Выбрать главу

Былы флейтыст доўга ў акадэміі не пратрымаўся. Мусіць, курса з другога перайшоў на айцішныя тэхналогіі ў другі інстытут. Хаця маляваў цікава. Графічка такая сюрэалістычная чорнай тушшу, цмокі, эльфы – хоць зараз у раздзел арту на маім сайце.

Некалькі год я анічога пра заікастага Саламярэцкага не чула. Ажно да абароны дыплома – яна ў нас была ў музеі сучаснага мастацтва. І калі я ціха ікала ад хвалявання – дыплом мой быў на тэму «Промапрадукцыя Мінскага трактарнага завода», я абыграла вобраз трактара-супермена і баялася, што выкладчыкі не ацэняць сцёбу… Адгадайце, хто падаў мне каву-латэ, прынесеную з суседняй кавярні?

У адрозненне ад мяне, Мацей хутка зрабіўся знакамітасцю ў сваіх прафесійных колах. Далучыўся да стварэння папулярнай кампутарнай гульні са смешнымі круглымі монстрыкамі, павыйграваў нейкія прэстыжныя конкурсы… Урэшце, і мяне дабіўся. Ну, дазволіла ж я яму ўвайсці ў маё жыццё, выцягнуць з дэпрэсіі… Праўда, ягонае мармытанне пра замежныя перспектывы толькі раздражняла: ён там будзе геніяльнічаць пры якім Білу Гейцу, а мне што рабіць? Посуд мыць у Макдональдсе? А на ролю хатняй гаспадыні я не падпішуся нават пры наяўнасці роты прыслугі. Маім мужам Салому не быць, я сказала.

Мой расповед пра сённяшнія падзеі развесяліў Мацея прыкладна як Гамлета – з’яўленне прывіду ягонага бацькі.

– Д-дык т-ты збіраешся яго шукаць? Т-таго каламутнага Корвуса?

Ажно сківіцы сціскае і заікаецца… І не падумаў запэўніваць – «Падалося табе, Ірынка, папі валяр’янкі». Адчуў, што Адысей падплывае да Ітакі і трэба вызваляць нагрэтае месца на ложку Пенелопы дзеля законнага сужэнца.

– Паслухай, Салома, я табе нічога не абяцала, – я адсунула талерку з недаедзенай рыбай. – Мы ж дамаўляліся… Не будзем ускладняць.

Мацей глыбока ўздыхнуў, бы апошнім паветрам, і з сілай правёў абедзвюма далонямі па твары, нібыта спадзяваўся сцерці рысы, якія не выклікалі ў мяне палкага пачуцця, і набыць іншае, больш прывабнае ў маіх вачах аблічча.

– П-прабач, забыўся пра нашу… канвенцыю. Мір, дружба, сэкс. І ўсё ч-часова, як нумар у гатэлі.

На імгненне зрабілася сорамна ад горычы, што гучала ў ягоным голасе. Але ў наступнае імгненне я раззлавалася. Дакараць, што цябе не кахаюць, – усё роўна што сцябаць вецер. Хопіць, што мне маці мазгі вынесла, калі ж мілы Мацейка са мной ажэніцца, нібыта ўсё залежала ад яго жадання. Але Салома, відаць, і сам зразумеў недарэчнасць прэтэнзій і іранічна ўсміхнуўся – найлепшы сродак хаваць крыўду.

– Ну што, Холмс, паехалі лавіць сабаку Баскервіляў ля Грымпенскай… пардон, Мар’інагорскай дрыгвы? Цябе пакінь – зноў наламаеш трыснягу.

Гэта ён намякаў на маю першую спробу забыцца на Корвуса – раман з адным байкерам. Раман скончыўся тым, што я ўцякла ад з выгляду брутальнага (гара цягліцаў, татухі, касухі), а на справе страшэнна зануднага меланхалічнага каханка на ягоным жа байку. Які праз дзесяць хвіль уцёкаў па няўменні загнала ў балота, зарослае сухім трыснягом. Патлумачыць тое, што байкер мяне не прыбіў, калі дабег да таго балота, магу толькі ягоным захапленнем будызмам і філасофскім раманам Роберта Пірсінга «Дзэн і мастацтва догляду за матацыклам».

– Мушу канстатаваць, Ірына Максімаўна, што ў нашых адносінах прасочваецца глабальная дысгармонія, – толькі і змог прасіпець небарака, шалёнымі вачыма ўтаропіўшыся на жалезнага дрыкганта, які адчайна задзіраў руль угару з твані.

Байкер нават моўчкі давёз мяне, зарумзаную, у панцыры з падсохлай гразі, да горада на выратаваным з дрыгвы байку.

Харошы быў чалавек у прынцыпе. Толькі надта павучаць любіў ды аналізаваць чужую карму.

Тады я змагла сабе прызнацца. Мне патрэбны толькі Корвус. Крумкач, чорны птах смерці.

Добра, што заўтра субота і можна не адкладаць росшукі. Тут жа патэлефанавала цётачцы Віталя – шчасце, што стары нататнік з нумарамі не згубіўся, дамовілася на візіт. Цётачка гаварыла праз зубы, але прыехаць заахвоціла. Маўляў, даўно трэба было спраўдзіць волю зніклага. Салома ўгаворваў пачакаць, пакуль машыну з рамонту забярэ, але я толькі паціснула плячыма: не хочаш – не едзь, мне і грамадскі транспарт падыдзе. І ўвогуле, гэтай ноччу хачу адна пабыць.

Калі Мацей пасунуўся дахаты, я залезла на свой сайт. Ага, падазроны аўтар у сеціве. Я папрасіла Ублюдка ўдакладніць біяграфічныя звесткі. Запоўніць урэшце анкету, а то не выстаўлю ягоны тэкст.

Вядома, нараніцу менавіта Салома пабудзіў мяне, каб выправіцца, як запланавалі. З’явіўся хвіля ў хвілечку, бы піянер на ранішнюю лінейку. Праўда, не ў чырвоным гальштуку і шортах, а ў байцы з чорным капюшонам, падобным да манаскага клабука. Змрочны, нявыспаны, нібыта схуднелы за адну ноч. Ледзь плячом усе малюнкі ў вітальні са сцяны не змахнуў, хоць раней такой няўклюднасці за ім не заўважалася. У мяне ж усе сцены завешаныя акварэлькамі, керамічнымі пано, батыкамі, фотаздымкамі – іншага багацця ў хрушчоўцы няма. Затое атмасферненька. А што? Кажуць, Ігар Севяранін завешваў сцены сваёй жабрацкай кватэры букецікамі і паштоўкамі, атрыманымі калісь ад прыхільніц. Уявіце сабе… Рэвалюцыя. Усім начхаць на ягоныя «ананасы ў шампанскім» і славу выкшталцонага дэндзі. І сам ён – пастарэлы, у пацёртым аксамітным пінжаку і ні разу не арыстакрат. Букецікі пажоўклі, асыпаюцца, але дапамагаюць захаваць Пачуццё Уласнай Значнасці. Вось і я – гляджу на псіхадэлічныя малюначкі, што натхнёна малявала па начах у студэнцкім юнацтве, і забываюся на кабінет над станцыяй метро і транспартную газетку з чыноўніцкімі пысамі. І здаецца, усё яшчэ будзе. Персанальныя выставы, вялікія карціны, гучныя перформансы. Белы Трактарыст прыедзе і забярэ мяне з саркафагу…