Якой файнай яны былі парай, маладыя героі! Таненькая, яснавокая Жэнька з тоўстай касою, якую яна ўмудрылася захаваць праз усю вайну, прыгожая, як артыстка, і плячысты, упэўнены Рыгор з буйным цёмным чубам, з ордэнамі на афіцэрскім кіцелі… Маладая сям’я атрымала службовую кватэру ў сталіцы, у ацалелым ад бамбёжак доме ў Траецкім прадмесці. Рэм некалькі разоў у іх начаваў – нішто сабе харомы, нават з паркетам і ляпнінай на столі, у лазенцы – цэлы басейн, а не ванна. Праўда, пляткарылі, што недарэмна ў тым доме ўваход у падвал цэглай закладзены. Напачатку вайны тут жылі сем’і камандзіраў. Пачаліся бамбёжкі. Дзеці з маткамі, чалавек паўсотні, мусіць, пахаваліся ў бамбасховішчы ў падвале. Усчаўся пажар, а дзверы заваліла нейкай бэлькай… Так усе там і задыхнуліся, згарэлі і засталіся да канца вайны… А пасля вызвалення вырашана было на страшную гісторыю забыцца… Тым больш, ніхто з бацькоў з фронту не вярнуўся. Усе дзверы ў сутарэнні заварылі, замуравалі… Вядома, забабонныя людцы, асабліва прыслуга, распавядалі пра прывідаў, плач ды крыкі, якія даносяцца часам з падвалаў…
Цвічка ўзялі працаваць на вайсковы склад, не без дапамогі Самуся. Далі месца ў інтэрнаце… Рэм прыкідваў, што калі Малгося нарэшце згодзіцца стаць ягонай жонкай, то вылучаць ім асобны пакой. Але Малгажата аднеквалася: вось закончыць інстытут… Хаця Жэньцы той жа інстытут не перашкодзіў пабрацца з Рыгорам!
Рэм лічыў кавалкі мыла, боты і гімнасцёркі. У Малгосі пачалася доктарская практыка. Раз на месяц хіба ўдавалася ў кіно сяброўку выцягнуць.
А год таму Жэнька знікла. Кінула Рыгора і з’ехала. Самусь сціскаў зубы, сіпеў: «Так трэба». Ці ў Казахстане працуе, ці на Алтаі. Прынамсі, са слоў Малгосі.
Прызнацца, у Рэма мільгала думка, што нястрыманую на язык Жэньку, якая не зносіла найменшай несправядлівасці, маглі – вядома, па памылцы – арыштаваць… Урэшце, зараз столькі ўрачоў-шкоднікаў выкрываюць, атручвальнікаў! Яшчэ з сорак восьмага года пачалі казаць пра страшную змову наймітаў сусветнага сіянізму, якія забілі таварыша Жданава. У Малгосі на працы двух загадчыкаў аддзяленняў забралі. Але Жэнька ну ніяк не магла аказацца ворагам! Яны ж разам былі ў партызанах, яе ж фашысты катавалі… Але нават Жэньчына маці, якая адна засталася з сям’і, сухенькая, рана пасівелая бібліятэкарка, пра лёс дачкі маўчала, як камень, а пры згадцы пра зяця бялела і адварочвалася.
Корвуса Рэм за гэтыя гады хіба пару разоў бачыў. Гэта Малгося з былым настаўнікам па іхніх медыцынскіх справах сутыкалася, хваліла за кансультацыі па складаных выпадках з усялякімі неўротыкамі. А так ён быццам ад іхняй кампаніі хаваўся. Што зразумела. Як кажуць, срэбныя лыжкі знайшліся, а асадачак застаўся.
Абараніўшы сваю доктарскую, Люцыян Станіслававіч узначаліў нейкую сумнеўную лабараторыю… Вось пра яе лёс і прыйшоў гаварыць. У іх там ажно трох шкоднікаў арыштавалі. А Магістр заступацца лезе!
Пачатак размовы паміж Магістрам і маёрам быў цалкам добразычлівы. Паціснулі адзін аднаму рукі. Корвус усеўся, як на імянінах, у крэсла, у якім столькі ворагаў народу пераседзела, ператрэслася. Паперкі расклаў… І давай алей ліць. Пра тое, якімі важнымі справамі ў іхняй лабараторыі займаюцца. Пасля вайны надта шмат людзей з пашкоджанай псіхікай, з нервовымі захворваннямі. Таму даследаванні нервовай сістэмы, эксперыменты з жывёламі і лекавымі раслінамі, аднаўленне старажытных забытых рэцэптаў такія важныя! Толькі невукі могуць назваць гэта шарлатанствам…
Бяда ў мірную лабараторыю, дзе навукоўцы мучылі няшчасных пацукоў, прыйшла нечакана. Корвуса паслалі ў Маскву на якуюсь там канферэнцыю, і ён пазнаёміўся са знакамітай Вольгай Барысаўнай Лепяшынскай, паплечніцай самога Леніна і Крупскай, старой бальшавічкай і выбітной навукоўкай. Лепяшынская абвяргала клетачную тэорыю і лічыла, што жыццё спараджае нейкае «жывое рэчыва». Узнікае яно само па сабе, а з яго ўзнікаюць клеткі.
Што гэта было за рэчыва, удзельніца дзвюх рэвалюцый так і не растлумачыла, але атрымала за свае даследаванні Сталінскую прэмію.
Дэлегацыю навукоўцаў з усіх рэспублік павялі ў лабараторыю васьмідзесяцігадовай рэвалюцыянеркі. Экскурсія нагадвала блёкат. Дзве маладыя лабаранткі таўклі ў парцалянавых ступках насенне буракоў. Для чаго? А каб атрыманы пыл пасеяць. А калі ён узыдзе, гэта будзе доказ, што прарастаць можа і найменшая часцінка семя дзякуючы ўтрыманню «жывога рэчыва». Дачка Лепяшынскай, Вольга Панцеляймонаўна, з захапленнем распавяла гасцям, як яны даследуюць чарназём, узяты з-пад пазногцяў яе маці. Там жа таксама цуд-рэчыва ёсць! А яшчэ яно можа праявіцца, калі расцерці перламутравыя гузікі і ўвесці іх у арганізм жывёл…