Выбрать главу

Бо Ключнік кланяўся. Пралезшы, зараз з ходу

Сказаў:

"Яснавяльможны пане наш Гетмане

Ці генерале, ды тут важнае не званне,

Вось я Рамбайла стаў на вашае жаданне

З маім Сцізорыкам, якому бой крывавы

І гарт, а не прыгожасць назбіралі славы,

Аж нават вы аб ім пачулі, генерале.

Каб ён мог гаварыць, дык можа б мы сабралі

Крыху пахвалаў і руцэ маёй вось гэтай,

Што, дзякуй богу, не адно служыла лета

Сям'і Гарэшкаў, ну і ўсё жыццё Айчыне,

Аб чым сярод народу памяць не загіне.

Мапанку! Мала дзе ў нас пісар павятовы

Так пёры вострыць, як Сцізорык мой галовы.

Іх не злічыць! Вушэй, насоў нарэзаў кучы,

А ўсё, як і калісьці, востры і бліскучы.

І ні адзін яго не спляміў злы учынак,

А ўсё вайна адкрытая ці паядынак.

Раз толькі! Божа, вечны дай яму спачынак,

Бяззбройны чалавек прыведзен быў да скону,

Але Бог сведка мне, што Pro publico bono".

"Ну пакажы,- сказаў з усмешкаю Дамброўскі

Вось гэта дык сцізорык! Чысты меч катоўскі!"

І аглядаў з здзіўленнем страшную рапіру.

І афіцэры ўсе дзівіліся ёй шчыра,

У рукі бралі, ды амаль ніхто са збору

Не мог падняць мяча адной рукою ўгору.

Казалі, што Дамбінскі, у руках магутны,

Парушыў бы мячом, але ён быў адсутны.

З прысутных жа адно швадрона шэф Двярніцкі

І камандзір узвода малады Ружыцкі

Змаглі валодаць жалязякай не без мукі.

І так Сцізорык пераходзіў з рук у рукі.

Ды генерал Князевіч, ростам найвышэйшы,

Ў руках таксама аказаўся найдужэйшы.

Рапіру ўзяўшы, лёгка ўзняў яе, як шпагу

І зразу прыкаваў да ўзбліскаў сталі ўвагу,

Прыпомніўшы ўсе фехтавальныя прыёмы:

Крыжовы ўдар, млынок, не ўсім вядомы,

Такзваны, крадзены і цэлы рад тэрцэтаў,

Якія знаў, бо быў з вучылішча кадэтаў.

Калі з усмешкай фехтаваў, Рамбайла ўкленчыў,

Схапіўшы за калені, са слязамі енчыў

За кожным рухам і узмахам генерала:

"Ці ж ты канфедэратам быў? Цудоўна! Удала!

Пуласкіх гэта ўдар! Так Дзержаноўскі біўся,

А гэтак Сава! І ў каго ж пан навучыўся?

Хіба ў Дабрынскага! А гэта? Пабажуся,

Пан генерал, мой гэта ўдар, я не хвалюся,

Ім карысталіся Рамбайлы! Без падманку,

Ён ад майго імя завецца "ўдар Мапанкаў ".

Хто ж вас вучыў? Мой гэта ўдар, мае прытрымкі!"

Устаў і захапіў Князевіча ў абдьмкі:

"Памру цяпер спакойна, бачу, не загіне

Маё уменне, і прытулак даць дзяціне

Ўжо ёсць каму, бо я не меў ужо надзеі,

Што гэты меч пасля мяне не заржавее!

Не заржавее, не! Прабач, яснавяльможны

Пан генерал, ражны, што ў вас тут носіць кожны,

Нямецкія кійкі, што ў вас завуцца шпагі,

Вам не да твару, не для вашае павагі!

Вось мой Сцізорык я ля вашых ног складаю -

Ўсё самае мілейшае, што толькі маю.

Ніколі жонкі я не меў, дачкі, ні сына,

Ён быў мне жонкай і дзіцём і быў няспынна

Заўжды пры мне. І я ад рання аж да змроку

Ласкаў яго, а ўночы спаў ён каля боку!

Цяпер вісіць над ложкам, як закон габрэя,

Бо я не той ужо, рука мая старэе.

Я думаў, што са мной ён пойдзе ў глыб магілы,

Ажно наследніка сваёй знаходжу сілы!"

А генерал напоў з усмешкай, паўузрушан,

Сказаў: "Адмовіцца ад дару буду змушан,

Бо ты, аддаўшы жонку мне сваю і сына,

На старасць будзеш і ўдаўцом і сірацінай!

Якая ж плата дар твой можа ўзнагародзіць,

І што тваё ўдаўство, сіроцтва асалодзіць?"

"Ці ж я Цыбульскі,- Ключнік скрыўдзіўся не ў жарты,-

Які прайграў салдатам рускім жонку ў карты,

Як песню ў нас пяюць? Я задаволен гэтым,

Што мой Сцізорык 'шчэ заззяе перад светам

У гэткіх вось руках. Ды толькі, генерале,

Глядзіце, каб тасьму далёка распускалі,

Бо доўгі ён. Ад левага бярыце вуха

Аберуч, дык з пляча разрэжаце да бруха".

Узяў Сцізорык генерал, ды ля папругі

Насіць не мог, у воз яго схавалі слугі.

Што сталася з ім потым, розна гаварылі,

Але ніхто не ведае да гэтай хвілі.

Дамброўскі мовіў Мацьку: "Дружа, я ў здзіўленні,

Няўжо не рад ты нашаму сюды з'яўленню?

Маўчыш скваснелы! Як табе не скача сэрца

Ад тых арлоў на сцягах? Трубы на паверцы

Табе над вухам слаўны марш Касцюшкаў граюць!

Мацей, ты не такі, як аб табе тут баюць.

Я думаў, што калі ты на каня не ўскочыш,

То хоць з усімі намі піць, гуляць захочаш!

За кесара падымеш тост і за надзеі!"

"Га! - адказаў Мацей,- я бачу ўсе падзеі!

Ды разам двух арлоў ніхто не зможа згнездзіць!

А ласка пана на кані пярэстым ездзіць!

Напалеон - герой, ніхто таго не скрые!

Але Пуласкія, мае сябры старыя,

Казалі, паглядаючы на Дымур'ера,

Што нам трэ' польскага героя-кавалера,