На месцы палонніцу не прыстрэлілі, але афіцэр прыдумаў выдатны сродак разгаварыць савецкіх фанатычных недарасцей. І Корвус атрымаў загад: распрануць партызанку да сподняга… І пакуль яе змоўшчыкі-партызаны не скажуць, якое мелі заданне, дзе іх атрад – фройлейн давядзецца памерзнуць.
Корвус паспрачаўся, але потым загад выканаў. Абыякава, як аўтамат.
Гэта было невыносна: бачыць, як яна, прыгожая, быццам фея, дрыжыць у адной белай сподняй кашульцы, абдымаючы сябе тонкімі рукамі, як пераступае скалелымі нагамі ў бруднай калатушы… Як ворагі юрліва аглядаюць яе постаць, захоплена прыцмокваюць, груба жартуюць… А Корвус стаіць спакойна і глядзіць. Толькі пра нешта гергеча з фашысцкай навалаччу… Гергеча незадаволена. Неахвотнае «яволь»… А потым ён, Магістр, прывязвае былую вучаніцу да слупа агароджы. Старанна, моцна… У адной кашульцы на марозе. Навалач. А насупраць сядзяць, навязаныя, як шчанюкі да плота, яны…
Тады першы раз Рэм пабачыў, як Рыгор плача. Злымі, адчайнымі слязьмі, што вымывалі няроўныя дарожкі на твары, спрэс залітым крывёй. Не, гэта была не слабасць. Яны ўсе гатовыя былі памерці, але не здрадзіць.
Але памерці ім не далі. Той жа Корвус. Які напляваў на інструкцыі, што мусіць да апошняга, цаной любых ахвяраў падтрымліваць легенду, заставацца перакладнікам пры фашыстоўскім штабе. Прайсці любыя выпрабаванні – кшталту таго, што яму ўчынілі, узяўшы на карную аперацыю.
Ноч… Здрадлівае святло поўні… Мёртвыя ахоўнікі на снезе… Магістр мые, мые, выцірае снегам акрываўленыя рукі, а рукі трасуцца – чыстаплюй… Вяроўкі перарэзаныя, у руках зброя…
Жэньку Корвус амаль усю дарогу да лагера нёс на руках. На хаду расціраў, захутваў, нечым паіў з маленькіх бутэлечак… Цуд, але рукі-ногі не адмарозіла, толькі два пальцы на левай назе давялося потым адняць. Затое пнеўманія надарылася. Люцыян лячыў, стараўся, але поглядам сустракацца з вучаніцай пазбягаў.
Яны ўсе, і Жэнька таксама, разумелі, ён не мог паводзіць сябе іначай. Каб выявіў спачуванне да палонных, не меў бы магчымасці ім пасля дапамагчы. Але зараз Рыгор успамінаў менавіта той момант, які засеў у галаве. Здраднік Корвус ставіць на калені ў снег іх сяброўку…
Рэм дайшоў да канца калідора, калі пачуўся глухі ўскрык і грукат. Ці не ў кабінеце Самуся? Заазіраўся, мо вярнуцца, але службовец, які ішоў следам, строга кінуў:
– Ідзіце, ідзіце, таварыш старшына. Тут нельга затрымлівацца. Чакаць можна толькі ўнізе. Спатрэбіцеся – выклічуць.
І Рэм цярпліва чакаў на першым паверсе, ля бюро прапускоў. Пакуль не прыбегла Малгося. З такім тварам, быццам зноў пачалася вайна.
– Рыгор мне ў шпіталь патэлефанаваў. Здаецца, бяда…
Яны доўга стукаліся, пакуль Самусь не адчыніў дзверы. А Бо-жа… Увесь у крыві, каўнер гімнасцёркі расшпілены… Далоньмі выцірае твар, размазваючы чырвоныя пісягі…
А Малгося кінулася на калені ля стала… Люцыян Станіслававіч Корвус, які гадзіну таму прыйшоў сюды ў дыяганалевым касцюмчыку пры гальштуку, у белай кашулі, з акуратным партфельчыкам, з засяроджана-важнай інтэлігенцкай фізіяноміяй, і чалавек, які ляжаў у лужыне крыві на падлозе кабінета начальніка аддзела барацьбы з сабатажам, былі падобныя, як кошык яблыкаў і звараны з іх кампот.
– Я ж казала… Табе трэба пралячыцца… – у адчаі мармытала Малгося, аглядаючы непрытомнага Магістра, але звяртаючыся да гаспадара кабінета. Ды яшчэ страшней было глядзець на гэтага гаспадара. Той стаяў, шырока расставіўшы ногі, сціснуў кулакі, напружыўся, ажно жылы набухлі на шыі, нібыта ў смяротнай сутычцы з нябачным дужым супернікам. Прасіпеў:
– Неадкладна забірайце Корвуса… А то зноў у мяне пачнецца. Не стрымаюся. Заб’ю… Аформяць арышт заднім чыслом, і ўсё… На яго ж справы заведзеныя – вагон можна паперамі загрузіць.
Матлянуў галавою, зарычэў. Рэму здавалася, ён бачыць, як штосьці цёмнае, бязлітаснае б’ецца знутры ў грудную клетку маёра. Яны дзецьмі назіралі, як з яшчэ жывога вусеня вылупляюцца маленькія лічынкі асы-наезніка, прагрызаюць знутры млявую зялёную плоць… Ненатуральнае, агіднае да ванітаў відовішча – як цяпер…
– Забірайце Магістра! – зноў рыкнуў Рыгор. – Вось прапускі… Паперка з паўнамоцтвамі… Можаце машыну ўзяць… Галоўнае, не гаварыце мне, дзе яго схаваеце! Бо пасля… – голас Самуся знізіўся да шэпту. – Пасля я буду яго шукаць, каб арыштаваць і дабіць. Гада… Падлюку…
Апошнія словы гаварыў ужо не Рыгор, а той звер, які ў ім узгадаваўся. І Рэм, ужо не саромеючыся свайго страху перад найлепшым сябрам, схапіў Магістра пад пахі…
Вось так яны і апынуліся ў гэтым грузавіку. Які відавочна зведаў франтавыя дарогі, вунь на дошках сляды асколкаў. Цямнее. Туман згушчаецца, дробныя кроплі вісяць у паветры, ліпнуць на твар вільготным павуціннем. Сосны змяніліся чорнымі ў прыцемку елкамі. Быццам сцяна крэпасці, з-за якой паказваюцца шаломы, дзіды, мячы абаронцаў.