Выбрать главу

Гэта быў нават не дылетантызм, а суворае сярэднявечча, калі трактат Picatrix раіў для выклікання сардэчнай схільнасці ўзяць дзве драхмы крыві белага сабакі і столькі ж яго мозгу, а таксама па чатыры драхмы мозгу аль-газелі і чалавечай крыві, а эпілептыка лячыць парашком з чалавечага чэрапа з сіропам марской цыбулі.

Беларускі дэлегат Люцыян Корвус якраз пра такія асацыяцыі і распавёў. Сівенькая Вольга Барысаўна міла ўсміхнулася, ад чаго астатнія госці збялелі і пачалі азірацца ў пошуку дзвярэй. І запыталася, якой навуковай тэмай і дзе займаецца шаноўны крытык. Ён, дарэчы, упэўнены, што ў ягоных занятках нічога няма ад прафанацыі і сярэднявечча? А як у яго з партыйнай лініяй? Яна асабіста гэта ўдакладніць.

Начальнік дэлегацыі, мажны дзядзька з Міністэрства аховы здароўя, выштурхнуў Корвуса за дзверы, як вадавоза з губернатарскага балю, і ў калідоры параіў шэптам сушыць сухары.

А па вяртанні ў Мінск пачалося. Якія-такія нервы, таварышы? Якія псіхозы? Савецкі чалавек, загартаваны ў пераможных бойках, вам не істэрычная паненка! А ці не прытулак тут шкоднікаў-касмапалітаў? Ды вы дакладна «антыпаўлаўцы»!

У выніку лепшых спецыялістаў арыштавалі ні за што. Лабараторыю расфармоўваюць. Корвуса адпраўляюць на Палессе, таксама ў лабараторыю, але ўжо не навуковую, а тую, куды савецкія грамадзяне па накіраванні ўрача свае «жывыя рэчывы» здаюць у бутэлечках ды карабках ад запалак. Нічога, што ён спецыялізуецца ў іншай галіне. Таварыш кандыдат медыцынскіх навук сам увесь час гаварыў пра сумежжа спецыяльнасцей, шырокі профіль, сінтэз псіхіятрыі і неўралогіі, біялогіі ды медыцыны. Вось хай і папрацуе сярод народа са сваім шырокім профілем.

Бачыць ганарысты нос Корвуса вечна схіленым над чужым г…ном – гэта хтось з выдумкай падышоў да помсты. Рэм не адмовіўся б паназіраць.

Рыгор спачувальна ківаў… Пакуль Корвус, пільна ўгледзеўшыся сваімі светлымі, як лядзяш, вачыма ў ягоныя, пачырванелыя ад стомы, не прамовіў:

– Вам таксама патрэбная дапамога спецыяліста, таварыш Самусь. Я якраз працую над метадам, як купіраваць наступствы кантузіі… Наткнуўся на адзін яшчэ сярэднявечны рэцэпт, удасканаліў. У вас праблемы з памяццю, ці не так? Галава баліць? Нематываваныя прыступы агрэсіі бываюць?

Твар Самуся пачырванеў. Рыгор абедзвюма рукамі ўпёрся ў край стала, набычыўся.

– З памяццю ў мяне ўсё добра. Вось ты стаіш і глядзіш, як мне па галаве далі. Жэньку вывалак на пакуты. Моцна трымаеш. Каб не ўцякла.

Магістр уздрыгнуў і апусціў галаву з рана пасівелымі скронямі, яго плечы вінавата абсунуліся. Самусь перавёў позірк на Рэма:

– Старшына Цвічок, выйсці з кабінета!

Голас глухі, з нейкім змяіным прысвістам… Быццам і не Рыгорка гаворыць.

Рэм паслухмяна ўзяў пад казырок. Камандзір з былога камсорга атрымаўся добры, не аслухаешся.

Цвічок ведаў, што зараз успомнілася Рыгору. Такое не забудзеш.

…Іх трое, маладых падрыўнікоў, з лесу. Стаяць на каленях у снезе, абяззброеныя, са звязанымі рукамі. Нарваліся на засаду ў хаце на ўскрайку Старавежска, дзе мусіў быць надзейны прытулак і чакаў сувязны. Нямецкі афіцэр аддае загад, і здраднік у чорным паліто і фацэтным капелюшы прыводзіць танклявую дзяўчыну ў адной падранай, заляпанай сукенцы, з доўгай рудой касою… І таксама змушае стаць на калені! Проста ў брудны снег! Учэпістыя пальцы нягодніка моцна сціскаюць дзявочы плячук… Нянавісць падымаецца хваляй… А Рыгор побач рвецца, штось крычыць… Яго б’юць па галаве прыкладам вінтоўкі, цячэ кроў, але Самусь працягвае, лежачы, лаяцца… А здраднік, які прывёў дзяўчыну, пра нешта гергеча з афіцэрам і па-ранейшаму не адпускае плячо дзяўчыны – нібыта крумкач ухапіў кволае птушаня… Чамусь менавіта гэта запамінаецца – уладныя пальцы, як кіпцюры крумкача, пад імі змінаецца тканіна такой знаёмай сукенкі ў сінія кветачкі, у якой уладальніца кружылася ў вальсе на школьных танцах…

Потым Жэнька – яна, сувязная, чакала іх у хаце – патлумачыць, афіцэр западозрыў у ёй габрэйку. Як толькі ўгледзеў, нелюдзь? Хадзілі чуткі, што бацька Жэнькі, якога ніхто ў Старавежску не бачыў – яны з Жэньчынай маці нібыта разам вучыліся на педфаку, – і праўда меў габрэйскую кроў. Але дачка ў любым выпадку да яго зусім не падобная, бо ўся ў маці. Таму Корвусу ўдалося пераканаць пачварын, што дзеўка – беларуска, вучыў яе ў школе, можа пацвердзіць.