Выбрать главу

р. 149:

Не думай, што ў Суддзі ўсе абы-як служылі

Расійскі ўрад ніколі ў заваёваных краінах не руйнуе адразу законаў і грамадскіх устаноў, але памалу падкопвае іх указамі. У Маларусі, напрыклад, утрымаўся аж да апошніх часаў Літоўскі Статут, адменены ўказамі. Літве пакінута ўся даўнейшая структура судоў грамадскіх і крымінальных. Па-даўнейшаму выбіраюцца суддзі земскія і гарадскія ў паветах, галоўныя ў губернях. Але дзеля таго, што апеляцыя ідзе ў Пецярбург у шматлікія інстанцыі розных ступеняў, дык пры мясцовых судах застаўся толькі цень даўнейшай традыцыйнай павагі.

р. 150:

Яны загаду пана Войскага чакалі.

Войскі (Tribunus) быў некалі на службе апекуном жанок і дзяцей ў часе агульнай мабілізацыі. Ад даўніх часоў чын гэты, без абавязкаў, стаўся тытулярным. У Літве ёсць звычай, што паважаным асобам даецца праз ветлівасць нейкі стары тытул, які праз ужыванне становіцца правамоцным. Называюць, напрыклад, суседзі свайго сябра Абозным, Стольнікам ці Падчашым, перш толькі ў гутарцы і ў карэспандэнцыі, а пасля нават і ва ўрадавых актах. Рускі ўрад не прызнаваў гэтых тытулаў, стараўся іх асмяяць, уводзячы замест іх тытулаванне паводле рангаў сваёй іерархіі, да якой Ліцвіны дагэтуль маюць вялікую гідлівасць.

р.178:

Пан Падкаморы з жонкай, з дочкамі прыехаў.

Падкаморы, калісьці службовец выдатны і паважаны, Princeps Nobilitatis стаўся пры панаванні царызму толькі тытулярным. Часам яшчэ судзіў справы аб межах, але ўрэшце і гэту частку юрысдыкцыі страціў. Цяпер бывае замяшчае маршалка і прызначае каморнікаў або павятовых землямераў.

р. 250:

Бо Возны ўпотай, як падаўся Войскі з дому.

Возны, або генерал, выбраны трыбунальскім ці судовым рашэннем з мясцовай шляхты, разносіў позвы, аб'яўляў інтрамісіі, рабіў судовы агляд бягучых спраў, выклікаў актараты і г. д. Звычайна гэту пасаду займала дробная шляхта.

р. 439:

Народ хадзіў за ім, як за якім рарогам

Рарог - птушка з сям'і ястрабаў. Вядома, што дробныя птушкі, асабліва ластаўкі, ганяюцца за ястрабамі гуртам. Адгэтуль прымаўка: лятаць, як за рарогам.

р. 525:

Што Банапарты чараваў.

Шмат кружыць аповесцяў сярод простых рускіх людзей пра чары Банапарта і Суворава.

р.576 .

Асэсар з Рэентам, стралкі два і гулякі...

Асэсары ўтвараюць земскую паліцыю павету. Паводле ўказаў, часамі выбіраюцца грамадзянамі, часамі прызначаюцца ўрадам. Тыя апошнія завуцца кароннымі. Асэсарамі завуцца і апеляцыйныя суддзі, але тут гаворка не пра іх. Рэенты актавыя кіруюць канцылярыяй, дэкрэтавыя пішуць прысуды, а ўсіх іх прызначаюць на пасаду судовыя пісары

р.790:

Што б Несялоўскі нам сказаў.

Юзаф граф Несялоўскі, апошні Навагрудскі ваявода, быў прэм'ерам рэвалюцыйнага ўрада ў часе паўстання Ясінскага.

р.796:

Белапятровічу і то паслаў адмову!.

Юры Белапятровіч, апошні пісар Вялікага Княства Літоўскага, прымаў чынны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Ясінскага. Судзіў у Вільні палонных за здраду народнай справе. Чалавек, справядлівы і патрыятычны, вельмі ў Літве паважаны.

р.850:

Перш Возны пояс зняў з яго шырокі, літы.

У Слуцку знаходзілася слаўная на ўсю Польшчу фабрыка залатых тканін і літых паясоў, удасканаленая стараннем Тызенгаўза.

р.872:

Была гэта ваканда трыбунала.

Ваканда - вузкая прадаўгаватая кніжачка, куды запісвалі прозвішчы скаржнікаў абодвух бакоў судовай справы паводле парадку рэгістрацыі. Кожны адвакат і возны павінен быў мець такую ваканду.

р.922:

І як французам кінуў сто сцягоў крывавьк..

Генерал Князевіч, выпраўлены італьянскай арміяй, перадаў Дырэктарыі здабытыя сцягі.

р.924:

Як з'ехаў Ябланоўскі ў край вясны бясконцай

Князь Ябланоўскі, камандуючы Наддунайскай Легіяй, памёр у Сан Дамінга, дзе загінула амаль уся легія. У эміграцыі ёсць некалькі ветэранаў, што засталіся ад той нешчаслівай экспедыцыі, між іншымі, генерал Малахоўскі.

КНІГА ДРУГАЯ

р.228 :

Яна ў арган і іншыя інструменты іграла.

У даўнейшых замках стаўлялі на хорах арган.

р.282:

І чорнай поліўкай яго пачаставалі.

Чорная поліўка, паданая на стол хлопцу, які сватаўся, азначала адмову.

р.501:

У горадзе або ў віціннікаў зярняты...

Віціны - гэта вялікія судны на Нёмане, якімі ліцвіны карыстаюцца для гандлю з прусамі, сплаўляючы збожжа і атрымоўваючы ўзамен каланіяльныя тавары.

р. 823.

Князь Домінік, калі мы раз з ім палявалі.

Князь Дамінік Радзівіл, вялікі ахвотнік да палявання, эміграваў у Княства Варшаўскае і за ўласны кошт паставіў полк кавалерыі, якім камандаваў. Памёр у Францыі. На ім згасла мужчынская лінія князёў з Алыкі і Нясвіжа, найбольшых магнатаў у Польшчы і, пэўне, у Еўропе.