зусім да Амальтэі рога.

Хоць так занятая, а ўсё ж не давярала

Кусту, што шалясцеў, і ў той бок пазірала.

Не ведала, што вораг абышоў здалёку

І вужам праз загоны поўз з другога боку.

Вось выскачыў з былля. Убачыла - быў блізка,

Праз град чатыры мо, і кланяўся ёй нізка.

Дык адвярнулася, рукамі узмахнула

І спуджанаю краскай з месца пырханула,

Ступнямі лёгкімі мільгнуўшы над гародам.

Тут дзеці, спуджаныя Графа надыходам

І ўцёкамі дзяўчыны, крыкнулі трывожна.

Пачула, зразумела, што ніяк не можна

Дзяцей малых пакінуць у перапалоху.

Вярталася назад, збліжалася патроху,

Як неахопны дух, прыкліканы закляццем.

Падбегла да найбольш крыклівага дзіцяці,

Прысела да яго, туліць да ўлоння стала,

Другое гладзіла, суцішвала ласкава.

Памалу сціхлі ўсе, галоўкі затулілі

У яе падол, як птушаняты маці ў крыллі.

Яна тады прамовіла: "Ну ці ж прыгожа

Крычаць так? Вас спалохацца пан гэты можа.

Пан страшыць не прыйшоў, не старац ён хаджалы,

А госць, пан добры, гляньце - вунь які удалы".

І глянула сама. Прыемна Графу стала,

Ён усміхнуўся ёй за ўсе яе пахвалы.